Расія рыхтуе новы наступ на Пакроўск і чарговую «прыхаваную мабілізацыю» сярод моладзі

Размовы Пуціна з Кітаем — не моц, а слабасць, лічыць міністр абароны Вялікабрытаніі. У той жа час Пуцін не збіраецца спыняць вайну, падцягвае вайсковую групоўку да Пакроўска і рыхтуецца да чарговай «схаванай мабілізацыі». Ідуць 1289-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

541784328_1130890172557393_8178911980292516091_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 180 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 4 верасня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 55 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Шахавага, Запаведнага, Фёдараўкі, Новаэканамічнага, Міралюбіўкі, Лісоўкі, Котліна, Удачнага, Арэхавага і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 41 раз, спрабуючы прарвацца каля Новаміхайлаўкі, Рэдкадубу, Карпаўкі, Калодзежаў, Торскага, Серабранянкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку расіяне здзейснілі 18 атак у раёнах Ялты, Зялёнага Гаю, Талстога, Васкрасенкі, Камышувахі і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ спынілі 11 атак арміі РФ ў раёне Ваўчанска і ў бок Куцькаўкі.

На Тарэцкім кірунку расійцы здзейснілі 10 атак у раёнах Дыліеўкі, Шчарбініўкі, Кацярынаўкі.

* * *

Аналітыкі праекта DeepState пракаментавалі «сцяг-шоў» у Купянску Харкаўскай вобласці і спробы расійцаў пранікнуць у горад. У сераду расійцы апублікавалі кадры, на якіх дэманстравалі нібыта наяўнасць свайго сцяга ў розных кутках Купянска.

«Паказуха з анучамі (сцягамі РФ) адбылася пераважна ў кропках, якія знаходзяцца ў "шэрай зоне". 10-ты корпус пазней паказаў кадры паражэнняў некаторых расійцаў на паўночных ўскраінах горада ў шэрай зоне, але рабіць высновы аб поўным знішчэнні ворага даволі рана», — адзначаюць у праекце.

DeepState адзначае, што наяўнасць суперніка на паўночных ўскраінах Купянска не з'яўляецца навіной, а доўгая наяўнасць «шэрай зоны» з'яўляецца дэманстрацыяй гэтага. Таксама адзначаецца, што расійцы ўвесь час робяць спробы пранікнення ў горад і спрабуюць замацавацца хоць бы на ўскраінах, каб павялічыць сваю колькасную прысутнасць для далейшага прасоўвання.

«Байцы Сіл абароны, вядома, імкнуцца памнажаць гэтыя спробы на нуль, але перавага ворага ў пяхоце адбіваецца. Каб павялічыць шанец замацавання ў горадзе, праціўнік спрабуе завалодаць навакольнай мясцовасцю, таму ідуць баі, у прыватнасці, за населены пункт Міравое (старая назва Мірнае), які, як і Радзькоўка, павінен стаць месцам назапашвання пяхоты», — адзначаюць аналітыкі.

Паводле звестак DeepState, расійскія войскі спрабуюць пранікнуць у горад і павялічыць сваю прысутнасць, пераапрануўшыся ў цывільнае адзенне: «Цяпер робяцца актыўныя спробы штурмавых дзеянняў групамі пяхоты, якія сваімі намаганнямі спрабуюць спыніць украінскія вайскоўцы».

* * *

У пракрамлёўскіх медыя з'явілася інфармацыя пра планы стварэння ў Расіі так званых «войскаў геймераў». Насамрэч гаворка ідзе пра ўтоеную мабілізацыю, піша Цэнтр процідзеяння дэзінфармацыі (ЦПД) Украіны.

Паводле інфармацыі расійскіх прапагандыстаў, «аматары шутэраў» нібыта здольныя хутчэй асвоіць кіраванне дронам — за 10 гадзін супраць 40 у звычайных навабранцаў.

«Такая рыторыка накіравана на прыхаваную мабілізацыю моладзі і эканомію на рэальнай падрыхтоўцы. У спрошчаных курсах аператараў БпЛА і «кібервойскаў» гульнявыя навыкі выдаюць за паўнавартасны баявы вопыт. Расія падмяняе працяглую вайсковую падрыхтоўку ілюзіяй "гульнявых скілаў", што не адпавядае рэаліям вайны. Такія падыходы пагражаюць высокімі стратамі сярод мабілізаваных і ўзмацняюць мілітарызацыю грамадства», — адзначаюць у ЦПД.

* * *

Расійскія войскі ўначы ўдарылі па Адэсе дронамі. У выніку ўспыхнула складское памяшканне. Больш за 40 пажарных ад ДСНС, пажарнага падраздзялення Нацгвардыі і добраахвотнікаў аператыўна лакалізавалі і ліквідавалі ўзгаранне. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.

* * * 

542756403_1131113482535062_6486550526326046749_n.jpg

* * *

Калі б Украіна пайшла на тэрытарыяльныя саступкі, гэта прывяло б толькі да таго, што Расія выкарыстоўвае захопленыя тэрыторыі як плацдарм для нападу на Еўропу. Пра гэта  сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю французскаму выданню Le Point.

«Некаторыя СМІ сцвярджаюць, што калі ўкраінскія салдаты сыдуць з усходніх рэгіёнаў нашай краіны, там адновіцца мір. Але гэта няпраўда. Пуцін захапіў Крым, каб выкарыстоўваць яго як плацдарм для атачэння поўдня. У 2014 годзе ён захапіў частку усходу нашай краіны, каб выкарыстоўваць яго як плацдарм для поўнай акупацыі гэтых рэгіёнаў. Калі заўтра мы нейкім чынам сыйдзем з Данбаса, — чаго не здарыцца, — мы адкрыем Пуціну неабароненую прастору побач з паўтарамільённым горадам Харкаў. Ён таксама захапіў бы прамысловы цэнтр Дняпра. Гэта адкрыла б для яго новыя магчымасці», — сказаў Зяленскі.

Ён дадаў, што еўрапейцам варта думаць у іншым маштабе, і ўявіць, што было б, калі б у Пуціна атрымаўся яго першапачатковы план — захапіць усю Украіну.

«Калі б Пуціну ўдалося захапіць усю нашу краіну, ён выкарыстаў бы яе гэтак жа, як плацдарм. Ці будзе ён гэта рабіць, ці не, будзе залежыць ад таго, наколькі моцная Еўропа. Калі Еўропа моцная, ён, верагодна, нічога не зробіць, але калі яна слабая, то пацерпіць ад дзеянняў Расіі», — растлумачыў Зяленскі.

Ён адзначыў, што менавіта ад лёсу Украіны будзе залежаць, наколькі вайна закране Еўропу і дзе будзе праходзіць яе ўсходняя мяжа. «Калі Украіна не вытрывае, гэтая мяжа будзе ў Польшчы ці нават Германіі. Калісьці Еўропа была падзелена такім чынам. Усходняя мяжа Заходняй Германіі была мяжой заходняга свету», — дадаў ён.

Зяленскі падкрэсліў, што сёння ўсё залежыць ад таго, наколькі далёка дадуць волю расійскім амбіцыям.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з журналістамі ў Белым доме заявіў, што не мае ніякага новага паслання для расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і чакае яго рашэння па вайне ва Украіне.

«У мяне няма паслання прэзідэнту Пуціну. Ён ведае маё стаўленне. Ён павінен прыняць рашэнне. Я буду альбо задаволены, альбо не. Калі не — вы ўбачыце, што адбудзецца», — сказаў Трамп.

Паводле яго, Расія ўжо страціла «сотні мільярдаў долараў» праз другасныя санкцыі, накладзеныя на Індыю за тое, што яна купляе расійскую нафту.

Таксама амерыканскі лідар распавёў, што ён ужо вельмі хутка пагаворыць з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і «будзе прыкладна ведаць, што збіраецца рабіць».

* * *

Замарозка баявых дзеянняў па лініі фронту разглядаецца як адзін са сцэнарыяў завяршэння вайны ва Украіне, заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Міхаіл Падаляк у інтэрв'ю для Навіны.LIVE.

Яго спыталі, праўдзівая ці інфармацыя, што Украіна гатовая замарозіць сітуацыю па цяперашняй лініі фронту, на што Падаляк адказаў наступнае:

«Калі казаць рэалістычна, так. Адзін з магчымых сцэнарыяў — замарозка па лініі фронту. І прэзідэнт пра гэта кажа. Але я думаю, што рашэнне аб фінале, аб сцэнары, які будзе фінальным, будзе прымаць прэзідэнт», — сказаў дарадца кіраўніка ОП.

Ён дадаў, што цяпер ідуць кансультацыі на ўзроўні прэзідэнта Украіны і лідараў Еўропы. У прыватнасці, ёсць дакладнае бачанне і разуменне рызык, якія далей будзе прадстаўляць Расія.

* * *

Еўрапейскія лідары выказваюць занепакоенасць тым, што Расія рыхтуе новы наступ супраць Украіны. Пра гэта яны казалі падчас сустрэчы з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, абмяркоўваючы гарантыі бяспекі, піша Bloomberg.

На пасяджэнні Рады бяспекі ў Тулоне на мінулым тыдні нямецкія і французскія чыноўнікі абмяркоўвалі навалу расійскіх войскаў каля Пакроўска ў Данецкай вобласці. Са слоў крыніц, Расія перакінула туды буйныя сілы.

Зяленскі заявіў у пятніцу, што Расія засяродзіла блізу 100 тысяч жаўнераў на лініі фронту каля горада. Крэмль спрабуе акружыць і захапіць Пакроўск больш за год, але беспаспяхова. Захоп гэтага горада адкрыў бы Расіі шлях для атакі на Краматорск і Славянск.

Знясільваючая летняя наступальная кампанія Расіі не прынесла Крамлю значных тэрытарыяльных набыткаў. Расійскія войскі прасоўваліся павольна, захапіўшы за травень-жнівень 2033 квадратных кіламетра, што складае 0,3% ад агульнай плошчы Украіны, адзначае выданне.

* * *

Шматгадовая поўнамаштабная вайна супраць Украіны значна знясіліла магчымасці расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Кіеве міністр абароны Вялікабрытаніі Джон Хілі.

Ён адзначыў, што Паўночная Карэя дае Расіі жаўнераў, а Кітай перадае свае тэхналогіі і важныя кампаненты. Гэта сведчыць, што Пуцін моліць іншых аб дапамозе.

«Гэта кажа мне, што Пуцін любіць дэманстраваць сваю сілу, але ён слабейшы, чым калі-небудзь», — падкрэсліў Хілі.

«Гэта была вайна, якую ён думаў выйграць за тры дні, але ён да гэтага часу яе вядзе дзякуючы мужнасці ўкраінцаў — праз тры з паловай гады», — адзначыў брытанскі міністр.