Палітвязень Яўген Батура паехаў на «хімію»
Адбываць пакаранне — 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — ён будзе ў Магілёве.
Судовая калегія Мінгарсуда 13 студзеня разгледзела апеляцыйную скаргу Яўгена Батуры і пакінула прысуд у сіле. Аргументамі для змякчэння пакарання не стала тое, што ў палітвязня нядаўна нарадзілася дзіця і ён з'яўляецца адзіным кармільцам у сям'і, а таксама тое, што ў афіцыйным тэлеграм-канале МУС дзень, калі Батура ўдзельнічаў у маршы, быў названы самым спакойным.
Нагадаем, 30 верасня мінулага года ў Цэнтральным судзе Мінска суддзя Вікторыя Шабуня пакарала Яўгена Батуру двума гадамі «хіміі» з накіраваннем. Палітвязня абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Падставай стаў удзел у маршы МТЗ 14 жніўня 2020 года.
Яўген Батура віну прызнаў часткова, а ў апошнім слове прасіў пры вынясенні пакарання ўлічыць асабістую сітуацыю: на той момант яго жонка была цяжарнай, а ў бацькі выявілі анкалагічнае захворванне. Тым не менш, суддзя ў прысудзе агучыла роўна той тэрмін, які запрошвала дзяржаўная абвінаваўца.
З улікам трох месяцаў, якія палітвязень адседзеў у СІЗА, у папраўчай установе адкрытага тыпу яму застанецца правесці 1,5 года.
Яўген Батура — інжынер, які адпрацаваў 23 гады на адным з вядучых прадпрыемстваў, але перад новым 2022 годам быў звольнены за сваю грамадзянскую пазіцыю. Яго неаднаразова затрымлівалі і судзілі па адміністрацыйных справах.
Раніцай 29 чэрвеня мінулага года ў дом да Яўгена Батуры прыйшлі з ператрусам сілавікі. Самога Яўгена затрымалі спачатку на 10 сутак і адвезлі на Акрэсціна. Сваякам сказалі, што падставай для затрымання сталі падзеі 2020 года.
Адрас для лістоў: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 43. 212003, г. Магілёў, вул. Чалюскінцаў, 76А. Яўгену Анатольевічу Батуру.