Фрыдрых Мерц: У Пуціна няма падстаў для спынення агню, трэба гэтыя падставы стварыць
Дональд Трамп зноў расчараваны Уладзімірам Пуціным, але пры гэтым думае, што рабіць: нягледзячы на тое, што даўно абяцаў санкцыі. У той жа час калега Трампа з Германіі, Фрыдрых Мерц мяркуе, што толькі ціск і непрыемнасці змусяць Пуціна пайсці на мірныя перамовы. А тым часам Украіна працягвае распрацоўваць уласную эфектыўную зброю. Ідуць 1288-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

За мінулыя суткі на франтах Украіны зафіксавана 166 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 3 верасня.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 39 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Маяку, Новага Шахавага, Вольнага, Дачнага, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Мірнаграду, Лісоўкі, Удачнага, Уладзіміраўкі, , Радзінскага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 28 атак у раёнах Іваніўкі, Новахацкага, Андрэеўка-Клеўцовага, Аляксандраграду, Січневага, Шаўчэнка і іншых.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 18 разоў каля Грэкаўкі, Карпаўкі, Калодзежаў, Торскага, Дубровы і ў бок Дронаўкі і Драбышава.
На Сіверскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 17 атак каля Грыгораўкі, Выемкі, Серабранкі і Фёдараўкі.
На Купянскім кірунку адбылося 12 атак расійцаў каля Купянску, Пятропаўлаўкі і ў бок Маначынаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку УСУ спынілі 10 атак расійцаў у раёнах Краснага Першага і Ваўчанску.
* * *
З вечара 2 верасня расійскія войскі нанеслі камбінаваны ўдар па тэрыторыі Украіны з ужываннем 502 БпЛА, а таксама 24 ракет паветранага і марскога базавання, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.
Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 451 паветраная мэта: 430 БПЛА тыпу Shahed і дронаў іншых тыпаў; 14 крылатых ракет Калібр; 7 крылатых ракет Х-101. Пад ударам была Заходняя Украіна, Кіеўская, Кіраваградская вобласці і іншыя рэгіёны.
У Луцку была серыя выбухаў, у выніку атакі ёсць пашкоджанні грамадзянскіх аб'ектаў, абышлося без пацярпелых.
На працягу ночы і раніцай расійцы здзейснілі абстрэл Хмяльніцкага. У выніку атакі ёсць пашкоджанні, інфармацыі аб пацярпелых або загінулых не было.
Кіраўніца Івана-Франкоўскай вобласці Святлана Анішчук праінфармавала, што мэтай у вобласці стаў аб'ект інфраструктуры. У выніку атакі ўзнік пажар, пацярпелых няма.
Масіраванай атацы дронамі падвергнулася Кіеўская вобласць, пад ударам быў Вышгарад. Па словах кіраўніка Кіеўскай АВА Мікалая Калашніка, абышлося без пацярпелых.
У Кіраваградскай вобласці пад атаку трапіла Знаменская грамада. У выніку траплення дронаў траўмаваныя 5 чалавек, пашкоджаныя 28 дамоў, адзін — разбураны
Таксама кіраўнік АВА Андрэй Райковіч пісаў, што пад атакай былі аб'екты «Укрзалізніцы». Пасля атаку пацвердзіла сама кампанія, заявіла аб 4 пацярпелых чыгуначніках і затрымцы больш за 20 рэйсаў.
Львоў, па словах мэра Андрэя Садовага, ноччу атакавалі каля 15 беспілотнікаў. Пацярпелых у горадзе няма.
Кіраўнік Чарнігаўскай вобласці Вячаслаў Чавус распавёў, што вораг трапіў беспілотнікамі ў аб'ект грамадзянскай крытычнай інфраструктуры. Праз гэта без электрычнасці засталіся больш за 30 тысяч хатніх гаспадарак у Нежынскім раёне.
* * *

* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у інтэрв'ю CNN, што «вельмі расчараваны» расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным, які дагэтуль не пагадзіўся на сустрэчу з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, а толькі ўзмацніў атакі па Украіне.
«Я вельмі расчараваны ў ім. Мы з ім заўсёды мелі выдатныя стасункі. Я вельмі расчараваны. Тысячы людзей гінуць. Гэта не амерыканцы гінуць, а рускія і ўкраінцы. І іх тысячы. І гэта вайна, якая не мае сэнсу», — сказаў Трамп.
Аднак ён заявіў, што будзе працягваць міратворчыя намаганні. «Мы будзем рабіць нешта, каб дапамагчы людзям жыць. Гэта не пытанне Украіны. Гэта дапамагае людзям жыць. Кожны тыдзень гіне 7000 чалавек, у асноўным салдаты. Калі я магу дапамагчы гэта прадухіліць, то лічу, што маю абавязак гэта зрабіць», — дадаў прэзідэнт ЗША.
* * *
На брыфінгу ў Белым доме прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што даведаўся «цікавыя рэчы» пра вайну Расіі супраць Украіны. Ён паабяцаў апублікаваць іх у бліжэйшы час. «Я даведаўся рэчы, якія будуць вельмі цікавымі. Вы даведаецеся пра іх у бліжэйшыя некалькі дзён», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Трампа таксама спыталі пра тое, якімі могуць быць наступствы, калі не будзе найбліжэйшым часам абвешчана аб сустрэчы Пуціна і Зяленскага.
«У мяне была насамрэч вельмі добрая сустрэча з Пуціным пару тыдняў таму. Паглядзім, што-небудзь з гэтага атрымаецца. Калі не, мы зоймем іншую пазіцыю», — заявіў амерыканскі лідар.
* * *
УСУ ўсё часцей атакуюць расійскую тэхніку і інфраструктуру з дапамогай тэхналогіі роя дронаў, заснаванай на штучным інтэлекце. Яна дазваляе беспілотнікам аўтаномна каардынаваць атакі без наўпроставага кіравання аператарам, піша The Wall Street Journal.
Украінская кампанія Swarmer распрацавала праграмнае забеспячэнне, з дапамогай якога дроны здольныя самастойна вызначаць парадак удару, адаптавацца да зменаў і выконваць задачы ў складзе групы. Гэтая тэхналогія з'яўляецца новым этапам у вайне дронаў, паколькі яна можа дазволіць адначасова запускаць дзясяткі ці тысячы апаратаў для прарыву абароны варожай мэты — ад асобнага аб'екта да горада.
У якасці прыкладу выданне прыводзіць нядаўнюю начную аперацыю, якая ўключала тры дроны, якія самастойна вырашалі, калі атакаваць расійскую пазіцыю. Па словах Сяргея Купрыенкі, генеральнага дырэктара Swarmer, у пачатку задання аператар перадае ў сістэму дронаў зону пошуку мэты і дае каманду атакаваць яе пасля выяўлення. Далей беспілотнікі ўсё выконваюць самастойна: адзін праводзіць разведку, знаходзіць мэту і пракладае да яе маршрут. Іншыя дроны затым атакуюць яе, самастойна вызначаючы момант скіду боепрыпасаў. Адзначаецца, што атаку выконваюць вялікія квадракоптэры, здольныя скінуць 25 невялікіх бомбаў або гранат уздоўж лініі траншэі.
Праграмнае забеспячэнне кампаніі дазваляе паменшыць колькасць задзейнічаных асоб: замест дзевяці аператараў у звычайным рэжыме, з сістэмай Swarmer дастаткова трох — планавальніка, навігатара і аператара.
Афіцэр УСУ, які выкарыстоўвае тэхналогію Swarmer, паведаміў, што яго падраздзяленне ўжывала яе больш за сто разоў. Звычайна выкарыстоўваюцца тры дроны, але іншыя падраздзяленні запускалі да васьмі апаратаў адначасова. Тэставанне праводзілася з групамі да 25 дронаў. Swarmer таксама рыхтуецца да выпрабавання роя са 100 беспілотнікаў.
Аднак існуюць і мінусы гэтай тэхналогіі, адзначае WSJ. У прыватнасці, выклікае асцярогі, што аўтаматызаваныя сістэмы, якія прымаюць рашэнні, могуць не адрозніць вайскоўцаў ад грамадзянскага насельніцтва.
* * *
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц у інтэрв'ю нямецкаму тэлеканалу Sat.1 заявіў, што цяпер у кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна няма падстаў для спынення вайны або заключэння мірнага пагаднення з Украінай.
У размове з журналістамі Мерц заявіў, што не мае ніякіх падстаў давяраць расійскаму дыктатару. Паводле яго, Пуцін будзе гатовы да перамоваў толькі тады, калі гэта будзе адказваць ягоным уласным інтарэсам.
«Цяпер, на яго (Пуціна) думку, працяг вайны яму выгадны. Ён заваёўвае тэрыторыі. Ён бачыць дыскусію, якую мы вядзем тут, у Еўропе, і якую вядзем у Амерыцы. Ён бачыць, як да яго звяртаецца амерыканскі прэзідэнт. Ён бачыць, як з ім стасуюцца іншыя кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў свету, я назаву толькі ключавое слова "Шанхайская канферэнцыя"», — сказаў Мерц.
Лідар Германіі адзначыў, што для змены пазіцыі Крамля неабходна стварыць умовы, якія прымусілі б Расію шукаць выхад з вайны. На яго думку, зрабіць гэта магчыма перш за ўсё праз знясіленне расійскай ваеннай эканомікі.
«У цяперашні час у яго (Пуціна) няма ніякіх падстаў для спынення агню або заключэння мірнага пагаднення. Мы павінны стварыць для гэтага падставы. З ваеннага пункту гледжання гэта будзе складана, але з эканамічнага — гэта магчыма. Трэба паклапаціцца пра тое, каб Расія не мела магчымасці падтрымліваць ваенную эканоміку», — заявіў Мерц.