Галгофа Юрыя Захаранкі
Былому міністру ўнутраных спраў Юрыю Мікалаевічу Захаранку 4 студзеня 2018 года споўнілася б 66 гадоў. Ён паверыў Лукашэнку, марыў пра прававую дзяржаву і перамогу над злачыннасцю, а яго загадкавае знікненне з’яўляецца адной з трагічных старонак найноўшай гісторыі Беларусі
Антыкарупцыянер
Імя Захаранкі ўпершыню прагучала на ўсю краіну 14 снежня 1993 года ў выніковым дакладзе дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання, старшыні часовай камісіі парламента па вывучэнні дзейнасці камерцыйных структур пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання Аляксандра Лукашэнкі. Будучы беларускі кіраўнік назваў Захаранку (разам з супрацоўнікамі МУС Мікалаем Карпіевічам, Юрыем Малумавым і Міхаілам Сазонавым) першым сярод тых, хто дапамагаў працы камісіі. Захаранка на той момант узначальваў Следчы камітэт МУС. Камітэт быў абсалютна новым органам, створаным у тым жа 1993 годзе. Прызначэнне кіраўніком такой структуры Захаранкі, якому споўніўся 41 год, сведчыла пра безумоўны прафесіяналізм апошняга. Пры дапамозе Захаранкі Лукашэнка меў магчымасць атрымліваць эксклюзіўную інфармацыю, якая была закладзена ў аснову даклада, што зрабіў моцны грамадскі рэзананс і рэзка павысіў папулярнасць будучага кіраўніка краіны.
Паміж заўсёды стрыманым Захаранкам і імпульсіўным Лукашэнкам усталяваліся не толькі працоўныя, але і сяброўскія адносіны. Маладому палкоўніку яўна імпанавала жаданне дэпутата-равесніка перамагчы карупцыю, злачыннасць, і адчыніць магчымасці для развіцця краіны.
Насуперак распаўсюджанай легендзе, Захаранка публічна не падтрымліваў Лукашэнку падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года. Такія заявы маглі б мець сур’ёзныя наступствы нават пры адносна добразычлівым прэм’ер-міністры Вячаславе Кебічы. Вядома, што праблемы на працы мелі Карпіевіч, Малумаў і Сазонаў, якія атрымалі дысцыплінарныя вымовы за тое, што працягвалі працаваць у камісіі Лукашэнкі, нягледзячы на загады тагачаснага міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Данько. Ва ўсялякім разе, публічных заяў Захаранкі ў падтрымку Лукашэнкі летам 1994 года не заўважана.
Калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам, то без ваганняў прапанаваў Захаранку ўзначаліць МУС.
На чале МУС
Паводле тагачаснай Канстытуцыі, кандыдатура на пасаду міністра ўнутраных спраў зацвярджалася са згоды Вярхоўнага Савета. На наступны дзень (21 ліпеня 1994 года) пасля афіцыйнай інаўгурацыі Лукашэнка з характэрным для яго імпэтам прадставіў народным абраннікам свайго вылучэнца: «Человек честный, порядочный, я через своих людей дошел до той деревеньки, где он родился, молодой способный человек».
Дэпутат Уладзімір Станкевіч (адначасова — кіраўнік Маладзечанскага РАУС), які раз-пораз спрачаўся з Лукашэнкам падчас парламенцкіх сесій, запытаў, чаму нельга пакінуць на пасадзе Уладзіміра Данько. Адказ Лукашэнкі быў такім: «Захаренко профессиональнее, я обещаю: если я проживу пять лет, Юрий Николаевич будет работать со мной пять лет».
У кароткім выступе перад дэпутатамі Юрый Захаранка канстатаваў «развал силовых структур» і заявіў, што «на переднем крае борьбы с преступностью находится только 20% личного состава органов внутренних дел». З 297 дэпутатаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні, 234 падтрымалі Захаранку. Супраць не выказаўся ніхто. Пра свайго пратэжэ Лукашэнка не забываўся. 5 жніўня 1994 года ён надаў Захаранку чарговае званне генерал-маёра ўнутранай службы, а праз тыдзень падпісаў указ пра прызначэнне службовых асоб МУС, сярод якіх першы намеснік міністра Валерый Ізотаў і намеснік міністра Сяргей Рухлядзеў лічыліся людзьмі Захаранкі.
З прафесійным імпэтам
Новы міністр актыўна ўзяўся за працу. Пра гэта сведчаць унікальныя архіўныя матэрыялы, на жаль, дагэтуль не ўведзеныя ў навуковы абарот («Документы о деятельности МВД и КГБ Республики Беларусь, 22 сентября 1994 г. — 20 сентября 1995 г.»), якія адклаліся ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Сярод іх ёсць дакладныя запіскі Захаранкі на імя старшыні Кабінета міністраў Міхаіла Чыгіра. Усе гэтыя запіскі (а іх налічвацца каля двух дзясяткаў) звязаныя з праграмай неадкладных захадаў па выхадзе з крызісу эканомікі Рэспублікі Беларусь (праграма была зацверджана Вярхоўным Саветам 30 верасня 1994 года).
Стыль запісак Захаранкі быў аднолькавы. Найперш міністр пералічваў, што зрабілі праваахоўныя органы за пэўны перыяд. У найбольш поўнай справаздачы ад 14 ліпеня 1995 года даецца цэласны малюнак дзейнасці МУС за шэсць месяцаў ад пачатку года. Як пісаў Захаранка, за паўгода было раскрыта 11,5 тыс. злачынстваў у сферы эканомікі, што на 1,8 тыс. больш чым летась. Да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты 6,7 тыс. асоб. Былі выяўленыя 442 выпадкі атрымання хабару. У гэтай справаздачы Захаранка адзначыў новы від злачыннасці — кампутарны, калі з разліковага рахунку Пінскага філіяла «Магнабанка» імкнуліся скрасці 1 млрд. 700 млн. рублёў.
Захаранку непакоіла такая праблема, як крытычная перапоўненасць месцаў пазбаўлення волі: калоній, турмаў, следчых ізалятараў, папраўча-працоўных устаноў, дзе пры ліміце на 40520 чалавек знаходзіліся больш за 50 тысяч затрыманых і асуджаных. У дакладной запісцы ад 23 лютага 1995 года Захаранка хадайнічае аб выдаткаванні 37 млрд рублёў з рэспубліканскага бюджэту для перапрафілявання ў месцы пазбаўлення волі былых ваенных гарадкоў.
У запісках Захаранка закранаў і іншае. Напрыклад, 6 студзеня 1995 года кіраўнік МУС звярнуўся з просьбай па 740 тыс. долараў ЗША для паспяховага ажыццяўлення пашпартызацыі насельніцтва краіны, 16 студзеня 1995 года — аб выдзяленні дадатковай колькасці 330 адзінак часовага, і 77 адзінак пастаяннага складу для навучальных устаноў МУС на 1995-1996 гады і, адпаведна, грашовых сродкаў на іх утрыманне, 13 лютага 1995 года — аб бязвыплатнай перадачы складоў гаруча-змазачных матэрыялаў у Быхаве Магілёўскай вобласці і ў Баранавічах Брэсцкай вобласці, 27 лютага 1995 года — аб уключэнні шматтыражнай газеты Упраўлення па папраўчых справах МУС Рэспублікі Беларусь «Трудовой путь» у пералік выданняў, фінансаванне якіх ажыццяўляецца за кошт дзяржаўных сродкаў, 20 мая 1995 года — пра бязвыплатную перадачу некалькіх канфіскаваных аўтамабіляў «ВАЗ» на патрэбы УУС Гомельскага аблвыканкама.
Сваё бачанне рэформы беларускай міліцыі Юрый Захаранка агучваў ў СМІ. Адно з самых знакавых інтэрв’ю было апублікавана ў «Народнай газеце» 5 ліпеня 1995 года. Чытачы падрабязна даведаліся пра змены структуры МУС (скарачэнне 10 генеральскіх пасад і інш.), захадах па барацьбе з карупцыяй і злачыннасцю, наркотыкамі. Звяртае ўвагу ўменне Захаранкі лагічна раскласці ўсё па паліцах, а таксама выдатнае валоданне статыстычнымі звесткамі. Усе аргументы Захаранка падмацоўваў лічбамі, удала разбаўляючы іх алегарычнымі параўнаннямі (накшталт «бешеных псов» у адносінах да злачынных аўтарытэтаў і інш.). Сімпатыю чытачоў выклікала і адсутнасць у Захаранкі асабістай аховы, спецаўтамабіля, і гэтак далей.
У гэтым інтэрв’ю міністр меў смеласць заявіць пра маральную дэградацыю краіны (128 тыс. алкаголікаў, 54 тыс. псіхічна хворых, 1,5 тыс. прастытутак, 1,5 тыс. асобаў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, 109 тыс. беспрацоўных, кожны пяты злачынца — жанчына і гэтак далей). Міністр казаў пра слабую матэрыяльную базу МУС («скоро будем создавать конную милицию», «в милиции — безоружные бойцы как в 1941 году»). Усе пазітыўныя змены, казаў ён, былі ажыццяўлены «без единой копейки из государственного бюджета»). Больш таго, ён перасцярог тых, хто «хочет порулить МВД» і запэўніў, што без міністэрства палітычная сістэма «рухнет».
Дарэчы, у гэтым інтэрв’ю Захаранка не кінуўся расхвальваць Лукашэнку, а толькі выказаў яму стрыманую падзяку за падтрымку (у гэтым сэнсе паказальны будучы выраз «о государевом человеке» міністра ўнутраных спраў Юрыя Сівакова). Больш таго, калі журналіст спытаў, ці не шкадуе Захаранка аб СССР, то міністр кінуў фразу пра «мощное государство», аднак факт настальгіі па Савецкім Саюзе не прызнаў (Лукашэнка ў тыя часы страшэнна настальгаваў па СССР і ў інтэрв’ю краснаярскім журналістам у жніўні 1995 года нават заявіў, што быў адзіным дэпутатам, які прагаласаваў супраць ратыфікацыі Белавежскага пагаднення). І, урэшце, Захаранка заявіў, што для яго «единственная и не проходящая любовь — моя Беларусь». Такога кшталту фразы тады лічыліся ў атачэнні Лукашэнкі ледзь не палітычным выклікам і атаясамліваліся з БНФ.
Калі ўважліва прааналізаваць інтэрв’ю Захаранкі, то гэта — не што іншае, як завуаляваная крытыка курсу Лукашэнкі, і апошні, з яго палітычным чуццём, не мог не зразумець гэтага. Дый сам Юрый Мікалаевіч адчуваў, што над ім неба хмарнае, таму і дазволіў сабе пэўныя выказванні.
У вочы кідаецца і тое, што за час кіраўніцтва МУС Захаранка ўсяляк дыстанцыяваўся ад палітыкі. У яго выступах адсутнічаюць негатыўныя выпады супраць беларускай мовы, дзяржаўнай сімволікі, палітычных апанентаў. Тым больш цяжка ўявіць Захаранку, які ірве на кавалкі бел-чырвона-белы сцяг, як гэта зрабіў Іван Ціцянкоў.
Непапулярнасць
Ведамства Захаранкі вымушана было рэагаваць на розныя падзеі, напрыклад, на мітынгі і шэсці (дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня 1994 года, студэнцкі марш 14 кастрычніка 1994 года «За хлеб і малако», студэнцкая акцыя вакол прэзідэнцкай Адміністрацыі супраць рэферэндуму 14 мая 1995 года, забастоўка работнікаў сталічнага метрапалітэна ў жніўні 1995 года), аднак затрыманні не былі масавымі, а разгоны — брутальнымі.
Гісторыя літаральна ўратавала Захаранку ад ганебнага ўчынку — датычнасці да збіцця таемнымі вайсковымі падраздзяленнямі галадаючых дэпутатаў ад парламенцкай апазіцыі БНФ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады ў Вярхоўным Савеце ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года. У адным з інтэрв’ю («Свабода», 17 мая 1996 года) Захаранка завіў, што ляжаў тады ў бальніцы на аперацыі, таму ў гвалтоўнай «эвакуацыі» народных абраннікаў, якія зладзілі галадоўку ў знак пратэсту супраць рэферэндуму, дачынення не меў. Калі б Захаранка быў бы ўцягнуты ў гэтую авантуру, на яго палітычнай рэпутацыі можна было б ставіць крыж. Ні пра якія падобныя інтэрв’ю, напрыклад, газеце «Свабода», якая тады была вельмі папулярным выданнем, не магло быць і гаворкі. І Захаранка, зразумела, ніколі б не стаў адметным дзеячам апазіцыі пасля адстаўкі.
Асобу Захаранкі, відаць, заўважала і палітычная апазіцыя. Пры абмеркаванні прапанаваных Лукашэнкам кандыдатаў на пасады міністраў 21 ліпеня 1994 года чалец дэпутацкай групы БНФ Сяргей Антончык не задаў Захаранку ні аднаго пытання, хаця раскрытыкаваў многіх лукашэнкаўскіх вылучэнцаў: Дзімітрыя Булахава (прэтэндаваў на пасаду старшыні Канстытуцыйнага Суда) — за пералёты ў Егіпет за дзяржаўны кошт, Анатоля Кастэнку (кандыдат на пасаду міністра абароны) — за незаконны продаж і раскраданне вайсковай маёмасці ў бытнасць камандавання ім Беларускай ваеннай акругай. Імя Захаранкі адсутнічала ў знакамітым дакладзе Антончыка аб карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады, які быў агучаны ў Вярхоўным Савеце 20 снежня 1994 года. Спакойна ставілася да Захаранкі газета «Свабода», якая з усіх СМІ смела пісала пра паплечнікаў Лукашэнкі. Чаго, напрыклад, быў варты артыкул пад назвай «З міністрам абароны не ўсё ў парадку» («Свабода», 1994, 13-19 верасня), з якога вынікала, што Кастэнка па стане здароўя ўвогуле не быў годным да ваеннай службы.
Невырашальныя супярэчнасці
Зараз цяжка адказаць на пытанне, калі ўпершыню паміж Лукашэнкам і Захаранкам прабегла чорная котка. Аднак ясна тое, што ў падзенні Захаранкі адыграла ролю цэлая сукупнасць фактараў, самыя важныя з якіх тычацца барацьбы за ўплыў на першую асобу ў краіне, за фінансавыя патокі.
У шэрагу постсавецкіх краінаў пасля краху СССР і ўсталявання новых сістэм улады першыя ролі сталі адыгрываць не традыцыйныя міністэрствы і ведамствы, а новыя сілавыя і кіраўніча-гаспадарчыя структуры, якія ў першыя часы не былі нават прапісаны ў Канстытуцыі. З прыходам Лукашэнкі ў Беларусі ўплывовымі сталі прэзідэнцкая Адміністрацыя, Упраўленне справамі прэзідэнта, Савет Бяспекі, Служба бяспекі прэзідэнта, Служба кантролю (у гады Кебіча дзейнічала цікавая структура, якая патрабуе даследавання, — Дзяржаўны сакратарыят па барацьбе са злачыннасцю і нацыянальнай бяспецы на чале з Генадзем Данілавым). Так сталася, што з пачаткам кіравання Лукашэнкі на яго маглі аказваць безумоўны ўплыў толькі два чалавекі дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман і кіраўнік Упраўлення справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў.
Менавіта гэтыя кіраўнікі, карыстаючыся становішчам, пачалі забіраць для сваіх ведамстваў грошы і матэрыяльную базу. Напрыклад, 28 снежня 1994 года Шэйман звярнуўся да Чыгіра з просьбай выдаткаваць для Дзяржаўнага цэнтра бяспекі інфармацыі пры Савеце бяспекі на 1995 год аж 3 млрд. 580 млн. руб. Чыгір даручыў разгледзіць гэтае пытанне тагачаснаму міністру фінансаў Паўлу Дзіку, які згадзіўся даць толькі 2 млрд. рублёў. Нават няпоўная сума была агромністай для адной структуры аднаго ведамства, улічваючы, што шмат супрацоўнікаў МУС былі без жылля.
Для параўнання: калі шэраг дэпутатаў Вярхоўнага Савета звярнуўся да міністра фінансаў з прапановай аб неабходнасці пабудовы ў Бабруйску для работнікаў мясцовай міліцыі жылога дома на 40 кватэраў, Павел Дзік адмовіў. Іншы прыклад. На вышэйадзначаную дакладную запіску Захаранкі аб бязвыплатнай перадачы канфіскаваных аўтамабіляў «ВАЗ» на патрэбы УУС Гомельскага аблвыканкама міністэрства фінансаў 14 чэрвеня 1995 года адказала, што аўтамабілі ўжо перададзены Упраўленню справамі прэзідэнта. Не была задаволена просьба Захаранкі пра выдаткаванне 37 млрд. руб. для вырашэння пытанняў з абсталяваннем месцаў пазбаўленні волі на базе былых ваенных гарадкоў. Адказ Дзіка («вопрос дополнительного выделения ассигнований может быть рассмотрен при условии улучшения финансового положения республики и наличия в доходной части бюджета необходимых источников») выглядаў адкрыта здзекліва. І ужо зусім анекдатычна склалася сітуацыя з «Трудововым путём». Міністэрства фінансаў 10 красавіка 1995 года катэгарычна адмовілася ўключаць газету у пералік выданняў, фінансаванне якіх ажыццяўляецца за кошт дзяржаўных сродкаў. Больш лаяльнай была пазіцыя міністэрства культуры і друку: яно пагадзілася ўключыць «Трудовой путь» у спіс выданняў, якім павінна была быць аказана разавая фінансавая дапамога ў першым квартале 1995 года. Паказальна, што адказы падпісалі намеснікі міністраў Анатоль Сверж і Іван Карэнда. Гэта ўскосна сведчыць пра падзенне ўплыву Захаранкі.
Безумоўна, гэтая сітуацыя выклікала справядлівую крыўду. Па-першае, Захаранка слушна лічыў, што ў першую чаргу сродкі павінны выдаткоўвацца МУС, а не нейкім таемным структурам, якія, дзякуючы недзяржаўным СМІ, часта траплялі ў скандалы.
Па-другое, Захаранка быў упэўнены, што і да яго асабіста павінна быць павага. Да прыходу на пасаду міністра службовая кар’ера Захаранкі была суцэльным узлётам. Пачынаючы ў далёкім 1977 годзе працу следчым у Светлагорску, Захаранка літаральна праз два-тры гады ўстойліва падымаўся па службовай лесвіцы і ў 41 год стаў начальнікам важнай структуры МУС. Такім кар’ерным ростам пахваліцца не маглі ні Лукашэнка, ні Ціцянкоў, ні Шэйман. Усё, што было ў іх самым высокім за плячыма — дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце 12 склікання, тэрмін якога непазбежна сканчаўся. Невядома, якая б была палітычная будучыня ў Лукашэнкі без перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, а Шэйман і Ціцянкоў увогуле атрымалі ўсё, дзякуючы свайму патрону.
Аднак Шэйман і Ціцянкоў настойліва пазбаўляліся канкурэнтаў. Яркі прыклад — сыход ў снежні 1994 года з пасады віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара, які тлумачыў свой учынак менавіта кознямі гэтых дзеячоў.
Становішча Захаранкі рэзка пахіснулася ў жніўні 1995-га пасля адмовы ўсемагутнаму Ціцянкову накіраваць на будаўнічыя работы на шэраг важных, у тым ліку і прэзідэнцкіх аб’ектаў, салдат унутраных войскаў. У адпаведным пісьмовым звароце, які суправаджаўся ўжо крылатай фразай «родители нам отдали своих детей служить, а не батрачить», да свайго намесніка, камандуючага ўнутранымі войскамі Валянціна Агальца Захаранка раіў апошняму кіравацца літарай закона і тлумачыў свайму падначаленаму, што складаная аператыўная абстаноўка не дазваляе выкарыстанне салдат унутраных войскаў у іншых мэтах.
З фаварытаў — у апазіцыю
Чарга непакорнага міністра надыйшла восенню 1995 года. Цкаванне Захаранкі можна прасачыць літаральна па днях на аснове дакументаў з кнігі «Говорит Юрий Захаренко». Спачатку — раздражнёны ліст Лукашэнкі з патрабаваннем прадставіць доказы карупцыі ў яго атачэнні. Затым — сакрэтная дакладная запіска Захаранкі, а потым — зноў раз’юшаны адказ Лукашэнкі.
10 кастрычніка 1995 года кіраўнік краіны пайшоў на рашучыя дзеянні. У гэты дзень былі прыняты аж тры ўказы наконт МУС: аб звальненні Ізотава і Рухлядзева, а таксама аб прызначэнні Агальца першым намеснікам міністра. Захаранка рэзка адказаў на такія кадравыя перастаноўкі і 16 кастрычніка 1995 года сам быў вызвалены з пасады. А прызначэнне ў гэты ж дзень выконваючым абавязкі міністра Шэймана сведчыла пра канчатковую перамогу апошняга. Захаранка прызнаваўся, што сам працэс звальнення, якім кіраваў начальнік службы прэзідэнцкай аховы Юрый Бародзіч, нагадваў узброены штурм МУС.
У адрозненне ад Ізотава і Рухлядзева, Захаранка не стаў маўчаць, распачаў маштабную крытыку Лукашэнкі і паспрабаваў (праўда, няўдала) узяць рэванш шляхам абрання дэпутатам у Вярхоўны Савет 13 склікання. У сваю чаргу Лукашэнка пачаў абвінавачваць Захаранку ва ўсіх смяротных грахах (на закрытым пасяджэнні Вярхоўнага Савета 12 студзеня 1996 года кіраўнік дзяржавы інкрымінаваў экс-міністру ўдзел «в коллективном заговоре» супраць улады). 16 красавіка 1996 года Лукашэнка прыгатаваў былому паплечніку новы сюрпрыз: адпаведным указам панізіў Захаранку да звання палкоўніка па прычыне нібыта нямэтавага расходавання бюджэтных сродкаў (8,9 млрд. руб.) пры пазапланавым рамонце філіяла гасцініцы МУС у Ждановічах. Затым пасыпаліся абвінавачванні Захаранкі ў будоўлі катэджа пад Заслаўем, стратным набыцці замежных аўтамабіляў для міліцыі і гэтак далей.
Адносіны паміж экс-міністрам і Лукашэнкам абвастраліся. Захаранка пачаў крытыкаваць не толькі палітыку, але і асабістыя якасці кіраўніка («аналитическое мышление на нуле», «панически труслив», «патологически мстителен» — «Свабода», 1996, 17 мая), якія, на думку былога кіраўніка МУС ёсць сур’ёзнай перашкодай на шляху развіцця краіны, а таксама патрабаваць прыцягнення Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці, у тым ліку і за падзеі ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 года, за жорсткія дзеянні міліцыі ў адносінах да мірных дэманстрантаў 26 красавіка 1996 года ў час «Чарнобыльскага шляху».
Дамагчыся справядлівасці Захаранка паспрабаваў у Вярхоўным Савеце 13 склікання, дакладней на пасяджэнні парламенцкай сесіі 4 мая 1996 года.
Лукашэнку была патрэбна згода дэпутатаў на прызначэнне Агальца па пасаду кіраўніка МУС (адпаведны загад быў падпісаны 20 снежня 1995 года), а таксама шэрагу іншых сваіх вылучэнцаў (Тамара Віннікава, Леанід Сініцын, Леанід Мальцаў, Уладзімір Мацкевіч). Выступаючы перад народнымі абраннікамі, Лукашэнка казаў наступнае: «Не справился с должностью Юрий Захаренко. При назначении казалось учли все. Достаточно зрелый, энергичный человек, хороший специалист, однако за время пребывания в должности существенных сдвигов не произошло. В республике снизилась раскрываемость преступлений. Не отличался он и личной исполнительской дисциплиной, допускал нецелевое использование финансовых средств в значительных размерах».
Захаранку ўдалося немагчымае. Большасць дэпутатаў пагадзілася выслухаць апальнага сілавіка. Захаранка рашуча адмёў усе абвінавачванні ў неэфектыўным расходаванні сродкаў, будаванні катэджа пад Заслаўем і сам папракнуў кіраўніцтва краіны, што яно набывае «дорогие летательные аппараты». Захаранка запэўніваў дэпутатаў, што рэформа міліцыі дала плён, і што беларускае міністэрства ўнутраных спраў — «самый малочисленный аппарат в СНГ и Западной Европе». Экс-міністр папярэджваў, што яго адстаўка — «не просто инцидент, а часть государственной политики». Колькі слоў Захаранка сказаў пра злачыннасць і карупцыю: «При разработке чеченской группировки был установлен факт её связи с Шейманом. Встречи проходили в Крылово (вёска ў Мінскім раёне — Аўт.), где преступный авторитет занимал одну из дач, пытаясь расширить круг правительственных знакомств». Захаранка, звяртаючыся да Лукашэнкі, заклікаў таго «разогнать всю эту свору», «иначе она разгонит вас».
Аднак словы экс-міністра не сталі здабыткам грамадскасці: прэзідэнцкія структуры абмяжоўвалі трансляцыю пасяджэнняў сесій Вярхоўнага Савета нават у запісе.
У доўгім адказе Захаранку Лукашэнка, вельмі абураны «летательным аппаратом», фактычна стаў весці пасяджэнне сесіі і, умела маніпулюючы яго хадою, дамогся згоды на адстаўку Захаранкі. У аналы найноўшай гісторыі Беларусі ўвайшоў прыкры ўчынак старшыні Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага, які ў час выступу Захаранкі звярнуўся да Лукашэнкі.
Са свайго боку Захаранка некалькі разоў крытычна выказаўся пра Вярхоўны Савет, але адназначна выступіў супраць яго ліквідацыі: для гэтага кіраўніком дзяржавы зноў быў ініцыяваны рэферэндум, каб зацвердзіць адпаведную рэдакцыю Канстытуцыі. Больш таго, Захаранка вылучыў кандыдатуру ў дэпутаты Вярхоўнага Савета 13 склікання (дадатковыя выбары ў 62 акругах па прычыне іх правалу ў 1995 годзе павінны былі адбыцца ў адзін дзень з рэферэндумам — 24 лістапада 1996 года) і ў Чыгуначнай выбарчай акрузе Кастрычніцкага раёна Мінска нават выйшаў у другі тур.
Захаранка, бадай, быў самым жосткім крытыкам рэферэндуму, заяўляючы, што гэта — дзяржаўны пераварот, які вядзе да фашызму.
Радыкальны апазіцыянер
Пасля рэферэндуму 1996 года Юрый Захаранка становіцца актыўным членам апазіцыі, уступае ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю, збліжаецца з Генадзем Карпенкам і Віктарам Ганчаром, называючы апошняга «мощнейшей политической фигурой». Захаранка — адзін з ініцыятараў стварэння ў студзені 1997 года спецыяльнай камісіі «по правовой оценке нарушений президентом Республики Беларусь Лукашенко А.Г. Конституции и законов Республики Беларусь» на чале з Ганчаром.
З пачатку 1997 года былы міністр МУС становіцца актыўным чальцом «ценявога ўрада» — Нацыянальнага эканамічнага савета. Ён вітае з’яўленне Хартыі-97. У красавіку 1997 года праз недзяржаўную прэсу Захаранка заявіў пра ініцыятыву распачаць крымінальныя справы супраць Шэймана, Агальца, Сівакова і Бародзіча.
З пачатку 1998 года Захаранка — старшыня камітэта па нацыянальнай бяспецы Нацыянальнага выканаўчага камітэта (НВК) на чале з Карпенкам. У асабістым фондзе Карпенкі ў Нацыянальным архіве захоўваецца важны дакумент НВК — «План первочередных законодательных актов, необходимых для реформирования белорусской государственности и экономики страны с целью создания свободного демократического гражданского общества с эффективной экономикой, способной резко повысить благосостояние народа». Камітэт Захаранкі абавязаўся на працягу 1998 года падрыхтаваць праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, праект закона аб люстрацыях і шэраг іншых законопраектаў.
Варта адзначыць, што Захаранка фактычна пагадзіўся быць «чалавекам другога плана», на корані перарываючы чуткі наконт асабістых прэзідэнцкіх амбіцый і заклікаючы да кансэнсусу ўсе палітычныя сілы.На адпаведнае непасрэднае пытанне ў інтэрв’ю «Народнай волі» (24 студзеня 1998 года) Захаранка адказаў, што міліцыянер павінен змагацца са злачыннасцю, а на чале краіны мусіць быць чалавек з багатым вопытам кіраўніцтва. Каго быў гатовы падтрымаць Захаранка ў якасці новага лідара краіны? Першапачаткова, безумоўна, Карпенку. У асабістым архіве апошняга маецца «Заявление о поддержке Г.Д. Карпенко как единой кандидатуры от демократических сил Беларуси на предстоящих выборах президента Республики Беларусь», датаванае 1998 годам і падпісанае сярод іншых «генерал-майором» Захаранкам.
Сам Захаранка заняўся стварэннем Саюза афіцэраў з ветэранаў (якія падзялялі дэмакратычныя каштоўнасці) розных сілавых ведамстваў. Такі Саюз, на думку Чыгіра, змог бы стаць рэальнай апазіцыйнай сілай уладам.Пасля загадкавай смерці Карпенкі ў пачатку красавіка 1999 года Захаранка без ваганняў падтрымаў кандыдатуру Міхаіла Чыгіра на ўдзел у так званых «альтэрнатыўных» прэзідэнцкіх выбарах, якія, паводле пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі на чале з Ганчаром (створаная ў студзені 1999 года) павінны былі прайсці з 6 па 10 мая 1999 года. Захаранка вельмі разлічваў на гэтую кампанію, лічыў, што яна стане пачаткам дэмантажу ўлады Лукашэнкі.
У апошніх інтэрв’ю Захаранка глядзеў на сітуацыю даволі аптымістычна, прадракаў беларускаму кіраўніку хуткі крах, палітычны Нюрнберг і лёс румынскага дыктатара Чаўшэску. З сённяшняга пункту погляду такія надзеі выглядалі вельмі наіўна. Апальны генерал недаацаніў палітычную і сілавую моц рэжыму, гатоўнасць Лукашэнкі да рашучых дзеянняў, падтрымку Расіі, залішне ідэалізаваў пратэстны патэнцыял насельніцтва. Гэтая памылка дорага каштавала Юрыю Захаранку ў той самы дзень — 7 мая 1999 года.
Феномен Юрыя Захаранкі
Феномен Юрыя Захаранкі выклікае непазбежныя пытанні: наколькі высокапастаўленая службовая асоба, выціснутая і пакрыўджаная ўладай, здольная не толькі абараняць свой гонар і годнасць, але і справядліва гэтую ўладу крытыкаваць, і наколькі моцны парог цярпення, каб праглынуць горыч прыніжэння і чакаць ад улады міласці?
Калі для прыкладу ўзяць касту ваенных, то, на жаль, e гісторыі Беларусі за амаль дваццаціпяцігадовае кіраванне Лукашэнкі толькі лічаныя адзінкі знайшлі ў сабе моц паставіць уласныя погляды вышэй за пасады і матэрыяльны дабрабыт. Большасць маўчала. Дастаткова ўзгадаць генералаў-сілавікоў Валерыя Ізотава, Сяргея Рухлядзева, Уладзіміра Данько, Станіслава Князева, Леаніда Мальцава і іншых. Па жаданні беларускага кіраўніка, які дзейнічаў ў адносінах да сілавікоў па прынцыпе «падзяляць і ўладарыць», яны пазбавіліся пасадаў, а некаторыя — і званняў, аднак вытрымалі «тэст па палітычную лаяльнасць» і зноў вярнуліся ў абойму альбо захавалі генеральскія пенсіі і чыны. У параўнанні з імі безумоўную павагу выклікае не толькі Захаранка, але і былы міністр абароны Беларусі ў 1992-1994 гадах Павел Казлоўскі, Юрый Барадач і іншыя, якія не пабаяліся ўладнай нянавісці.
І апошняе. На афіцыйным сайце МУС пад душашчыпальнымі назвамі публікуюцца ўспаміны высокапастаўленых чыноў гэтага ведамства. У тым ліку там маюцца «откровения» Ізотава («Жизненной мудрости у меня в достатке») і Рухлядзева («Первопроходец»). На жаль, ні ў Валерыя Сяргеевіча, ні ў Сяргея Ігаравіча не знайшлося слова пра свайго непасрэднага начальніка — міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ў 1994-1995 гадах, генерал-маёра Юрыя Мікалаевіча Захаранку, які пасля звальнення абодвух называў іх «людьми, отличающимися высочайшим профессионализмом, культурой, принципиальностью и честностью». Як казалі ў старажытнасці: «Suum cuique» — «Кожнаму сваё».