Замежныя СМІ пра Беларусь: 27 верасня — 2 кастрычніка
Беларуская ўлада, грунтоўна ўлічваючы сумны ўкраінскі вопыт, працягвае ачышчацца ад прарасійскай «пятай калоны». Каб не злаваць агрэсіўнага ўсходняга суседа, гэты працэс праходзіць без лішняй агалоскі: прозвішчы чыноўнікаў, заўважаных у сімпатыях да Крамля і шавіністычных ідэяў «Рускага свету», проста ціха знікаюць са спісаў кіраўнікоў. «Обозреватель» (Украіна)
![smi4.jpg smi4.jpg](/img/v1/news/full/smi4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аказалася, што лідарам сімпатый украінцаў сярод замежных кіраўнікоў з паказчыкам 62% з’яўляецца нелегітымны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Вось вам і еўрапейскія каштоўнасці
ўкраінцаў, іх расчараванне ў Расіі, нібыта прыроджанае свабодалюбства і непрыманне любога гвалту і іншых праяў саўка. Такі паказчык не патлумачыш узростам апытаных, не спішаш на магчымыя статыстычныя
памылкі і іншыя суб’ектыўнасці. І, калі справа ў некампетэнтнасці, то пажадана б заняцца самаадукацыяй.
«Новый регион» (Украіна)
Перамовы па Украіне — першая ластаўка. Лукашэнка можа паспрабаваць ператварыць Мінск у «глабальную пляцоўку» для дыялогу паміж Захадам і Расіяй, якія ўступілі ў
працяглую, мяркуючы па ўсім, канфрантацыю. Або ў нейкую біржу ЕС і ЕАЭС, з улікам таго, што еўрапейскія чыноўнікі сталі задумвацца над ідэяй стварэння зоны свабоднага гандлю з Еўразійскім саюзам.
Рэалізацыя такога кшталту праекта, здольнага вывесці Беларусь з еўрапейскіх палітычных задворкаў, палепшыць імідж і адначасова абяцае нядрэнныя эканамічныя дывідэнды, не можа не ўпісвацца ў інтарэсы
амбіцыйнага Аляксандра Рыгоравіча, які неаднаразова казаў пра асаблівасці шляху сваёй краіны. Трансфармацыя Беларусі ў нейкі мост паміж Еўропай і Расіяй (ці нават Захадам і Усходам) можа стаць
выключнай рысай функцыянальнасці беларускай дзяржавы і яе «асаблівым шляхам».
«Courrier Internacional» (Францыя)
Зразумела, што прадпрымальніцкія хітрыкі беларусаў на самай справе выгадныя і расіянам, бо пасля ўвядзення эмбарга на ўвоз прадуктаў харчавання і асабліва сыравіны з ЕС, на рынку назіраецца
дэфіцыт малака, што прыводзіць да росту спажывецкіх коштаў. Але вось з палітычнага пункту гледжання мірыцца з беларускім харчовым рээкспартам ніяк нельга. Гэта што ж атрымліваецца: усе нашы спробы
пакараць палякаў, прыбалтаў і іншых еўрапейцаў ні да чаго не прывялі? З іншага боку, прычасаць пад агульны санкцыйны грэбень з ЕС хітрую, але ўсё ж брацкую нам Беларусь таксама было б няправільна. Бо
забарона на ўвоз мяса-малочных прадуктаў шэрагу перадавых беларускіх прадпрыемстваў, якім пагражае Рассельгаснагляд, можа абярнуцца скандалам і разладам двухбаковых адносін. Дайдзі справа да такога
фіналу — і ў Расіі наогул амаль не застанецца саюзнікаў у еўрапейскай частцы свету. Таму Рассельгаснагляду наўрад ці дазволяць сячы з пляча беларускі рээкспарт еўрапейскага харчавання.
Рolytika.ru (Расія)
Але, вось цікава, Лукашэнка не праявіў ніякага інтарэсу да малдаўскай апазіцыі, і нават не паклікаў Малдову ў Мытны Саюз. Што ж атрымліваецца: Лукашэнка прыехаў падтрымаць праеўрапейскія ўлады
Малдовы? На першы погляд — абсурд, але калі падумаць... Калі падумаць, то довадаў на карысць такога варыянту больш чым дастаткова. Успомнім пра тое, што Лукашэнка падтрымаў украінскі
«Майдан», што рэкамендаваў украінцам жорстка распраўляцца з сепаратыстамі, а значыць, напэўна, моцна зачапіў гэтым расійскага прэзідэнта. Вось і вырашыў перастрахавацца прымудроны
доўгім знаходжаннем у палітыцы Лукашэнка, і пачаў далёкую гульню насустрач Захаду. Каб у выніку не апынуцца заціснутым паміж двума агнямі.
AVA (Малдова)