Уругвай. Фалькленды — спрадвечная ўругвайская зямля
Канфлікт вакол прыналежнасці Фальклендскіх (Мальвінскіх) астравоў набыў новае незвычайнае вымярэнне. Цяпер акрамя Вялікабрытаніі і Аргенціны на яго прэтэндуюць уругвайцы.
Сцяг Уругваю
Ва Уругваі выйшла кніга «Па закону астравы належаць нам», аўтары якой патрабуюць устанаўлення над архіпелагам улады гэтай дзяржавы. Свае прэтэнзіі на тэрыторыю Фальклендаў уругвайцы будуюць на факце таго, што Іспанія афіцыйна адмовілася ад Фальклендаў, якія фармальна ўваходзілі ў склад яе імперыі, толькі ў 1841 годзе. Прычым зрабіла яна гэта ў дамове з Уругваем, а не з Аргенцінай. Іншымі словамі, перадала кантроль над сваімі марскімі калоніямі ў Паўднёвай Атлантыцы ўругвайцам.
Аналагічная дамова з Аргенцінай была заключаная Мадрыдам толькі праз 7 гадоў. Такім чынам, Уругвай мае ўсе правы ў гэтым пытанні. Больш таго, у 1972 годзе адна з дыпламатычных канферэнцый прызнала, што Уругвай, а не Аргенціна стаў першым законным уладальнікам астравоў пасля таго, як былая каланіяльная метраполія адмовілася ад зямель. У сувязі з гэтым аўтары кнігі таксама заклікаюць урад краіны выставіць патрабаванні да Лондану і Буэнас-Айрэсу наконт сваіх правоў на Фалькленды (Мальвіны). Самі ўругвайскія палітыкі трошкі ў шоку ад такой навіны.
Паводле брытанскай прэсы