Страйк на брэсцкім прадпрыемстве «Компа»

Раніцай 8 лютага рабочыя механічнага цэха машынабудаўнічага прадпрыемства «Компа» ў Брэсце адмовіліся пачынаць працоўны дзень. Нагодай для пратэсту стаў той факт, што па выніках працы ў студзені адміністрацыя адмовілася выплаціць прэмію.



brest_kompo_strajk.jpg

У выніку токары і фрэзероўшчыкі высокай кваліфікацыі, якія і дагэтуль не былі задаволеныя памерам свайго заробка на прадпрыемстве (у апошні час ён складаў каля 2–3 мільёнаў рублёў), вырашылі абвесціць папераджальны страйк.

З рабочымі сустрэўся дырэктар «Компо» Міхаіл Белавусаў, які патлумачыў сітуацыю тым, што на пачатку года на прадпрыемстве, якое спецыялізуецца на выпуску абсталявання для мясапераапрацоўваючай прамысловасці, узнікаюць праблемы з рэалізацыяй гатовай прадукцыі. З гэтай прычыны прэміі за працу ў студзені вырашана было не налічваць. Але, выслухаўшы аргументы рабочых, кіраўнік прадпрыемства паабяцаў усё ж урэгуляваць гэтае пытанне, выплаціць прэмію пазней і нават адшукаць магчымасці для павышэння заробку. Пачуўшы гэтыя абяцанні, рабочыя «Компа» прыступілі да працы.


Цікава, што ў гэтай канфліктнай сітуацыі ніякім чынам не праявіў сябе прафкам прадпрыемства, які, здаецца, створаны менавіта для абароны правоў працоўных.

spring96.org