«The New York Times» паказала схему размяшчэння расійскіх войскаў ля межаў з Украінай

Газета «The New York Times» апублікавала прыкладную схему размяшчэння расійскіх вайскоўцаў і тэхнікі на мяжы з Украінай. Карта складзена на аснове спадарожнікавых здымкаў, звестак разведкі і незалежных ваенных аналітыкаў. Згодна з ёй, расійскія войскі атачаюць Украіну з трох бакоў. З боку Беларусі атака на Украіну не разглядаецца, паведамляе «Еўрарадыё».

Прыкладная схема размяшчэння расійскіх войскаў на мяжы з Украінай. Скрыншот «The New York Times»

Прыкладная схема размяшчэння расійскіх войскаў на мяжы з Украінай. Скрыншот «The New York Times»


На карце адзначаны асноўныя скапленні расійскіх войскаў з артылерыяй, танкамі і іншай тэхнікай. Паводле ацэнак украінскіх вайскоўцаў, удакладняе «Громадське», на непадкантрольным Данбасе знаходзяцца 32 тысячы баевікоў, якія падпарадкоўваюцца Расіі. Таксама ля акупаваных Луганскай і Данецкай абласцей нібыта размяшчаюцца як мінімум 20 тысяч расійскіх вайскоўцаў.
Паводле апошніх даных украінскіх уладаў і замежных чыноўнікаў, на мяжы з Украінай знаходзяцца каля 100 тысяч вайскоўцаў. Згодна са спецслужбамі ЗША, у плане наступлення на Украіну Расіяй будзе задзейнічана 175 тысяч вайскоўцаў. Разведчыкі мяркуюць, што магчымая агрэсія можа адбыцца ў студзені-лютым 2022 года.
Праўда, піша «The New York Times», што, нягледзячы на ​​меркаванне аналітыкаў, пакуль не зразумела, ці будзе Уладзімір Пуцін ажыццяўляць атаку.