Суданскі рэферэндум
Сепаратысты ўсяго свету каментуюць вынікі рэферэндуму ў Паўднёвым Судане, які дае права яго жыхарам на стварэнне сваёй дзяржавы.
На палітычнай мапе свету будуць змены. Картографам давядзецца дамаляваць новую дзяржаву. Яе канчатковая афіцыйная назва яшчэ дыскутуецца, але тое, што яна вось-вось з’явіцца, не
выклікае спрэчак. Па выніках рэферэндуму, які цягнуўся амаль месяц, жыхары Паўднёвага Судану атрымалі права на дзяржаўнае будаўніцтва. За такую перспектыву прагаласавала амаль 99 працэнтаў тых, хто
ўзяў удзел у рэферэндуме.
Свет вітае вынікі плебісцыту, і на гэта ёсць некалькі падстаў. Па-першае, закончыўся вайсковы канфлікт, які цягнуўся амаль 50 гадоў. Нагадаем, што ў аснове супрацьстаяння — этна-рэлігійны
кантраст паміж Поўначчу, дзе жывуць арабы-мусульмане, і Поўднем, арэалам пражывання афрыканскіх плямёнаў, якія спавядаюць мясцовыя культы або хрысціянства.
Па-другое, Хартум прадэманстраваў сапраўды нешта вельмі незвычайнае для афрыканскіх шыротаў: суданскі прэзідэнт не толькі даў паўднёвым жыхарам дазвол на апытанне. Больш таго, гарант асабіста наведаў
Поўдзень у дзень пачатку рэферэндуму. Такі ўзровень плюралізму не характэрны нават для еўрапейцаў: каментуючы падзеі ў Судане, генсек ААН не хаваў, што хацеў бы, каб і іншыя палітыкі дэманстравалі
такую талерантнасць.
Ці будуць палітычныя лідары больш талерантнымі пасля падзей у Судане, гэта пакуль пытанне. А вось сепаратыстам усяго свету прыклад Судану вельмі імпануе. Практычна ўсе непрызнаныя дзяржавы або
сепаратысцкія рухі на планеце жыва пракаментавалі ход галасавання і ягоныя вынікі.
Так, Міністэрства замежных спраў непрызнанай Абхазіі прысвяціла Судану спецыяльную заяву.
Яе аўтары «з задавальненнем адзначаюць з’яўленне новай прызнанай дзяржавы, створанай праз наўпроставае волевыяўленне грамадзян. «Сёння можна канстатаваць, што Рэспубліка
Судан, якая атрымала незалежнасць у сярэдзіне XX стагоддзя, не адбылася як адзіная дзяржава. Чыннікі гэтага — ігнараванне волі значнай часткі насельніцтва краіны, няздольнасць цэнтральных
уладаў да кампрамісу і жаданне сілай навязаць людзям іншую культуру, чужы лад жыцця і мыслення. Гісторыя Паўднёвага Судану, як і шматлікіх іншых канфліктных кропак планеты, паказвае, наколькі далёка
ад дасканаласці сучасная светабудова», — гаворыцца ў заяве.
У такім жа духу вытрыманая заява Міністэрства замежных спраў непрызнанай Прыднястроўскай Малдоўскай Рэспублікі (ПМР). Ціраспаль заклікае Кішынёў звярнуць увагу на працэсы ў Афрыцы: «Новай
уладзе, якая фармуецца ў Малдове, неабходна звярнуць увагу на сучасныя тэндэнцыі ў свеце, якія так ярка выяўляюцца сёння на прыкладзе Паўднёвага Судану. У новага кіраўніцтва Малдовы ёсць шанец
зрабіць гістарычны крок да канчатковага і справядлівага ўрэгулявання малдоўска-прыднястроўскіх адносін. Сусветны досвед пацвярджае, што такое рашэнне канфлікту становіцца найбольш цывілізаваным
спосабам урэгулявання адносін».
Такім чынам, непрызнаныя дзяржавы пабачылі ў суданскім рэферэндуме доказ таго, што іх амбіцыі на суверэнітэт цалкам законныя, а мэты — дасягальныя. Логіка простая: суданскіх паўстанцаў
таксама доўгі час ніхто не прызнаваў, аднак у выніку ўсё стала на свае месцы.
У сваю чаргу, выданні метраполій, якія не хочуць даваць волю рэгіёнам, апублікавалі шэраг матэрыялаў, якія даказваюць, што Паўднёвы Судан дабіўся незалежнасці дзякуючы спецыфічным фактарам. Паўднёвым
суданцам усміхнулася геапалітычная фартуна.
Таму, што адбываецца, Паўднёвы Судан абавязаны пазіцыі ЗША і Еўропы, якія ў тым ліку зацікаўленыя ў карысных выкапнях рэгіёна.
Сепаратысты прызнаюць гэты момант, аднак акрамя абурэння нічога выказаць не могуць. «Рассячэння Судану жадае Захад, які адмаўляе Прыднястроўю ў праве на значна больш цывілізаванае,
дэмакратычнае, празрыстае і нетэрарыстычнае жыццё, якое край дэманструе ўжо цяпер і якое наўрад ці ў агляднай будучыні прадэманструе Судан», — піша газета
«Приднестровье».
Што тычыцца сепаратысцкіх рухаў, то для іх суданскі прэцэдэнт стаў устаноўкай на актывізацыю дзейнасці.
«Новы Час» ужо пісаў пра незвычайны заклік, які актывісты руху карпацкіх русін зрабілі на адрас Кіева. Яны патрабавалі ад украінскага ўраду тэрмінова правесці рэферэндум, падобны на
суданскі, у Закарпацці. У іншым выпадку Януковічу пагражаюць партызанскай барацьбой.
Рух карпацкіх русінаў — гэта хутчэй кур’ёз. Чаго, на жаль, нельга сказаць пра сепаратысцкія рухі ў Афрыцы.
Калі верыць сайту ФБР, то сёння сепаратысцкія рухі дзейнічаюць у 23 афрыканскіх краінах. А ў некаторых — Нігерыя, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Ангола — іх нават некалькі. Калі б
яны ўсе перамаглі, на мапе з’явіліся такія экзатычныя дзяржавы, як Кабіла (тэрыторыя цяперашняга Алжыру), Рэспубліка Кабінда (тэрыторыя Анголы), Біафра (Нігерыя), Дэмакратычная Рэспубліка
Бакасі, і нават Фараонаўская рэспубліка коптаў (Егіпет).
Часам гэтыя групоўкі дзейнічаюць не палітычнымі, а вайсковымі сродкамі. Напрыклад, Рэвалюцыйная Армія Сахары, якая выступае за дзяржаўнасць туарэгаў.
Рэферэндум у Судане стане для іх знакам для пачатку пераходу ў наступ па ўсіх франтах. Аднак у заходніх выданнях папулярная адваротная думка. Так, «Christian Science Monitor»
лічыць, што заканчэнне вайны ў Судане — гэта хутчэй прыкмета неактуальнасці сепаратызму для эліт этнічных меншасцяў.
«Самыя бедныя краіны становяцца багацей. Калі ў большасці краін рост ВУП не перавышае 3 працэнты, то ў Афрыцы на Поўдзень ад Сахары ён складае штогод 5,5 працэнта. У некаторых краінах ён
увогуле фантастычны, напрыклад, у Гане — 11,3 працэнта. Не факт, што ўзбагачэнне прывядзе да эфектыўнай адміністрацыі, аднак тэму сепаратызму ён робіць неактуальнай. Эканамічны рост таксама
развівае інфраструктуру, што робіць утапічнымі традыцыйныя стратэгіі сепаратыстаў — захапіць сталіцу правінцыі і супрацьстаяць цэнтру».
Адным словам, паводле «Christian Science Monitor» атрымліваецца, што стварэнне новай дзяржавы — гэта хутчэй заняпад сепаратызму. Прынамсі ў Афрыцы.
Што тычыцца Еўропы, то тут сітуацыя больш складаная. Як адзначае «Padonia» (орган аўтанамістаў Паўночнай Італіі), «згадайце, колькі дзяржаў падпісвала дакумент аб стварэнні
АБСЕ і колькі дзяржаў сёння ўваходзяць у АБСЕ. На прыкладзе АБСЕ мы пераканаліся, што прынцып тэрытарыяльнай цэласнасці безумоўна накіраваны на забеспячэнне дзяржаўных інтарэсаў, але святой каровай
ён больш ні для каго не з’яўляецца».