Рэвалюцыя «15N»

Дзень 15 лістапада мусіў пакласці пачатак працэсу дэмакратычнага вызвалення Кубы. Менавіта так сцвярджалі арганізатары выступу, што быў прызначаны на гэты дзень.

000_9rp7v2_d_850.jpg


Недзе за пару тыдняў у кубінскіх сацыяльных сетках раптам пачалі актыўна прасоўваць ідэю правядзення пратэстаў 15 лістапада. Арганізатары заклікалі да акцыі, каб прыцягнуць увагу да лёсу сотняў людзей, зняволеных пасля ліпеньскіх дэманстрацый у краіне.
Нагадаем, што ў выніку спантанных выступаў у ліпені, паводле апазіцыйных СМІ, адзін чалавек загінуў, дзясяткі параненыя і 1270 чалавек былі затрыманыя. Па даных праваабарончай групы Cubalex, больш за 650 чалавек усё яшчэ за кратамі.
Медыйная кампанія апазіцыі напярэдадні 15 лістапада была дапоўнена мітынгамі і пікетамі ў Вашынгтоне, Маямі, а таксама ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі. Іх удзельнікі падтрымалі будучыя пратэсты. Іх позва, судзячы па заявах, па ходзе павінна была быць пашырана да глабальных патрабаванняў сістэмных палітычных рэформ.
Непасрэдна пратэсты павінен было інспіраваць дэфіле 15 лістапада па адным з кубінскіх гарадоў акцёра Джуніёра Гарсія Агілеры. Ён з'яўляецца стваральнікам праекта Archipelago — анлайнавы дыскусійны форум з 35 000 удзельнікамі на Кубе і за мяжой.
Тое, што дата акцыі, яе месца і лідар былі анансаваныя праціўнікамі рэжыму загадзя, дазволіла ўладзе грунтоўна падрыхтавацца Напярэдадні акцёра змясцілі пад хатні арышт. Таксама на востраве прайшлі затрыманні асоб, якія маюць дачыненне да спроб арганізацыі пратэсту. Паводле «Голаса Амерыкі», кубінская паліцыя таксама пагражала простым грамадзянам саліднымі турэмнымі тэрмінамі нават проста за спробу выйсці на вуліцу 15 лістапада.
Адначасова Гавана разгарнула ўласную контраперацыю ў СМІ. Прапаганда сцвярджала, што арганізатары пратэстаў дзейнічаюць пры падтрымцы ЗША. Непасрэдна 15 лістапада ў Гаване да лакацый, дзе патэнцыйна маглі ўспыхнуць беспарадкі, былі падцягнуты сілавікі. Узброеныя паліцыянты ў форме былі заўважаныя амаль на кожным куце ў цэнтры кубінскай сталіцы. Нядзіўна, што на вуліцах было практычна пуста.
Тым не менш, апазіцыя Кубы заявіла, што «15N» будзе працягнуты. На сайце Archipelago заклікаюць працягнуць барацьбу, фланіруючы па вуліцах у белым адзенні, трымаючы ў руках белыя ружы, і грукаючы па патэльнях ноччу. Усё гэта трэба рабіць ажно чамусьці да 27 лістапада.
У тое, што кубінцы масава адгукнуцца на тыя заклікі, пакуль верыцца слаба. У тым ліку таму, што лідар Archipelago разам з сям'ёй ужо выехаў у Іспанію, што стоадсаткова маральна падрывае імпэт пратэстуючых. Артыст з'ехаў, але пытанні засталіся. Што гэта было? Няўжо арганізатары збіраліся рэальна вось так, з кандачка, зрынуць рэжым, які мае каласальны вопыт барацьбы з дысідэнтамі? Дастаткова ўзгадаць, што на Кубе ў кожным квартале (!) працуюць секцыі Камітэтаў Абароны Рэвалюцыі, які акрамя ўсяго манітораць палітычныя погляды людзей.
Пакуль адказу на гэта пытанне няма. Можна дапусціць, што ў ліпені ў апазіцыю прыйшла моладзь, якая, як часта ўласціва прадстаўнікам гэтага ўзросту, ігнаруе аб’ектыўную сітуацыю. Іншая версія — нейкая фракцыя палітыкаў у Штатах намагаецца выкарыстаць кубінскую тэму, каб атрымаць сімпатыі выбаршчыкаў лаціна-амерыканскага паходжання. Тым больш хутка вельмі важныя выбары ў Кангрэс. А можа мы сталі сведкамі пачатку даўгатэрміновай гульні з мэтай пахіснуць атмасферу вечнай палітычнай стабільнасці на Кубе? Тэму пра тое, што нехта «распіліў грант» таксама, напэўна, выключаць не варта.  
Будзем спадзявацца, што хутка інфармацыі будзе больш, што дазволіць зразумець прыроду яшчэ незразумелай на першы погляд чыстай авантуры 15 лістапада.