Польская «Салідарнасць» сабрала для страйкуючых беларусаў мільён злотых і гуманітарную дапамогу
Польскі незалежны прафсаюз «Салідарнасць» 26 жніўня адправіць у Беларусь гуманітарную дапамогу ў выглядзе некалькіх дзясяткаў тон харчовых прадуктаў, «што можа спатрэбіцца на працоўных месцах падчас забастоўкі».
Таксама ў Польшчы стварылі фонд «Салідарнасць зь Беларуссю», у які прафсаюз «Салідарнасць» унёс 1 мільён злотых (больш за 700 тысяч беларускіх рублёў), , паведаміў старшыня прафсаюзу Пётр Дуда, піша польскае выданне Wiadomości.
25 жніўня старшыня прафсаюзу Пётар Дуда выступіў са «Зваротам да Беларусі» і склікаў канферэнцыю па дзейнасці прафсаюзу ў падтрымку беларусаў у барацьбе за свабоду і грамадзянскія правы.
«Мы назіраем за разьвіццём падзей у Беларусі пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў з вялікай заклапочанасцю і непакоем. Лукашэнка абраў шлях жорсткага супрацьстаяння і жорсткага ўціхамірвання беларусаў, якія дэманстравалі сваю пазіцыю. Улада ўдзельнічае ў варварскім гвалце і жорсткіх зверствах, якія не маюць ніякага рацыянальнага апраўдання, акрамя адчайнай абароны дыктатуры», — напісаў Пётр Дуда ў звароце.
Ён падкрэсліў, што для «Салідарнасці» гэта асаблівы момант, таму што 40 гадоў таму дапамога была патрэбная палякам, а цяпер падтрымка патрэбная беларусам. Ён дадаў, што ў Беларусі «менавіта прафсаюзных актывістаў, рабочых звальняюць і адпраўляюць у турмы, таму што яны знаходзяцца ў авангардзе забастовак супраць фальсыфікаваных выбараў».
Дуда таксама заклікаў іншыя польскія прафсаюзы і ўсе палітычныя партыі далучыцца да «Салідарнасці» і дапамагчы Беларусі, «падтрымаць беларускія сем’і, якія страцяць кармільца з прычыны арышту або звальнення».
Паводле Радыё Свабода