«Калегі прыносяць грушы і ціснуць руку». У Віцебску ў фае ТРК страйкуюць два супрацоўнікі дзяржтэлеканала

Два супрацоўнікі дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Віцебск» — аўтар і вядучая праграмы «Час Art» Таццяна Іваноўская і галоўны інжынер Уладзімір Зайцаў — з 24 жніўня абвясцілі страйк. Ёю яны выказваюць пратэст «супраць сфальсіфікаваных выбараў і дзеянні сілавікоў па разгоне мірных дэманстрацый у краіне». Таццяна і Уладзімір другі дзень сядзяць у фае сваёй кампаніі і не працуюць. Побач з імі таблічка з надпісам «Страйк». Кіраўніцтва ТРК «Віцебск» і ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на гэты пратэст.

photo_2020_08_25_11_15_05.jpg

Заява аб правядзенні забастоўкі адрасавана дырэктара ТРК «Віцебск» Алене Панцюховай, старшыні «Белтэлерадыёкампаніі» Івану Эйсманту і старшыні аблвыканкама Мікалаю Шарстнёву.
Таццяна Іваноўская і Уладзімір Зайцаў выказваюць пратэст «супраць сфальсіфікаваных выбараў і дзеянняў сілавікоў па разгоне мірных дэманстрацый у краіне».
«Не бачачы іншага шляху ў вырашэнні сітуацыі, якая склалася ў краіне пасля выбараў, і з мэтай больш хуткай нармалізацыі становішча мы далучаемся да нацыянальнага страйку і паводле Канстытуцыі краіны аб'яўляем страйк да выканання нашых патрабаванняў», — заяўляюць віцебскія тэлевізійнікі.
Яны патрабуюць:
правядзення ў бліжэйшы час перавыбараў з удзелам міжнародных і незалежных назіральнікаў па міжнародных стандартах;вызвалення ўсіх палітвязняў у краіне;разбору і справядлівага пакарання ўсіх супрацоўнікаў, якія дапусцілі ўжыванне сілы супраць мірных дэманстрантаў і праводзілі незаконныя затрыманні грамадзян.
— З панядзелка, 24 жніўня, мы з Уладзімірам Зайцавым прыходзім на працу да 9 гадзін, сыходзім у 18.00. Сядзім на ў фае, працоўныя абавязкі не выконваем: гэта працоўны страйк, — паведаміла TUT.BY Іваноўская.
Таццяна кажа, што патрабаванняў да ТРК «Віцебск» у іх з Уладзімірам ніякіх няма, ёсць толькі грамадзянскія патрабаванні:
— Мы патрабуем правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, прыцягнення да адказнасці супрацоўнікаў, якія ўжывалі сілу да мірных дэманстрантаў. У такой сітуацыі нельга заставацца ўбаку. Я чалавек кампрамісаў, калі гэта тычыцца нейкіх іншых праблем. Але цяпер няма паўтонаў: ты — ці белае, ці чорнае. Зараз для ўсіх — час выбару, і пазіцыя павінна быць канкрэтная. Немагчыма думаць адно, казаць другое, а рабіць трэцяе. Чалавек, які паважае сваю ўнутраную свабоду, свае грамадзянскія пазіцыі, не можа заставацца ў баку, калі патаптаныя законы.
Па словах Таццяны Іваноўскай, за паўтары дні кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі, а таксама адміністрацый горада і вобласці пакуль ніяк афіцыйна не адрэагавала на страйк.
— Нам дазволілі сядзець у фае. Ніякага прэсінгу на нас няма, прынамсі пакуль.
Пры гэтым тэлевізійнікам аказваюць падтрымку калегі і гараджане:
— Людзі падтрымліваюць, кветкі вось мне прынеслі. Калегі вельмі добра рэагуюць. Хтосьці грушы прыносіць, хтосьці печыва. Шмат тых, хто падыходзіць, цісне руку і просіць прабачэньня, што не з намі.
Паводле tut.by