Пажыццёвае для «мясніка»
У мінулы чацвер шведскі суд прыгаварыў былога іранскага чыноўніка да пажыццёвага зняволення за ўдзел у масавых забойствах і катаваннях палітычных зняволеных. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі іранская службовая асоба была прыцягнута да адказнасці за масавыя зверствы супраць дысідэнтаў.
Падлятаючы да аэрапорта Стакгольма ў лістападзе 2019 года, былы іранскі чыноўнік 61-гадовы Хамід Нуры, напэўна, нават не падазраваў, які сюрпрыз яго чакае на зямлі. Ледзь не каля трапу яго сустрэў паліцэйскі патруль з пракурорскім ордэрам на арышт.
Здзіўлены іранец даведаўся, што шведская Феміда ўзгадала некаторыя старонкі ягонай біяграфіі ў далёкіх 80-х. Тады Нуры адказваў за масавыя забойства і катаванні палітычных зняволеных у дзвюх іранскіх турмах.
Пра тыя падзеі сёння ўжо амаль забыліся. Між тым, у свой час яны былі ў топе сусветных навінаў, што нядзіўна з улікам колькасці ахвяраў і маштабаў рэпрэсій. Па падліках праваабаронцаў, за пяць месяцаў у 1988-м у Іране былі пакараныя ад 5 тысяч да 28 тысяч палітычных вязняў іранскіх турмаў.
Пераважна гэта былі актывістыі «Муджахедзін-э Халк» — ваенна-палітычнай левай арганізацыі, якая выступала за звяржэнне клерыкальнага рэжыму ў Іране і практыкавала нават баявыя замахі на функцыянераў. Некаторыя з ахвяр былі забітыя з-за сваіх рэлігійных перакананняў — таму што яны былі атэістамі або мусульманамі, якія прытрымліваліся не афіцыйнай версіі ісламу.
Людзей забівалі без будзь якой судовай працэдуры, выключна на падставе тайнай інструкцыі ад Вярхоўнага лідара Ірана. У ёй аятала патрабаваў забіць усіх «адступнікаў ад ісламу», у лік якіх запісаў і апазіцыянераў. Як правіла, зняволеных грузілі ў аўтапагрузчыкі групамі па шэсць чалавек і прама ў турмах вешалі на будаўнічых кранах, якія выконвалі функцыю шыбеніц. Праз паўгадзіны трупы здымалі і вешалі новую партыю. Прычым, не шкадавалі сілавікі і жанчын.
Свет быў, мякка кажучы, у шоку. Шмат краінаў назвалі расправу злачынствам супраць чалавечнасці. Засвяціўся ў тых падзеях і Намід Нуры, які менавіта ў 88-м атрымаў мянушку «мяснік» і трапіў у поле зроку праваахоўнікаў. Нарэшце, у 2019-м яны высачылі яго ў аэрапорце Стакгольму.
Безумоўна, у справу тут жа ўмяшаліся іранскія дыпламаты. Прадстаўнік іранскага пасольства ў Швецыі прыбыў у аэрапорт і, спасылаючыся на нейкія міжнародныя пакты, паспрабаваў вызваліць суайчынніка. Але тут высветлілася, што шведскае заканадаўства змяшчае цікавы пункт. У адпаведнасці з ім, мясцовыя суды могуць судзіць як грамадзян Швецыі, так і іншых грамадзян за злачынствы супраць міжнароднага права, учыненыя ў тым ліку за мяжой. Такім чынам, арышт Нуры не супярэчыў шведскаму закону.
Хутка стартаваў і судовы працэс, на якім бок абароны спрабаваў прадставіць падазраванага як звычайнага сціплага чалавека, які ў сілу абставінаў, без асаблівага жадання быў вымушаны выконваць злачынныя загады. У сваю чаргу абвінавачанне абапіралася на сведчанні тых, хто выжыў у крывавай лазні 1988-га. Некаторым з іх нават пашчасціла бегчы з Ірану і атрымаць прытулак у Швецыі. Па іх словах, Нуры прымаў актыўны ўдзел у пакараннях — асабіста заходзіў у камеры і агучваў спісы вязняў, якіх тут жа выводзілі на экзекуцыю.
Нельга прайсці міма аднаго кур'ёзнага моманту падчас працэсу. Адвакаты Нуры спрабавалі давесці, што арышт іх кліента — гэта асабістая помста нейкіх іранскіх апазіцыянераў, якія сфабрыкавалі справу. Аднак аказалася, што «мясніка», што называецца, здаў яго былы зяць. Па нейкіх прыватных прычынах ён меў зуб на цесця і напярэдадні яго ад'езду ў Швецыю праінфармаваў аб гэтым лонданскіх юрыстаў-праваабаронцаў. Тыя перадалі інфармацыю ў шведскі МУС.
Так ці інакш, 14 ліпеня Акруговы суд Стакгольму пастанавіў, што Хамід Нуры, «сумесна і ў змове з іншымі ўдзельнічаў у пакараннях, якія можна разглядаць як сур'ёзнае злачынства супраць міжнароднага права». Дзеянні Нуры дазваляюць асудзіць яго на пажыццёвае турэмнае зняволенне.
Прысуд быў сустрэты пад апладысменты сотняў іранскіх палітэмігрантаў, якія сабраліся ля будынку суда. Сярод іх былі, дарэчы, і тыя, якія правялі ў турмах на радзіме больш за дзесяць гадоў. Зрэшты, некаторым хацелася б, каб прысудам Нуры справа не абмежавалася. Нацыянальная рада супраціву Ірана — апазіцыйная кааліцыя ў дыяспары, заявіла, што «правасуддзе пераможа», калі ўсе вышэйшыя службовыя асобы паўстануць перад судом.
Трэба прызнаць, што справа Нуры яшчэ не скончаная. Судзячы па ўсім, Тэгеран вырашыў не абмежавацца нотамі пратэсту і абраў тактыку гандлю людзьмі. Незадоўга да заканчэння судовага працэсу іранскія СМІ паведамілі, што нейкі шведска-іранскі даследчык асуджаны на смяротнае пакаранне па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць Ізраіля. Прыблізна ў той жа час стала вядома, што ў Іране затрыманы шведскі турыст. Пачакаем рэакцыі Стакгольму.