Мікалай Аўтуховіч на адзінаццаты дзень сухой галадоўкі не змог сядзець у судзе
Прадпрымальнік з Ваўкавыску 11 дзён ня есьць і ня п’е. Ён ужо ня можа сядзець, ягоны стан блізкі да крытычнага. Як стала вядома «Св*бодзе», Мікола Аўтуховіч сёньня прысутнічаў на судовым паседжаньні ў будынку горадзенскай турмы. Яму па-ранейшаму выдзяляюць у залі асобную цесную клетку. Ён выглядае кепска.
На пытаньне, ці можа ён сядзець, падсудны адказаў, што
здолее, калі паляжыць 15 хвілін, а інакш ня можа. На пытаньне, ці патрэбны яму
лекар, вязень адказаў, што той усё роўна нічым ня здолее дапамагчы. Лекар
заявіў, што Аўтуховіч выглядае адпаведна чалавеку, які галадае без вады 11-ы
дзень.
У судзе абвясьцілі перапынак да панядзелка, гэта будзе 15-ы
дзень галадоўкі, калі Мікола не пачне піць і есьці.
Учора стан Аўтуховіча рэзка пагоршыўся: узмацніліся болі ў
жываце, пачалася рэзь, стаў надта часты пульс. Лекар агледзеў яго і паведаміў,
што патрэбны дадатковы агляд. У судзе праз гэта зрабілі перапынак. Але ўрэшце
вязьню не дапамаглі. Укол, які яму рабілі ўчора перад паседжаньнем, не палепшыў
ягонае самаадчуваньне.
Цяпер ён у карцары, дзе няма ложка, а нары могуць апусьціць
толькі на ноч (гэтае правілы не заўжды выконваюць для «палітычных»). Заўтра ён
мае перайсьці ў звычайную камэру.
Раней стала вядома, што Аўтуховіч моцна абязводжаны, у яго
перасохлі вусны і язык, ад яго ідзе моцны пах ацэтону.
Мікола Аўтуховіч патрабуе сваім галадаваньнем толькі аднаго
— каб яму пачалі перадаваць лісты ад сваякоў і іншых людзей. Нядаўна абарвалася
ліставаньне нават са старой маці.
Аўтуховіч — беларускі рэкардсмэн у турэмным галадаваньні. У
2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005–2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У
2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.
Міколу Аўтуховічу 59 гадоў, ён вэтэран вайны ў Афганістане,
ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадзкі актывіст. За кратамі ён больш як паўтара
года. Усяго ў «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек. Гэта трэцяе ягонае
зьняволеньне.