«Моцна абязвожаны, перасохлі вусны». У якім стане Мікалай Аўтуховіч, які восьмы дзень трымае сухую галадоўку

Стала вядома, што адзінае патрабаванне Мікалая — зняць абмежаванні на ліставанне. Пра гэта распавяла карыстальніца фэйсбуку Святлана Богусь.

294672291_10225797935162444_2575992500578742981_n.jpg

«Мікалай восьмы дзень трымае сухую галадоўку (нічога не есць і не п'е), ён ужо моцна абязвожаны, перасохлі вусны і язык, — піша Святлана Богусь. — У такой сітуацыі яго з пятніцы змясцілі ў карцар з нейкай фармальнай прычыны (як і Вольгу Маёраву), доктар да яго прыходзіў таксама ў пятніцу (тры дні таму), але ніякіх аналізаў не рабілі. Скардзіцца на здароўе гэты ўпарты моцны чалавек катэгарычна адмаўляецца. Адзінае патрабаванне, якое Мікалай выставіў, каб спыніць галадоўку, — зняць абмежаванні на ліставанне. Умова цалкам выканальная, але адзіная рэакцыя на яе — лісты перасталі даходзіць нават маме.

Я прашу падтрымаць Мікалая малітвай. Таксама мае сэнс адпраўляць яму ваду без газу, сокі, дзіцячыя фруктовыя пюрэ (у дой-паках), мёд (у пластыкавых пакунках), каб у яго было ўсё неабходнае, каб у любы момант пачаць выхад з галадоўкі. Ну і лісты пісаць усё адно варта, бо кропля камень точыць, можа, чыёсьці пасланне дойдзе да адрасата.

Адрас: вул. Кірава, 1, турма 1, к. 27, 230023, г. Гродна.

Аўтуховічу Мікалаю Мікалаевічу».