На парозе Кіберкастрычніка
На носе — новая сацыяльная рэвалюцыя. Калі верыць спецыялістам, ужо праз 15–20 гадоў. Прычым стрэлу Аўроры —
сімвалічнай падзеі, што павінна сведчыць пра надыход новай эры — гэтым
разам не будзе.
Па сутнасці, паўторыцца тая самая схема, якая была з мабільнікамі або інтэрнэтам. Спачатку яны ўспрымаліся людзьмі хутчэй як забаўка або як знак сацыяльнага статусу, аднак не самы важны атрыбут жыцця. Аднак сёння ўжо цяжка ўявіць наш побыт без гэтых прыладаў. Гэтак жа праз пару дзесяцігоддзяў чалавецтву будзе незразумела, што рабіць без робатаў, якія будуць выконваць за людзей вялікі кавалак паўсядзённай працы.
Пакуль сярод спецыялістаў няма адзінай думкі наконт таго, якія працоўныя сферы дакладна зоймуць машыны. На думку найбольш смелых футуролагаў, штучны розум будзе здольны замяніць чалавека нават у крэатыўных прафесіях, кшталту перакладчыкаў. Але няма сумневаў, што прымітыўныя кваліфікацыі — будаўнікоў, працаўнікоў на канвееры або шафёраў — нават цяперашнім машынам адолець пад сілу.
Ужо сёння ёсць краіны, якія карыстаюцца аўтаномнымі грузавікамі для дастаўкі тавараў. Калі так будзе і далей, катаклізмаў не пазбегнуць. Кіроўца грузавіка — адно з самых распаўсюджаных працоўных месцаў у Амерыцы (каля 3,5 мільёна). Што будзе праз пяць гадоў, калі іх заменяць на транспартныя сродкі, якія не маюць патрэбы ў кантролі з боку чалавека?
Па факце мы будзем мець радыкальную трансфармацыю грамадства, калі проста знікне цэлы пласт прафесіяналаў, якіх Маркс называў «вытворчым пралетарыятам». Як следства, дзясяткі мільёнаў працоўных месцаў могуць быць страчаныя ў максімальна кароткія тэрміны (5–10 гадоў) — больш, чым было страчана ў час Вялікай рэцэсіі.
Дасюль у экспертным клубе няма адказу, што рабіць з такой колькасцю людзей. Адны кажуць, што без працы яны не застануцца. Лічыцца, што эра машынаў будзе патрабаваць вялікай колькасці спецыяльнасцяў, пра якія мы сёння нават не ведаем.
Іншыя кажуць, што капіталізм будзе не ў стане вырашыць гэта пытанне. З аднаго боку, вялікую масу беспрацоўных трэба карміць, каб не паўтарыліся працэсы, што назіраліся падчас крызісу 1919 года: у тыя часы дэмакратыя як мадэль аказалася пад пытаннем.
Па-другое, з кожным днём машыны будуць забіраць у чалавека ўсё новыя і новыя сферы дзейнасці — аж да выканання функцый дзяржаўных менеджэраў і хірургаў. У гэтай сітуацыі чалавецтва будзе вымушанае пераходзіць на рэйкі аўтаматызаванага камунізму, як толькі робаты зоймуць усе працоўныя месцы.
Аднак той камунізм будзе мець значную праблему. Апісаная перспектыва вымушае ставіць нязручнае пытанне: ці не ахопіць робатаў у адзін цудоўны дзень пачуццё класавай нянавісці да эксплуататараў-гомасапіенс? Ці не пачнуць яны, падобна рабочым ХІХ стагоддзя, ствараць прафсаюзы, фармаваць палітычныя патрабаванні і, нарэшце, займацца канспіратыўнай працай па падрыхтоўцы рэвалюцыі? Пра такі варыянт развіцця цывілізацыі кажа той жа вядомы філосаф Славой Жыжэк.
Праўда, версія пра прафсаюзы робатаў — гэта для гурманаў. Бунт машынаў можа пачацца з-за значна банальнейшых прычынаў. Адзін брытанскі прафесар прапанаваў наступны алгарытм выхаду машыны з-пад кантролю людзей праз прыклад з сашчэпкамі: «Вы ставіце перад штучным інтэлектам задачу рабіць сашчэпкі — як мага больш і лепш. Робат у нейкі момант разумее, што чалавек уяўляе пагрозу, таму што можа выключыць кампутар — што будзе супярэчыць задачы рабіць як мага больш сашчэпак».
Як бачым, будучыня выглядае дастаткова інтрыгуючай. Адно можна сцвярджаць дакладна: на фоне такіх тэктанічных зрухаў у свеце пытанне Кастрычніцкай рэвалюцыі і розныя яе аспекты хутка шмат у чым згубяць цяперашнюю актуальнасць. Хіба толькі галоўны робат-рэвалюцыянер у будучыні возьме сабе канспіратыўную мянушку «Ленін».