МЗС Украіны абвінаваціла сепаратыстаў у грубым парушэнні мінскіх пагадненняў 9 мая
У грубым парушэнні мінскіх пагадненняў абвінаваціла МЗС Украіны данбаскіх сепаратыстаў.
"У дні, калі цывілізаваны свет адзначаў 70-ю гадавіну Перамогі над нацызмам, незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей Украіны праведзена дэманстрацыя цяжкай ваеннай тэхнікі і ўзбраення, — гаворыцца ў заяве, што паступіла ў БелаПАН. — Разглядаем падрыхтоўку і правядзенне 9 мая г.г. у Данецку і Луганску т.зв. "ваенных парадаў", падчас якіх былі прадэманстраваны 155 мм гаўбіцы 2А65 "Мста-Б", 122 мм гаўбіцы 2С1 "Гваздзік", рэактыўныя сістэмы залпавага агню БМ-21 "Град", а таксама іншая ваенная тэхніка, у прыватнасці зенітна-ракетныя комплексы "Страла-10", танкі Т-72, БТР-80, БМП-1, як грубае парушэнне пункта 2 "Комплексу мер па выкананні мінскіх пагадненняў" ад 12 лютага гэтага года". Гаворка ідзе пра адвод цяжкага ўзбраення на дзясяткі кіламетраў ад лініі межавання. Тым часам Данецк і Луганск знаходзяцца паблізу лініі фронту.
Паводле меркавання ўкраінскага знешнепалітычнага ведамства, у чарговы раз пацверджана маштабная пастаўка Расіяй розных тыпаў узбраення і аказанне матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі незаконным узброеным
фарміраванням, "якія арудуюць на Данбасе".
"Названыя правакацыйныя дзеянні былі ажыццёўлены, нягледзячы на неаднаразовыя перасцярогі з боку Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне аб тым, што размяшчэнне любога цяжкага
ўзбраення ў забароненай "Комплексам мер" зоне або для правядзення "вучэнняў", або для дэманстрацыі ваеннай тэхнікі парушае мінскія дамоўленасці", —
падкрэслівае МЗС.
Украіна заклікае сусветную супольнасць "прыняць рашучыя меры ў падтрымку выканання мінскіх дамоўленасцяў", а Расію — "асудзіць безадказныя дзеянні баявікоў,
скіраваныя на зрыў мірнага працэсу".
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН