Апублікаваныя галоўныя тэзісы дакладу Нямцова «Пуцін. Вайна»
Расійскія апазіцыянеры апублікавалі даклад пра вайну ў Данбасе, складзены групай экспертаў з выкарыстаннем напрацовак Барыса Нямцова.
У даследаванні робяцца спробы ацаніць агульныя страты арміі і бюджэту Расіі ад вайны ва Украіне. Ідэя дакладу «Пуцін. Вайна» пра ролю Расіі ў анексіі Крыму і ўдзел расійскіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях ва Ўкраіне належыць забітаму сустаршыні партыі РПР-ПАРНАС Барысу Нямцову, піша РБК.
Гэтае даследаванне палітык збіраўся супрацьпаставіць афіцыйнай версіі падзеяў.
«Я прыдумаў, што рабіць. Трэба напісаць даклад „Пуцін. Вайна“, выдаць яго вялізным накладам і раздаваць на вуліцах. Распавядзем, як Пуцін развязаў гэтую вайну. Толькі так мы пераможам прапаганду», — прыводзяцца словы Нямцова ў дакладзе.
У адкрытым доступе 64-старонкавы даклад Барыса Нямцова пра вайну Расіі на Данбасе з'явіцца ўдзень 12-га траўня пасля прэзентацыі. Галоўныя тэзісы дакладу расследавання.
1. Не менш за 150 расійскіх салдат загінулі ў жніўні 2014 году, паводле адзнак крыніц Нямцова. Тады ўкраінская армія перайшла ў наступ, але была спыненая пад Ілавайскам расійскімі войскамі. Сваякі забітых вайскоўцаў, як паведамляецца ў дакладзе, атрымалі па 2 мільёны расійскіх рублёў і далі падпіску пра неразгалошванне абставінаў гібелі.
2. Каля 70 расійскіх салдат (у тым ліку не менш як 17 дэсантнікаў з Іванава), паводле Нямцова, загінулі ў студзені-лютым 2015 году пад горадам Дэбальцава. Прадстаўнікі інтарэсаў сваякоў вайскоўцаў у лютым звярнуліся да Нямцова па дапамогу, бо не маглі дамагчыся кампенсацыяў. У дакладзе гаворыцца, што на той момант салдат, якія адпраўляюцца ў Данбас, пачалі звальняць з войска і выдаваць за добраахвотнікаў. Мінабароны Расіі абяцала плаціць кампенсацыі за смерць і калецтвы, нягледзячы на звальненне. Аднак, сцвярджаецца ў дакладзе, гэта абяцанне выканана не было.
3. Каля 53 мільярдаў рублёў было выдаткавана з расійскага бюджэту на вайну на паўднёвым усходзе Ўкраіны за дзесяць месяцаў — такую ацэнку даў суаўтар дакладу, дырэктар па макраэканамічных даследаваннях Вышэйшай школы эканомікі Сяргей Аляксашанка. Ён выказаў здагадку, што 21 мільярд рублёў спатрэбілася на ўтрыманне 6 тысячаў добраахвотнікаў, 25 мільярдаў рублёў — на падтрымку 30 тысячаў мясцовых баевікоў, 7 мільярдаў рублёў — на эксплуатацыю, абслугоўванне і рамонт тэхнікі.
4. Два трыльёны рублёў са сваіх заробкаў і 750 мільярдаў рублёў са сваіх зберажэнняў, паводле падліку Аляксашанкі, страцілі расійцы за год пасля анексіі Крыму. Эканаміст тлумачыць, што ў сувязі з заходнімі санкцыямі і прадуктовымі эмбарга ў адказ цэны дадаткова выраслі на 5,5%.