Парашэнка звольніў Ежаля з пасады амбасадара Украіны ў Беларусі
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка звольніў Міхаіла Ежаля з пасады амбасадара Украіны ў Беларусі.
Як паведамляецца на сайце прэзідэнта Украіны ў аўторак, адпаведны ўказ №262 быў падпісаны 11 траўня.
«Звольніць Ежаля Міхаіла Браніслававіча з пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Украіны ў Рэспубліцы Беларусь», — гаворыцца ў ім.
Нагадаем, Міхаіл Ежаль быў прызначаны паслом у Беларусі 3 красавіка 2013 года былым прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам. Дагэтуль ён быў міністрам абароны Украіны, яшчэ раней — галоўнакамандуючым Ваенна-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
У жніўні 2014 Генпракуратура Украіны прад'явіла Ежалю падазрэнні ў рамках расследавання крымінальных спраў, якія тычацца знішчэння тылавога забеспячэння ўкраінскага войска.
Міхаіл Ежаль быў выкліканы на допыт у Кіеў, аднак украінскім уладам паведамілі, што з 10 жніўня 2014 Ежаль знаходзіўся на лячэнні ў вайсковым шпіталі ў Менску і таму не можа вярнуцца ва Украіну.
У лютым 2015 ГПУ адправіла запыт у Генпракуратуру Беларусі, каб высветліць, дзе знаходзіцца Ежаль і які стан ягонага здароўя. «Аднак у атрыманні запытанай інфармацыі Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь адмовіла», — паведаміла тады Генеральная пракуратура Украіны.