Мінабароны Украіны: Расія засяродзіла на межах каля 140 тысяч вайскоўцаў
На межах з Украінай Расія засяродзіла каля 140 тысяч вайскоўцаў. Такую лічбу па стане на 16 лютага назваў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў.

«Калі не памыляюся, па стане на ўчора было 125 тысяч наземнага кантынгенту, а калі браць марскі і паветраны складнік — то гэта дзесьці пад 140 тысяч прыкладна», — сказаў ён у інтэрв'ю «РБК-Україна», перадае REFORM.by.
Міністр таксама абверг выказванне Уладзіміра Пуціна аб засяроджванні Украінай 120 тысяч вайскоўцаў каля Данбаса.
«Я глядзеў брыфінг прэзідэнта Макрона з прэзідэнтам Расіі, дзе Пуцін заявіў, што ў зоне правядзення ААС на ўсходзе Украіны знаходзіцца 120 тысяч украінскіх вайскоўцаў. І гэта абсалютная няпраўда», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, колькасць украінскіх сіл прыкладна адпавядае колькасці сіл у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей.
«Мы ацэньваем, што ў АРДЛА (акупаваныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей) у акупацыйным кантынгенце — гэта першы і другі вайсковыя корпусы РФ, дзе камандуюць дзве тысячы расійскіх афіцэраў — 35 тысяч чалавек. У нас такая ж колькасць вайскоўцаў, плюс-мінус у парадку такіх жа лічбаў», — дадаў ён.