Ілан Маск пакідае Белы дом. Дасье ў карыкатурах
Пятніца 30 траўня стала апошнім днём працы Ілана Маска ў якасці афіцыйнага дарадцы прэзідэнта Дональда Трампа і кіраўніка аднаго з дэпартаментаў. За кар’ернымі перамяшчэннямі Маска сочаць і карыкатурысты.
Сыход Маска ў нечым парадаксальны, паколькі яшчэ некалькі месяцаў таму яго называлі галоўным нефармальным лідарам у свеце. Выдаткаваўшы мільёны долараў на перадвыбарчую падтрымку Трампа, пасля яго перамогі Маск выглядаў як ледзь не самы магутны чалавек у Белым доме, што фіксавалі карыкатурысты.

У сваім урадзе Трамп даручыў Маску новы кірунак. Мільярдэр стаў кіраўніком Дэпартамента эфектыўнасці ўрада ЗША (скарочана называецца DOGE). На новай пасадзе Ілон абяцаў зрэзаць дзяржвыдаткі на два трыльёны долараў за кошт скарачэння штату. Паколькі DOGE гучыць як DOG — (бел: сабака) новую ўстанову сталі адлюстроўваць у выглядзе сабакі.

Пры Маске DOGE разгарнуўся не на жарт. Маск тысячамі звальняў дзяржслужачых і закрываў міністэрствы і службы, разагнаўшы ў тым ліку USAID — агенцтва, якое размяркоўвала міжнародную дапамогу ЗША. Некаторым гэта нагадвала пагром. Не выпадкова карыкатурыст часопіса The New Yorker параўнаў Маска з персанажам хулігана з фільма «Завадны апельсін».

Аднак паступова ініцыятывы Маска на пасадзе кіраўніка DOGE сталі выклікаць крытыку. Большасць выбаршчыкаў дзейнага прэзідэнта, ды і не толькі яны, ухваляюць ідэю скарачэння раздзьмутага дзяржапарату. А вось чаму звальняюць людзей, якія праслужылі часам дзясяткі гадоў на сваіх пасадах, зразумелі далёка не ўсе з іх. Адзін з карыкатурыстаў адлюстраваў Маска як слана ў пасуднай краме. Дый агульны вынік працы Маска вельмі спрэчны. Паводле экспертаў, DOGE скараціў выдаткі максімум на некалькі дзясяткаў мільярдаў долараў — гэта нязначная сума ў маштабах бюджэту ЗША.

Патрапілі пад руку Маска і вядомыя радыёстанцыі — «Свабода - Свабодная Еўропа» і «Голас Амерыкі». Адзін з мастакоў праілюстраваў наступным чынам як Трамп затыкае рот дыктару «Голаса Амерыкі».

Буйной палітычнай няўдачай мільярдэра сталі выбары ў Вярхоўны суд штата Вісконсін, якія адбыліся ў красавіку. Маск актыўна падтрымаў рэспубліканца Брэда Шымела, асабіста за яго агітаваў і фінансаваў яго выбарчы штаб. Але ў выніку яго пратэжэ прайграў, а аналітыкі наўпрост звязалі гэта з узрослай непрыязнасцю людзей да Маска, параўнаўшы выбары ў Вісконсіне з рэферэндумам аб даверы яму і ўсёй адміністрацыі Трампа. Тэматычны малюнак аднаго з мастакоў.

Правал у Вісконсіне быў успрыняты вельмі балюча сярод рэспубліканцаў. У выніку Маск заявіў, што мае намер скараціць свой удзел у палітычнай дзейнасці і больш часу надаць бізнесу.
Тым больш акцыі ягонай кампаніі Tesla ўпалі на 15% з пачатку года. Пры гэтым у кампаніі прызнаюць, што продажам шкодзяць у тым ліку «палітычныя настроі», а менавіта непрыязнасць да Ілона. Нядзіўна, што многія мастакі-крытыкі Трампа любяць здзекавацца з праблем, на якія пакутуе бізнэс Маска. Апошняму цяпер давядзецца ратаваць сітуацыю.

Зрэшты, казаць пра тое, што Маск цалкам сыходзіць з палітыкі, рана. Як піша ABC News, мільярдэр працягне выконваць функцыі неафіцыйнага дарадцы Трампа. Таму спадзявацца на тое, што заўтра, пасля сыходу Маска, усё стане, як раней, пакуль не варта.