Як Маск і Трамп пасварыліся. Дасье ў карыкатурах

 Ілан Маск і Дональд Трамп на пацеху публікі пікіруюцца ў сацсетках. Карыкатурысты назапасіліся папкорнам і фіксуюць гэты момант для гісторыі.

Прыкладна тыдзень таму мільярдэр Ілан Маск пакінуў адміністрацыю Дональда Трампа. Лічылася, што галоўным матывам кроку быў лёс ягонай кампаніі Tesla, якая перажывае не лепшыя часы. Менавіта таму мастак часопіса The Week адлюстраваў, як Маск пакідае Белы дом на машыне «Tesla», якая выглядае як пасля аварыі. 

photo_2025_06_09_10_13_53.jpg

Але нечакана аказалася, што сыход Маска меў палітычныя падставы. Ілан Маск раскрытыкаваў законапраект аб скарачэнні дзяржвыдаткаў, назваўшы яго «агіднай мярзотаю». Каментары Маска закранулі Трампа за жывое. Трамп у сваю чаргу заявіў, што быў «вельмі здзіўлены» і «расчараваны» крытыкай з боку былога саюзніка. Пасля гэтага візаві перайшлі на больш сакавітыя выразы. Адзін з графікаў пракаментаваў абмен меркаваннямі паміж прэзідэнтам і мільярдэрам наступным малюнкам. 

photo_2025_06_09_10_13_56.jpg

У кантэксце баталій на сыход Маска з каманды Трампа пачалі глядзець інакш. Камусьці гэта нагадала вялікі тэрор часоў Сталіна.

photo_2025_06_09_10_13_59.jpg

Эмоцыі ў пастах Трампа і Маска настолькі зашкальвалі, што многія параўноўвалі слоўную дуэль палітыкаў з бытавымі разборкамі…

photo_2025_06_09_10_14_02.jpg

…або з бойкай школьнікаў.

photo_2025_06_09_10_14_06.jpg

Кульмінацыяй стаў наступны пост Маска: «Настаў час скінуць сапраўды вялікую бомбу: Трамп ёсць у «файлах Эпштэйна». Джэфры Эпштэйн (1953-2019), нагадаем, лічыўся стваральнікам сеткі па ўцягванні ў прастытуцыю і сэксуальную эксплуатацыю непаўналетніх дзяўчат, некаторых з якіх ён гвалтаваў сам або прадаваў заможным кліентам. Маштаб яго «бізнэсу» ўразіў у тым ліку графікаў, адзін з якіх адлюстраваў Эпштэйна ў выглядзе д'ябла.

photo_2025_06_09_10_14_08.jpg

Сярод кліентаў Эпштэйна — самыя вядомыя палітыкі і публічныя фігуры, чые імёны нібыта знаходзяцца ў т.зв. «файлах Эпштэйна», якія, калі верыць аматарам тэорыі змовы, улада хавае ад публікі. Так ці інакш, але заява Маска — вельмі сур’ёзны кампрамат.

Хоць неўзабаве Маск прыбраў пост пра прысутнасць Трампа ў файлах Эпштэйна, пакуль не падобна, што паміж ім і прэзідэнтам наладзіліся адносіны. І, мяркуючы па каментарах у сеціве, такі расклад вельмі падабаецца простым людзям. Такая яна прырода чалавека. Сапраўды, што можа быць весялей, чым назіраць за тым, як сварацца мільярдэры і прэзідэнты. І, дарэчы, не толькі звычайным людзям гэта дастаўляе задавальненне. Калі верыць аднаму з карыкатурыстаў, задаволены тым, што адбываецца, і Дзядзька Сэм – сімвал ЗША, чые гістарычныя каштоўнасці і прынцыпы спрабуе перагледзець цяперашні кіраўнік адміністрацыі Белага Дома.

photo_2025_06_09_10_14_10.jpg