The New York Times: Расія робіць своеасаблівае «адраджэнне кавалерыі»

Расійская армія на фронце ва Украіне перайшла на новую тактыку штурмаў. Гэта дазволіла ёй у траўні захапіць удвая больш тэрыторыі, чым у красавіку. Але, нягледзячы на такі рост, дасягненні Расіі ва Украіне ўсё роўна не вельмі значныя — асабліва ў параўнанні з затрачанымі высілкамі. Ідзе 1208-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

_viyskovi_tank_zima_gettyimages_1244125926_b036517d049f9a082792a81711201036_650x410.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне адбылося 203 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 15 чэрвеня. Больш за ўсё баёў адбываецца па-ранейшаму на Пакроўскім кірунку — там спынена 58 наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Малінаўкі, Міралюбаўкі, Лісоўкі, Новасергіеўкі, Удалага, Арэхавага і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 34 спробы прарваць абарончыя рубяжы паблізу Разліву, Багатіру, Навасёлкі і ў кірунку Запарожжа, Дачнага, Шаўчэнка, Вольнага Поля.

На Ліманскім і Тарэцкім кірунках расіяне атакавалі па 21 разу на кожным. Па пяць атак адбіта на Купянскім і Северскім кірунках.

На Курскім кірунку падраздзяленні Сіл абароны Украіны ўчора адбілі 39 атак арміі РФ.

* * *

У ноч на 15 чэрвеня аналітычны праект DeepState паведаміў аб прасоўванні расійскіх войскаў каля трох населеных пунктаў у Луганскай і Данецкай абласцях. Згодна з абноўленай мапай баявых дзеянняў, расійскія войскі ажыццявілі частковае прасоўванне паблізу Белагораўкі на Северскім кірунку ў Луганскай вобласці, а таксама каля Атраднага і Запарожжа на Новапаўлаўскім кірунку ў Данецкай вобласці.

* * *

Расійскія войскі спрабуюць выйсці на адміністрацыйную мяжу Данецкай і Днепрапятроўскай абласцей, прасоўваючыся адначасова з некалькіх бакоў, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Расійскія войскі паступова прасоўваюцца з трох тактычных кірункаў да вескі Новапаўлаўка з усходу, спрабуючы ўвайсці на тэрыторыю Днепрапятроўскай вобласці. Апублікаваныя відэаматэрыялы сведчаць аб прасоўванні расійскіх сіл у цэнтральнай частцы вёскі Арэхавае (на ўсход ад Новапаўлаўкі), якая, верагодна, была захоплена.

У ISW раней адзначалі, што РФ ажыццяўляе шматвектарнае наступленне на Днепрапятроўскую вобласць. У прыватнасці, атакі вядуцца з усходу, паўднёвага ўсходу і поўдня ў кірунку Новапаўлаўкі.

Эксперты адзначаюць, што падраздзяленні сіл абароны Украіны, верагодна, праводзяць контрнаступленне ў гэтым раёне. Апублікаванае 12 чэрвеня геалакацыйнае відэа паказвае на нязначнае прасоўванне УСУ на ўсходняй ўскраіне Аляксееўкі (на ўсход ад Новапаўлаўкі).

У пачатку гэтага тыдня расійскія афіцыйныя асобы заявілі пра нібыта прасоўванне войскаў РФ ужо на тэрыторыі Днепрапятроўскай вобласці. Гэтую інфармацыю абверглі ISW, аналітычны праект DeepState, старшыня Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак і нядаўна — прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

* * *

У ноч на 15 чэрвеня Расія атакавала Крэменчуг і Палтаву. РФ ўжыла па Кременчугу дзясяткі дронаў, крылатыя ракеты тыпу Калібр, аэрабалістычныя ракеты Х-47 М2 Кінжал і балістычныя ракеты Іскандэр-М.

Паведамляецца, што пацярпелых няма.

* * *

506215116_1067789355534142_7002176454519730647_n.jpg

* * *

Расійская армія на фронце ва Украіне перайшла на новую тактыку штурмаў з прыкметным вынікам. Яна спалучае ў сабе атакі дронаў і матацыклетныя штурмы, піша The New York Times.

У траўні войскі РФ захапілі прыкладна 278 квадратных кіламетраў украінскай зямлі, што больш чым удвая перавышае іх дасягненні ў красавіку, адзначае выданне. У гэтым годзе прыкметным змяненнем на фронце стала сістэматычнае выкарыстанне матацыклаў і грамадзянскіх аўтамабіляў для хуткага перамяшчэння на адкрытай мясцовасці. Але калі Украіна выкарыстоўвае іх для лагістычных патрэб, расійцы ідуць на гэтай тэхніцы ў штурмы.

«Гэта своеасаблівае адраджэнне кавалерыі, але з рухавікамі ўнутранага згарання», — сказаў аналітык Украінскага цэнтра абаронных стратэгій, палкоўнік Віктар Кеўлюк.

Галоўным напрамкам расійскіх намаганняў з'яўляецца Канстанцінаўка на Данбасе. Са слоў украінскіх вайскоўцаў, на некаторых участках гэтага кірунку колькасная перавага Расіі ў асабовым складзе складае 20 да 1.

Менавіта на Данбасе Расія актыўна ўжывае сваю новую тактыку. Спачатку расійскія беспілотнікі актыўна б'юць па ўкраінскай лагістыцы на пэўным участку, каб цалкам ізаляваць яе ад вонкавай падтрымкі. Затым ізаляваны ўчастак актыўна абстрэльваюць артылерыяй і авіябомбамі. Ужо пасля гэтага ў атаку ідуць малыя атрады штурмавікоў, і часцяком менавіта на матацыклах.

Як піша The New York Times, менавіта гэтую тактыку расійцы спрабуюць увасабляць максімальна сістэмна, што дае ім прыкметныя тактычныя поспехі.

* * *

Уладзімір Пуцін павіншаваў амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа з днём нараджэння. Падчас размовы яны абмеркавалі вайну ва Украіне і сітуацыю на Блізкім Усходзе, напісаў Трамп у Truth Social.

«Сёння раніцай Пуцін патэлефанаваў, каб павіншаваць мяне з днём нараджэння, але, што больш важна, пагаварыць пра Іран, краіну, якую ён вельмі добра ведае. Мы доўга размаўлялі. Значна менш часу было прысвечана Расіі і Украіне, але гэта будзе на наступным тыдні», — напісаў Трамп.

Ён адзначыў, што Пуцін сапраўды ажыццяўляе запланаваны абмен палоннымі. Як адзначыў амерыканскі прэзідэнт, вялікая колькасць палонных з абодвух бакоў была абмяняная ў гэтыя дні.

«Размова доўжылася прыкладна гадзіну. Ён, як і я, мяркуе, што вайна паміж Ізраілем і Іранам павінна скончыцца, на што я адказаў, што яго вайна таксама павінна скончыцца», — адзначыў лідар ЗША.