«Людзі будуць паміраць». Трамп скасаваў 5800 кантрактаў у межах USAID, многія з іх ратавалі жыцці
Шмат гадоў Злучаныя Штаты фінансавалі гуманітарныя праграмы па ўсім свеце, дапамагаючы людзям у нястачы. З прыходам да ўлады новай адміністрацыі на гэтым, як выглядае, пастаўлены крыж.

Калаж dziennik.com
Калі колькі тыдняў таму Дональд Трамп фактычна прыпыніў дзейнасць Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), у цэнтры ўвагі беларусаў аказалася ў асноўным сітуацыя з незалежнымі медыя. Многія СМІ, якія праз рэпрэсіі працуюць у выгнанні і больш не могуць зарабляць на рэкламе, страцілі фінансаванне і трапілі на мяжу выжывання. Пры гэтым за кадрам засталася сітуацыя з іншымі праграмамі агенцтва, многія з якіх накіраваныя літаральна на ратаванне жыццяў людзей.
На мінулым тыдні на гэта звярнула ўвагу амерыканскае выданне The New York Times, якое паведаміла пра скасаванне 5800 доўгатэрміновых кантрактаў USAID. Выявілася, што грошы накіроўваліся на барацьбу з ВІЧ, туберкулёзам, поліяміелітам і іншымі хваробамі, а таксама на гуманітарныя праекты, звязаныя з беднасцю і пакутамі людзей.
«Людзі будуць паміраць, — распавяла з гэтай нагоды Кэтрын К’ёбутунгі, выканаўчы дырэктар афрыканскага Цэнтра даследаванняў народанасельніцтва і здароўя. — Але мы ніколі не даведаемся, колькі іх загінула, таму што нават праграмы па падліку памерлых закрытыя».
У публікацыі прыводзяцца прыклады закрытых праектаў. Так, скасаваны грант (131 млн долараў) на праграму вакцынацыі супраць поліяміеліту, адзначаецца, што ЮНІСЕФ аплачвала планаванне, лагістыку і дастаўку прышчэпак мільёнам дзяцей. Скасаваны кантракт на 90 млн на барацьбу з малярыяй — сумесная з кампаніяй Chemonics праграма ахоплівала 53 млн чалавек.
Таксама былі разарваныя дамовы, якія закраналі галадаючых дзяцей, пастаўкі лекаў супраць сухотаў, лячэнні ліхаманкі Эбола, розных трапічных хвароб.
USAID фінансавала праекты па лячэнні ВІЧ, якія прадастаўлялі лекі 350 тысячам чалавек у Лесота, Танзаніі і Эсваціні. Неабходныя прэпараты атрымлівалі 10 тысяч дзяцей і 10 тысяч цяжарных жанчын.
У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга за кошт ЗША функцыянавала адзіная крыніца вады для 250 тысяч чалавек у лагерах для перамешчаных асоб. У Непале фінансаваліся прад- і пасляродавыя медыцынскія паслугі для 3,9 млн дзяцей і 5,7 млн жанчын. У Нігерыі — лячэнне ад цяжкага і вострага недаядання для 5,6 млн дзяцей і 1,7 млн жанчын. Цяпер, як адзначае медыя, 77 медыцынскіх устаноў у гэтай краіне цалкам спынілі лячэнне галадаючых дзяцей, што ставіць пад пагрозу жыцці 60 тысяч чалавек ва ўзросце да 5 гадоў.
Спынена медыцынскае абслугоўванне ў адным з раёнаў Судана, перасталі атрымліваць дапамогу 144 тысяч чалавек, якія недаядалі ў Бангладэш, 115 тысяч чалавек у Эфіопіі таксама аказаліся ва ўразлівым становішчы.
The New York Times падкрэслівае, што згаданыя 5800 кантрактаў былі скасаваныя напрыканцы зімы. 26 лютага Дзярждэпартамент разаслаў адпаведныя лісты арганізацыям у краінах Афрыкі і Азіі. Але, вядома, USAID дзейнічала і ў іншых рэгіёнах свету. У тым ліку і ў Беларусі, дзе, акрамя дапамогі грамадзянскай супольнасці і журналістам, аказвалася падтрымка жыхарам зон, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дзецям-сіротам, прыватнаму бізнесу і медыкам падчас пандэміі. У 2021 годзе на хвалі змагання з пратэсным рухам рэжым Лукашэнкі закрыў офіс арганізацыі ў Мінску.
Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці было заснаванае ў 1961 годзе, асноўнай мэтай было абвешчана доўгатэрміновае сацыяльна-эканамічнае развіццё іншых краін. Усе гэтыя гады амерыканцы выдзялялі грошы са свайго дзяржаўнага бюджэту на барацьбу з беднасцю ў розных краінах, эпідэміямі, наступствамі прыродных катастроф, паляпшэнне экалогіі і шмат што іншае. Фінансаваліся самыя розныя праграмы — гуманітарныя, навуковыя, даследчыя. Падтрымлівалася змаганне за правы чалавека, дэмакратычныя каштоўнасці, свабоду слова.
Адміністрацыя Дональда Трампа вырашыла ўсё гэта спыніць. У падтрымку такога рашэння выказваліся розныя аргументы. Казалі пра марнаванне грошай амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў, маўляў, гэтыя велізарныя дзясяткі мільярдаў ёсць куды ўкладаць і ў саміх ЗША. Чыноўнікаў агенцтва абвінавачвалі ў карупцыі, махлярстве і фінансаванні сумнеўных праграм. Гучалі заявы пра прыхаваную падтрымку тэрарызму, калі грошы, фармальна адрасаваныя на гуманітарныя мэты, у выніку траплялі, напрыклад, баевікам палесцінскай групоўкі ХАМАС.
Агулам можна сказаць, што прыпыненне працы агенцтва стала часткай барацьбы Трампа супраць адміністрацыі мінулага прэзідэнта Джо Байдэна, супраць Дэмакратычнай партыі і — шырэй — супраць левай ідэалогіі ў Штатах. Як заяўляў зацяты прыхільнік Трампа бізнесовец Ілан Маск, USAID пераследавала «радыкальна левыя мэты па ўсім свеце, уключаючы антыамерыканскія рэчы», і ўвогуле гэта «гэта не чарвівы яблык, гэта клубок чарвякоў».
Самы час задацца пытаннем: ці меў права Вашынгтон на такі ўчынак у дачыненні да свайго агенцтва? Адказ відавочны: канешне, меў. Хто грошы вылучае, той і іх гаспадар. Учора гаспадар быў шчодры і дапамагаў усім, хто меў патрэбу. Але сёння сітуацыя змянілася: у горадзе, так бы мовіць, новы шэрыф, і ён лічыць, што праблемы амерыканцаў больш важныя, чым цяжкасці насельніцтва ў Афрыцы ці на Блізкім Усходзе.
Але прынамсі адзін папрок новым амерыканскім уладам адрасаваць слушна. Ён датычыцца не зместу, але формы, у якой усё было зроблена. Усё ж так рэзка абрываць шматгадовыя сувязі — не самы разумны падыход.
Цягнік трэба спыняць павольна, на дыстанцыі, так, каб не пацярпелі пасажыры. А не дзёргаць стоп-кран, ператрасаючы і траўмуючы людзей у вагонах.
На добры лад Вашынгтону варта было абвясціць пра нейкі пераходны перыяд, папярэдзіць атрымальнікаў дапамогі, даць ім час на пошук альтэрнатыўных рашэнняў. Гэта змякчыла б наступствы — і ў шэрагу выпадкаў сапраўды б захавала калі не жыцці, то здароўе вялікай колькасці людзей.
Зрэшты, гэта ўсяго толькі маральны бок прынятага рашэння, а мараль, мякка кажучы, не з’яўляецца моцным бокам цяперашняй амерыканскай улады. Тое, што робіць Вашынгтон у дачыненні расійска-украінскай вайны, гэта вельмі добра паказвае.
Амерыка пад уладай Трампа робіць стаўку на рэзкасць, хуткасць, нахрапістасць, на знешнія спецэфекты і палітычны мачызм, на задавальненне вялікага эга свайго няўрымслівага кіраўніка. Калі ахвярамі гэтага стане пэўная колькасць людзей, то нічога страшнага, гэта проста спадарожныя страты. Вялікаму караблю — вялікае плаванне, праблемы планктону яго не цікавяць, а місія «Make America Great Again» усё спіша.