Больш ніякай дапамогі? Дасье ў карыкатурах
Дональд Трамп на тры месяцы замарозіў дзейнасць Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), што ў тым ліку паставіла пад пагрозу існаванне многіх незалежных беларускіх медыйных праектаў. Тэма выклікала шмат дыскусій. А «Новы Час» паглядзеў, як на рашэнне прэзідэнта ЗША адрэагавалі карыкатурысты.
Агенцтва было створана ў далёкім 1961-м у рамках рэалізацыі Закона аб знешняй дапамозе, які быў прыняты Кангрэсам ЗША. Галоўнымі напрамкамі арганізацыі дэкларавалася: развіццё эканомікі і дэмакратыі, ахова здароўя, садзейнічанне ў прадухіленні канфліктаў і прадастаўленне экстраннай гуманітарнай дапамогі.
З іншага боку агенты ЦРУ часта дзейнічалі за мяжой пад прыкрыццём USAID для змены ўрадаў або пераваротаў. Са свежых прыкладаў — дэмарш Балівіі, якая ў 2013 годзе спыніла супрацоўніцтва з Агенцтвам, спаслаўшыся на ўмяшанне USAID ва ўнутраныя справы краіны (яно перадавала шматмільённыя сумы сепаратысцкім групоўкам). Невыпадкова адзін з пакістанскіх графікаў параўнаў амерыканскія бамбардзіроўкі з дапамогай ад USAID.
![photo_2025_02_09_14_06_31.jpg photo_2025_02_09_14_06_31.jpg](/img/v1/images/photo_2025_02_09_14_06_31.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739106456&w=528)
Так ці інакш, у студзені 2025 года прэзідэнт Дональд Трамп распарадзіўся аб поўным замарожванні замежнай дапамогі USAID на 90 дзён для правядзення рэвізіі (ёй займаецца Ілан Маск). Прычына — магчымая неадпаведнасць праграм Агенцтва «амерыканскім каштоўнасцям» і мэтам знешняй палітыкі ЗША. Зрэшты, многія лічаць, што ўвесь сыр-бор узнік з-за жадання Трампа расправіцца з бюракратычным апаратам т.зв. deep state, які сімпатызуе дэмакратам і выкарыстоўвае рэсурс USAID. Не выпадкова пратрампаўская прэса публікуе карыкатуры, на якіх USAID шчыльна звязаная з гэтым самым deep state.
![photo_2025_02_09_14_06_33.jpg photo_2025_02_09_14_06_33.jpg](/img/v1/images/photo_2025_02_09_14_06_33.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739106506&w=528)
Меркаванні наконт прыпынення дзейнасці USAID падзяліліся. Некаторыя выданні іранізуюць над тымі, хто атрымліваў грошы, выконваючы супярэчлівыя праграмы USAID, а цяпер застаўся беспрацоўным. На гэтым малюнку журналіст з выдання, які фінансаваўся амерыканцамі, просіць міласціны, са словамі «дапамажыце журналісту прадоўжыць дэстабілізаваць краіны».
![photo_2025_02_09_14_06_36.jpg photo_2025_02_09_14_06_36.jpg](/img/v1/images/photo_2025_02_09_14_06_36.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739106538&w=528)
Іншыя ж спачуваюць народам, якія страцілі амерыканскую дапамогу. Напрыклад, насельніцтву Судана, які атрымліваў па лініі USAID «гуманітарку» праз масавы голад. На гэтым малюнку Ілан Маск выракае суданцаў на смерць.
![photo_2025_02_09_14_06_41.jpg photo_2025_02_09_14_06_41.jpg](/img/v1/images/photo_2025_02_09_14_06_41.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739106566&w=528)
Навіны з-за акіяна сталі падарункам для беларускіх і расейскіх прапагандыстаў, якія спрабуюць зрабіць USAID адказным за ўсе пратэсты. Вядучыя БТ нават абвінавацілі USAID у фінансаванні ўдзельнікаў пратэстаў 2020-га, што, вядома, тэхнічна немагчыма. Расійскі афіцыёз, у тым ліку мастакі, у сваю чаргу спрабуюць звязаць USAID з украінскім Майданам 2014-га і асабіста з Вікторыяй Нуланд — прадстаўніцай адміністрацыі ЗША ў Кіеве ў часы тых падзей.
![photo_2025_02_09_14_06_45.jpg photo_2025_02_09_14_06_45.jpg](/img/v1/images/photo_2025_02_09_14_06_45.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739106600&w=528)
Пакуль, падобна, галоўнай ахвярай рашэння Трампа з’яўляецца не амерыканскі deep state, а Украіна, дзе прыкладна 90 адсоткаў медыя фінансавалася праз USAID. Некаторыя палітыкі апасаюцца, што наступным крокам Вашынгтона будзе прыпыненне ваенных паставак Кіеву. Зрэшты, нейкі мастак лічыць, што нават у такім выпадку ўкраінцы працягнуць змагацца з дапамогай камбінацыі пальцаў.
![photo_2025_02_09_14_06_49.jpg photo_2025_02_09_14_06_49.jpg](/img/v1/images/photo_2025_02_09_14_06_49.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739106642&w=528)
Між тым, 3 лютага Ілан Маск паведаміў аб пачатку працэсу ліквідацыі Агенцтва па міжнародным развіцці ЗША, параўнаўшы пры гэтым арганізацыю са зграяй чарвякоў. У гэтым плане будучыня USAID і як мінімум аднаўленне працы шматлікіх СМІ пакуль пад пытаннем.
![photo_2025_02_09_14_06_52.jpg photo_2025_02_09_14_06_52.jpg](/img/v1/images/photo_2025_02_09_14_06_52.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739106674&w=528)