Цырк у Белым доме. Дасье ў карыкатурах
Пікіроўка Трампа і Зяленскага ў Авальнай зале Белага дому стала адной з галоўных тэм на старонках замежных медыя. Канешне, не абмінулі яе ўвагай і карыкатурысты.
У пятніцу 28 лютага свет стаў сведкам вельмі эмацыйнай сцэны. У Авальнай зале Белага дому прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс палаяліся з украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім. Кіраўнік Белага дома імкнуўся растлумачыць, што ў Украіны няма магчымасці працягваць баявыя дзеянні і што без амерыканскай дапамогі яна не змагла б пратрымацца і пару тыдняў. Зяленскі спрабаваў спрачацца і ўвесь час перабіваў суразмоўцаў, запэўніваючы, што Украіна адна ваявала з Расеяй. Пад канец сустрэчы Зяленскага папрасілі пакінуць Белы дом. Адзін з мастакоў адлюстраваў гэта наступным чынам.

Тое, што здарылася, было расцэнена як прыніжэнне Зяленскага. Некаторыя мастакі выяўляюць гэты акт знявагі занадта маляўніча.

Дасталася і віцэ-прэзідэнту Вэнсу, які не толькі ўдзельнічаў у сварцы, але, па чутках, спрабаваў нават збіць украінскага гаранта.

Зрэшты, некаторыя заходнія карыкатурысты лічаць, што маральным пераможцам канфлікту аказаўся менавіта Уладзімір Зяленскі.

А што ва Украіне? А ва Украіне выбух патрыятызму і антытрампізму. «Дзвіжуха» часам прымае самыя вясёлыя формы. Напрыклад, у інтэрнэт-крамах прэзерватывы па зніжцы можна купіць па промакоду «Трамп». З'явіліся графіці «Трамп .уйло». А ў кіеўскіх кафэ кліентам прапануюць «размазаць Трампа».

Як адаб'ецца гэта трампафобія на перспектывах вайны і сітуацыі на фронце незразумела. Без падтрымкі Штатаў стрымаць фронт украінцам будзе цяжка.
Нельга прайсці міма таго, што многія еўрапейскія лідары віталі Зяленскага. Скандал запускае працэсы супрацьстаяння ліберальнай фракцыі Еўропы і трампісцкай Амерыкі. Аднак калі размова заходзіць аб пошуку дадатковых сродкаў для падтрымкі Украіны, то ў еўрапейцаў не атрымаецца выступіць адзіным фронтам.
А паколькі шмат што на Захадзе пабудавана на кансэнсусе, не выключаны крызіс структур. Так, пачаліся размовы аб выхадзе ЗША з NATO, што будзе па сутнасці азначаць крах арганізацыі. Ужо з’явіліся першыя малюнкі на гэты конт.
