«Гэта ўсё нагадвае 1941 год». Зяленскі выступіў з новым зваротам да ўкраінцаў

Раніцай 25 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў з новым зваротам да грамадзян краіны. Ён назваў хлуснёй заявы ўладаў Расіі аб тым, што яе ўзброеныя сілы не наносяць удары па грамадзянскіх аб'ектах на Украіне.

Офіс прэзідэнта Украіны

Офіс прэзідэнта Украіны

Зяленскі заявіў, што ўкраінская армія не дазволіла Расіі рэалізаваць задуму па захопе краіны ў першы дзень баявых дзеянняў. Пры гэтым у чацвер увечары прадстаўнік расійскага Мінабароны Ігар Канашэнкаў сцвярджаў, што арміі ўдалося дасягнуць ўсіх мэтаў, пастаўленых на першы дзень аперацыі.

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што ўкраінцы дэманструюць гераізм, і заклікаў іх працягваць абараняцца ад расійскай агрэсіі. Паводле яго слоў, сілы ўкраінскіх СПА абараняюць неба над краінай, наколькі могуць.

Заява Зяленскага была апублікаваная пасля абстрэлу Кіева і іншых украінскіх гарадоў у ноч на пятніцу.

"Толькі салідарнасць і рашучасць украінцаў здольная захаваць нашу свабоду і абараніць дзяржаву. Армія, памежнікі, Нацыянальная гвардыя, паліцыя, выведка, сілы тэрытарыяльнай абароны — усе выконваюць свае задачы па максімуме", — сказаў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны дадаў, што будучыня краіны залежыць толькі ад украінцаў: "Мы на сваёй зямлі, за намі праўда, ракеты "Калібр" бескарысныя супраць нашай свабоды".

Зяленскі таксама звярнуўся па-руску да расіянаў:

«Уважаемые граждане Российской Федерации! Сегодня ночью начали бомбить жилые кварталы города-героя Киев. Это все напоминает 1941-й год. Всем гражданам Российской Федерации, которые выходят на протесты, хочу сказать: мы вас видим. Это значит, что вы нас услышали. Это значит, вы нам начинаете верить. Боритесь за нас, боритесь против войны».