Што адбылося ў ноч на 25 лютага?

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон назваў беларускі рэжым «памагатым» уварвання і сказаў, што санкцыі закрануць і яго.

photo_2022_02_25_05_23_57_650x410.jpg

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў усеагульную мабілізацыю і падвёў вынік першага дня вайны з Расіяй.

«Загінулі 137 нашых герояў, нашых грамадзян, з іх дзесяць — афіцэры. Параненыя 316. На востраве Змяіны ўсе памежнікі па-геройску загінулі, але не адступілі. Усім будзе прысвоенае пасмяротна званне героя Украіны», — сказаў ён.

 — Уладзімір Пуцін правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам — як сцвярджаецца на сайце Крамля, Пуцін «даў вычарпальныя тлумачэнні прычын і абставінаў прыняцця пастановы аб правядзенні спецыяльнай вайсковай аперацыі».

Макрон палічыў карысным «пакінуць адкрытай дарогу да дыялогу» з Расіяй, але адзначыў «двудушнасць» Пуціна. Ён паабяцаў Украіне дапамогу ў памеры 300 млн еўра і ўдзел у лёсе бежанцаў.

Беларускі рэжым Макрон назваў «памагатым» уварвання і сказаў, што санкцыі закрануць і яго.

— Уначы ў Кіеве ўкраінскія СПА збілі расійскі лятальны апарат — ён зваліўся на шматпавярховы жылы дом на вуліцы Кошыца. Паводле папярэдніх даных, пацярпелі трое чалавек, адзін з іх у цяжкім стане.

Дом складаецца з дзвюх секцый: 1 секцыя 10 павярховая — трапляння на ўзроўні 1-2 паверха, другая секцыя 16 павярховая — траплення на ўзроўні 8-9 паверхаў. Таксама ёсць пагроза разбурэння будынка, паведамляе .

— Кіраўнік адміністрацыі Сумскай вобласці Дзмітрый Жывіцкі паведаміў, што расійскія сілы атачылі ўсе буйныя гарады вобласці, а «вельмі вялікая колькасць танкаў і разнастайнай тэхнікі» рухаецца ў бок Кіева.

— Карэспандэнт «Сёння» паведамляў пра начныя выбухі ў Роўна, а крыніцы «Украінскай праўды» ва Узброеных Сілах Украіны — пра баі ў Іванкова, на паўдарогі да Кіева з боку Чарнобыля.

— Нацыянальны банк Украіны забараніў мясцовым банкам здзяйсняць валютныя аперацыі з расійскімі і беларускімі рублямі і абслугоўваць грамадзян і кампаніі з Расіі і Беларусі.

Акрамя таго, банкам забаронена выконваць абавязацельствы перад кампаніямі і грамадзянамі абедзвюх краін.

Паводле mediazona.by