Хто наступным на анексію?
Данбас, Латвія, Прыднястроўе… Усе мяркуюць, што менавіта гэтыя рэгіёны з’яўляюцца галоўныя кандыдатамі на тое, каб стаць наступнымі аб’ектамі пуцінскай агрэсіі. Аднак пераможцам у гэтым незвычайным кастынгу можа аказацца малавядомы Каракалпакстан.
Калі на мінулым тыдні Ташкент гучна заявіў пра тое, што не прызнае анексію Крыму, шмат хто здзівіўся такому кроку ўзбекаў. Большасць МЗС дзяржаў рэгіёну яўна вырашылі не дражніць рускага мядзведзя і абмежавалася цыдулкамі пра тое, што Кіеву і Маскве тэрмінова патрэбны дыялог і г.д. Прычына зразумелая: на носе выхад міратворчага корпусу NАТО з Афганістану, следствам чаго можа стаць не толькі рост напружання па перыметры кардонаў краін Цэнтральнай Азіі, аднак і актывізацыя ўнутранай ісламскай апазіцыі. Паколькі пры падобных перспектывах расійская вайсковая дапамога можа аказацца вельмі карыснай, лепш у адносінах з Масквой на ражон не лезці.
Аднак матывы антырасійскага дэмаршу Ташкента зразумелыя. Паводле расійскай прэсы, на поўначы краіны ў аўтаноміі Каракалпакстан уздымае галаву рух за далучэнне да Расіі. Падобныя настроі выказвае ініцыятыва «Alga», лідар якой, Марып Кунградскі, бачыць будучае свайго краю ў складзе Расіі. Чамусьці, апісваючы будучыню, ён кажа пра прыклад Калінінграда, які не мае з Расіяй агульнай мяжы.
Той факт, што Пуцін робіць інтэрвенцыі пад прыкрыццём абароны рускамоўных, а такой публікі ў Каракалпакіі няшмат, Кунградскага не пужае. Ён лічыць, што ў дадзеным выпадку «зялёныя чалавечкі» павінны прыбыць, каб выратаваць карэнны этнас ад канчатковай асіміляцыі з боку ўзбекаў. Сёння ў Каракалпакіі на 1,7 мільёна чалавек каля 400 тысяч прадстаўнікоў тытульнай нацыі, якія, па словах лідараў «Alga», імкліва становяцца ахвярамі рэалізацыі канцэпцыі, згодна з якой узбекі і каракалпакі — гэта адзін народ. Узбекістан, быццам, «праводзіць палітыку «ўзбечвання» сваіх грамадзян каракалпакскай нацыянальнасці, прыкрываючыся пры гэтым прынцыпам тэрытарыяльнай цэласнасці».
Акрамя тэмы прыгнёту карэннага насельніцтва, сепаратысцкія сайты шмат пішуць пра праблему несправядлівага размеркавання прыроднай рэнты. «Рэжым Карымава штогод вывозіць з Каракалпакіі мільярды долараў (бавоўна, рыба, нафта, газ ды іншыя карысныя выкапні), але для гаспадароў гэтых зямель нічога не будуецца і не развіваецца», — абураецца сайт руху «Вольны Каракалпакстан».
Цяпер, паводле сепаратыстаў, цярпенню абарыгенаў прыйшоў канец. «Тое, што адбылося ў Крыме, прымушае народ Каракалпакіі заявіць, што ён таксама хоча ў склад Расіі. Калі з Масквы будзе пададзены сігнал, мы гатовыя адразу ўзняць расійскі сцяг», — гаворыцца ў апублікаваным на днях маніфесце прарасійскіх каракалпакаў. Вялікае значэнне яны надаюць аднаму з артыкулаў мясцовай канстытуцыі. Згодна з артыкулам 74 Канстытуцыі Каракалпакстана ад 1993 года, край валодае правам выхаду са складу Узбекістану «на падставе ўсеагульнага рэферэндуму народа Каракалпакстана».
Калі Масква не пагодзіцца прымаць пад апеку каракалпакаў, у сепаратыстаў ёсць план «Б». Яны гатовыя выкінуць блакітны казахскі штандар. «Каракалпакі лічаць казахаў больш блізкім народам, чым узбекаў», — каментуе такі парыў выданне «Росбалт».
Радыкальныя заявы пра сепарацыю Каракалпакстана, на думку экспертаў, пакуль не выходзяць за межы гурткоў мясцовай нацыяналістычнай інтэлігенцыі. Масавых антыўзбекскіх забабонаў на берагах Аральскага мора няма. У тым ліку лакалізаваць праблему дапамагае працоўная міграцыя. Аднак калі Масква або Астана сапраўды дашлюць сепаратыстам выразны сігнал падтрымкі, тэма незалежнасці Каракалпакіі можа стаць актуальнай.
Прычым справа не абмяжуецца пратэстамі на поўначы, дзе знаходзіцца Каракалпакстан. Могуць патрабаваць больш правоў таджыкскія анклавы ў Бухары і Самаркандзе — гарадах, якія, на думку таджыкаў, незаконна дасталіся Узбекістану.
На думку польскай прэсы, лозунг далучэння да Расіі ўвогуле здольны стаць нейкай папулярнай фішкай для часткі апазіцыі Сярэдняй Азіі, якая выступае супраць мясцовых рэжымаў. Партал onet.pl прагназуе, што, хутчэй за ўсё, будзе ваяваць пад трыкалорам антыўрадавая групоўка ў таджыкскім Паміры, якая з мінулага года вядзе партызанскую барацьбу супраць Душанбэ. Дэманстратыўная прарасійскасць тут гуляе чыста сімвалічную ролю супрацьпастаўлення сябе кланам, якія кантралююць уладу ў сталіцах.
Заходняя прэса не верыць у тое, што Масква сапраўды пойдзе так далёка, што паўторыць крымскі сцэнар у Каракалпакстане. Аднак падтрымаць крамольныя сепаратысцкія думкі яна, хутчэй за ўсё, паспрабуе, хаця б дзеля шантажу Ташкенту.
Цікавая ў гэтым плане інфармацыя з рэсурсу «Wikileaks», на якім выкладваецца сакрэтная ўнутраная дакументацыя амерыканскіх дыпламатаў. Аказваецца, у 2008 годзе, пасля таго, як у падполлі была створаная Партыя нацыянальнага адраджэння «Свабодны Каракалпакстан», якая абвінаваціла Узбекістан у генацыдзе каракалпакскай этнічнай групы, пасольства ЗША ў Ташкенце зрабіла спецыяльнае даследаванне, наколькі такія заявы маюць пад сабой грунт.
У выніку даследавання дыпкорпус перадаў у Вашынгтон рапарт пра тое, што заява сепаратыстаў «з'яўляецца часткай расійскай кампаніі па распаўсюджванні дэзінфармацыі, накіраванай супраць імкнення Карымава збалансаваць адносіны з Захадам».
Аднак, якім бы несур’ёзным і фэйкавым не быў характар прарасійскага руху ў Нукусе (сталіца Каракалпакіі), Масква працягне фліртаваць з ім. У тым ліку таму, што сыход у лепшы свет 75-гадовага хворага Іслама Карымава — пытанне бліжэйшых гадоў. З кандыдатурай пераемніка прэзідэнт так і не вызначыўся, што ў выпадку ягонай нечаканай смерці можа выклікаць маштабны хаос, які дазволіць разыграць каракалпакскую карту. Прынамсі на сайце руху «Вольны Каракалпакстан» суайчыннікаў адкрытым тэкстам заклікаюць пачаць нацыянальна-вызвольнае паўстанне менавіта ў дзень смерці Карымава.