Пакуль не прыйдуць перамены...

Як гаварылася ў адной старой камедыі, у тваёй хаце будзе гучаць музыка, але ты яе не пачуеш. У мінулы аўторак у Беларусі распачаўся чарговы футбольны сезон. Старт яму далі салігорскі «Шахцёр» і барысаўскі БАТЭ, якія сустрэліся ў гульні за Суперкубак.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Ну, увогуле музыка. Дый вясна прыйшла адразу з цяплом і сонцам, кроў нібыта зайграла. Аднак моцнага эмацыйнага ўздыму — таго характэрнага сакавіцкага ўзбуджэння, якое вядома любому заўзятару, — пакуль няма. Праз усё тую ж грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне. Праз рэпрэсіі, затрыманні, нечалавечыя прысуды. Праз сум, які заўсёды з табой.
Гэтыя адчуванні варта было б прыхаваць і трымаць пры сабе, калі б справа была толькі ў сітуацыйных рэфлексіях аднаго арганізма, змучанага авітамінозам. Аднак тыя ж настроі назіраюцца ў значнай часткі спартыўнага соцыуму. А найбольш яскрава і выразна напрадвесні іх акрэсліла самая, бадай, актыўная частка супольнасці — фанаты футбольных клубаў.
Яны наўпрост абвясцілі, што не будуць падтрымліваць свае каманды. Да таго часу, пакуль у краіне не наступяць доўгачаканыя перамены.

Хто такія футбольныя фанаты?

Напачатку крыху лірыкі і лікбезу, каб недасведчаныя чытачы зразумелі, што ж гэта за з’ява такая — фанацкі рух у футболе. Адразу скажам: гэта зусім не тое, што фанаты Брытні Спірс і нават «Rammstein». Тыя раз ці два на год выстойваюць чэргі на канцэрты, каб уволю паслэміцца ды сарваць голас на падпеўках. А ў астатні час жывуць звычайным жыццём, спадарожна адсочваючы новыя сінглы і студыйныя альбомы.
Гэта не тое, што фанаты здаровага ладу жыцця альбо аўтамабіляў BMW, бо тут у падмурку — скіраванасць на сябе, перфекцыянізм разам з геданізмам. Лёгка фанацець ад таго, што прыносіць табе задавальненне, як гук матора на 400 конскіх сіл ці «кубікі» на жываце.
Футбольная фанаценне — гэта зусім іншае. Побач з асалодай і радасцямі тут шпацыруюць ахвярнасць, пакуты і скруха, да якіх ты заўсёды мусіш быць гатовым. Спытайцеся ў ультрас «Нотынгем Форэст», які шмат гадоў валэндаецца па завуголлях англійскага футбола пасля залатога веку на мяжы 70-х і 80-х. Ці ў сваякоў тых 96 фанатаў «Ліверпуля», якія загінулі ў цісканіне падчас знакамітай трагедыі на стадыёне «Хілсбара».
І яшчэ ў гэтым ёсць, вядома, наканаванасць, калі не ты выбіраеш любімую каманду — яна выбірае цябе. «Твой сын-немаўля — таксама заўзятар “Арсенала”?» — апісваецца жартаўлівая «карціна алеем» у адным з апавяданняў Віктара Шэндэровіча. «Так, але ён пра гэта пакуль не ведае».
«Можна змяніць рэлігію, машыну, жонку і ўсё астатняе. Нельга змяніць любімы футбольны клуб», — казаў Эрык Кантана, французскі нападаючы і легенда «Манчэстэр Юнайтэд». «Для некалькіх пакаленняў мужчын працоўнага саслоўя футбол быў сэнсам існавання і містычным вопытам», — пісаў пра сваё юнацкае захапленне «Вест Хэмам» брытанскі пісьменнік Тоні Парсанс.
Так, усё гэта — старая добрая Англія. Раўняць яе футбол з нашым — гэта як трымаць на адной паліцы дыскі Элтана Джона і Аляксандра Саладухі. Англічане свой заўзятарскі імпэт перадаюць у спадчыну — часта з абанементам на наведванне дамашніх матчаў улюбёнай каманды. Футбольная асацыяцыя ў Злучаным Каралеўстве з’явілася ажно ў 1863 годзе — калі Кастусь Каліноўскі ўздымаў касінераў на вызваленчае паўстанне.

fans3.jpg


Заходняя Еўропа — дый Расія з Украінай таксама — у сэнсе развіцця фанацкіх згуртаванняў далёка сышлі ад Беларусі. За мяжой гэтая субкультура даўно набыла размах і сапраўдны росквіт. Яскравы прыклад таго «цнатлівыя» беларускія заўзятары маглі назіраць летам 2018-га, калі ў Мінск на еўракубкавы матч завітаў піцерскі «Зеніт». А з тым — і добры дзясятак тысяч «сіне-бела-блакітных» ультрас.
На відэаплатформах у сеціве і сёння лёгка знаходзяцца кадры лютых перформансаў, якія госці з горада на Няве нарабілі на сонечных мінскіх вуліцах. Ад магутнага касцюмаванага — і, вядома, несанкцыянаванага — шэсця па праезнай частцы, супраць якога нічога не змаглі зрабіць ні АМАП, ні ГУБАЗіК. Да гарматных крычалак, песень і выбухаў разнастайнай піратэхнікі. Тое ж самае потым мела месца і непасрэдна на футболе, дзе фанаты «Зеніта» апанавалі ці не траціну месцаў на трыбунах стадыёна «Дынама».

Навошта футболу фанаты?

Пакажы мне сваіх фанаў, і я скажу, які ў цябе клуб, — словы, у якіх даўно ўжо няма аніякага перабольшання. Бо стракаты, шматгалосы «сапорт» — гэта такая ж айдэнціка прафесійнай каманды, як і яе гісторыя, дасягненні, найлепшыя гульцы і трэнеры.
Калі ў 2012-м у Гомель заехаў па той жа еўракубкавай патрэбе «Ліверпуль», мясцовыя заўзятары крочылі на футбол з дзвюма раўназначнымі мэтамі. Па-першае, канешне, паглядзець на гульню кавалера ордэна Брытанскай імперыі Сцівена Джэрарда і яго зорных аднаклубнікаў. Па-другое — пачуць, як панаехаўшая ліверпульская тарсіда пранізліва спявае легендарны клубны гімн «You’ll Never Walk Alone» («Ты ніколі не будзеш адзін»).
Фанаты ўпрыгожваюць футбол і надаюць яму прыкметы велічы і свята. Але гэта не галоўная іх місія ў самай папулярнай сусветнай гульні. Галоўнае — падтрымка сваёй каманды, якая дапамагае дабівацца поспеху. Гэта адчуванне любога гульца, што ён выходзіць на поле не толькі дзеля таго, каб адпрацоўваць кантракт і рэалізоўваць ідэі трэнера. Бо ёсць яшчэ гэтыя людзі навокал, для якіх сённяшні лік на табло — нешта большае, чым вынік чарговага матча чэмпіянату.

fans4.jpg


Зразумела, фанатаў ні ў якім выпадку нельга ідэалізаваць. Гэта не коцікі, якія «сілкуюцца вясёлкай і какаюць матылькамі». Збольшага гэта маладыя мужчыны з павышаным утрыманнем адрэналіну ў крыві. Гэта людзі, якія прагнуць перамогі не толькі на полі, але і над такімі ж фанатамі — толькі з супрацьлеглага боку. Ці чулі вы хоць раз, каб заўзятыя адэпты «AC/DC» пабіліся з прыхільнікамі «Boney M.» дзесьці на ўскрайку горада з выкарыстаннем халоднай зброі? Вядома, не. Па-за спортам з’явы, плыні і стылі суіснуюць без гвалту і членашкодніцтва. У спорце ж — і ў футболе асабліва — варожае стаўленне да іншасці застаецца ў трэндзе, час ад часу спараджаючы эксцэсы і нават трагедыі.
Зрэшты, і згушчаць фарбы таксама не варта. Паліцыя і спежслужбы розных краін Еўропы, дзейнічаючы ў цесным супрацоўніцтве, паспяхова ліквідуюць фанацкі экстрэмізм як з’яву. Тут ужо «няма таго, што раньш было» — у 1980-я і 1990-я гады, пра якія здымаюць паўкрымінальныя мастацкія экшны накшталт «Фабрыкі футболу» альбо «Ультра». Тут усё больш цывілізаванасці, хаця пільнасці губляць дагэтуль не рэкамендуецца. Бо калі сустрэнуцца на вузкім скрыжаванні ультрас сербскіх «Црвены Звезды» і «Партызана», шатландскіх «Сэлціка» і «Рэйнджэрс», італьянскіх «Мілана» і «Інтэра» ці іспанскіх «Рэала» і «Барселоны» — кровапусканне, на жаль, амаль гарантаванае.

Якія фанаты ў Беларусі?

Фанацкі рух у яго сучасным разуменні паўстаў у Беларусі фактычна адначасова з узнікненнем суверэннага футбола. Старажылы з гэтым не пагодзяцца: маўляў, мы і пры Саюзе ганялі з мінскім «Дынама» — прабівалі выезды ў Маскву, Кіеў, а то нават і ў Тбілісі з Ерэванам. Так, пэўны варушняк існаваў і тады, аднак усё гэта выглядала — прабачце за чарговую музычную алегорыю — глянцавата і бяскрыўдна, як Валерый Лявонцьеў у параўнанні з Джымам Морысанам.
Савецкім фанатам бракавала галоўнай рысы — бунтарскага духу. Ён з’явіўся толькі на пачатку 1990-х гадоў, калі рушылі ў будучыню незалежніцкія клубы, вакол якіх неўзабаве пачалі спакваля гуртавацца першыя ультрас — у куртках-касухах ды з шалікамі правільных колераў.
Далей — тыповая эвалюцыя: пашырэнне шэрагаў, цэнтрабежныя сілы, варажнеча з супернікамі. Бойкі — куды ж без іх. Часам — радыкальныя ідэалагічныя нарасты. Так, фаны мінскага «Дынама» нейкі час трымаліся правай палітычнай арыентацыі, сектар МТЗ-РІПА пазіцыянаваў сябе носьбітам левых ідэй… Блазнота, праз якую патрэбна было прайсці — і якая з цягам часу калі не сышла ў нябыт, то перастала быць мэйнстрымам.
Засталося галоўнае — сёння фанацкая суполка маецца ў кожнага статуснага клуба, і гэта менавіта той актывізм, які мае ўплыў і да якога прыслухоўваюцца і гульцы, і трэнеры, і функцыянеры. І, што самае важнае, — які падтрымлівае каманду і дапамагае ёй перамагаць. Каб не «жоўта-сіняя» тарсіда, наўрад ці БАТЭ сабраў бы столькі тытулаў і здолеў аднойчы адцягаць за чуб нямецкую «Баварыю» і італьянскую «Рому». Каб не магутны «бела-сіні» сектар, наўрад ці брэсцкае «Дынама» ўпершыню б стала чэмпіёнам краіны ў 2019-м. Каб не наогул гэтая яркая з’ява — не было б на нашых футбольных матчах адметнай атмасферы, арыгінальных перформансаў і элементаў шоу. І цякла б гульня ў маркотным ціхмяным асяроддзі — хіба што пад лузганне семак «заўзятараў са стажам», так званых «кузьмічоў».

fanaty_800x532_1.jpg


Аднак вось жа якія змрочныя часы надыходзяць. Фанацкі рух у беларускім футболе — на мяжы знікнення. Пра спыненне падтрымкі сваіх клубаў адмовіліся дванаццаць суполак ультрас вышэйшай лігі. Байкот абвясцілі (ці працягнулі з мінулага сезону) актыўныя прыхільнікі БАТЭ, «Шахцёра», брэсцкага і мінскага «Дынама», жодзінскага «Тарпеда», «Віцебска», «Нёмана», «Мінска», «Смаргоні», «Слуцка», «Іслачы», «Гомеля»...
Дэмарш падхапілі каманды ніжэйшых ліг — мінскае «Тарпеда» і «Маладзечна», магілёўскі «Днепр» і мікашэвіцкі «Граніт», «Слонім». Нагадаем, што менавіта за маладзечанцаў заўзеў Мікіта Крыўцоў — футбольны фанат з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, які ўдзельнічаў у жнівеньскіх пратэстах, а потым загінуў пры загадкавых абставінах.
Працэс сыходу фанатаў працягваецца — эпічны заклік «Далучайся!» працуе тут паводле эпічных канонаў беларускай салідарнасці. Чэмпіянат краіны распачнецца ўжо 12 сакавіка — і не здзіўляйцеся, калі на той час на маршы не застанецца аніводнага фанацкага сектара.
Матывы ультрас відавочныя: пакуль у краіне пануюць рэпрэсіі, гвалт і іншы трэш, цешыцца футболам — гэта блюзнерства і вычварэнства. Вось надыдуць перамены — тады і весяліцца будзем, і свята зладзім, і ўспомнім усё.
Ну а пакуль на небе хмары, а ў душы туга, то і на трыбунах будзе рэжым цішыні. Бо футбол — гэта не толькі гульня, але і працяг нашага жыцця.