Перабудова як фактар беларускага Адраджэння
Працяг.
Пачатак у №30.
Леанід Лыч
Працяг.Пачатак у №30.
Леанід Лыч
Дваццаць гадоў таму ў лексіконе народаў СССР, бадай, не было больш папулярнага слова, чым «перабудова». Паступова прывыклі і пачалі ўжываць яго і іх калегі з Беларусі. Але калі
сур’ёзна разабрацца, тут фактычна і не было чаго перабудоўваць.
Жыццё патрабавала перамен
У Беларусі належала не перабудоўваць, а будаваць нанава, ледзь не з самых азоў, беларускае нацыянальна-культурнае жыццё. Будаваць не па навязаных, занесеных знадворку пачатках, а на сваіх уласных,
прыродных, хоць і моцна разбураных у выніку шматгадовай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі царскай імперыі і бальшавіцкага СССР.
Ад першых дзён перабудовы ў ёй зусім заслужана вядучае месца заняў нацыянальны фактар. Да гэтага вымушала нестабільнае, даволі напружанае становішча ў сферы міжнацыянальных дачыненняў, пра што добра
ведаў ідэалагічны апарат ЦК КПСС з самых розных крыніц інфармацыі і асабліва з вялікай колькасці лістоў з саюзных і аўтаномных рэспублік. Маўчала толькі ледзь не дашчэнту зрусіфікаваная інтэлігенцыя
Беларусі, спакойна сузіраючы, а то і садзейнічаючы паглыбленню працэсаў рускай культурна-моўнай асіміляцыі, якая пачала па-сапраўднаму ўладарыць ужо і ў сельскай мясцовасці. Каб не дапусціць
узнікнення зусім рэальнага ў той час канфлікту на нацыянальнай глебе, партыйны цэнтр у Маскоўскім Крамлі ўзяў на сябе ініцыятыву па нармалізацыі сітуацыі ў гэтай складанай сферы грамадскіх
узаемадачыненняў. Гарбачоў вельмі ахвотна агучваў новыя — і трэба сказаць даволі прагрэсіўныя — устаноўкі ідэалагічнага апарату па нацыянальным пытанні.
Варта адзначыць, што да абрання на пасаду генеральнага сакратара ЦК КПСС М. Гарбачоў вельмі рэдка закранаў гэты аспект, а калі і закранаў, дык толькі ў пазітыўным плане. Тут можна спаслацца на яго
выступленне 10 снежня 1984 года на Усесаюзнай навукова-практычнай канферэнцыі «Удасканаленне развітога сацыялізму і ідэалагічная работа партыі ў святле рашэнняў чэрвеньскага (1983 г.)
Пленума ЦК КПСС». Ён аднёс да вялікіх заваёваў СССР «дасягненне фактычнай роўнасці нацыяў і народнасцяў, іх далейшае ўсебаковае развіццё і збліжэнне», непарушную брацкую
дружбу, «глыбокае пачуццё сям’і адзінай, утварэнне новай гістарычнай супольнасці — савецкага народа».
У звыклым для бальшавіцкай ідэалогіі тоне гаварылася пра нацыянальную палітыку ў падрабязным «Палітычным дакладзе Цэнтральнага Камітэта КПСС XXVII з’езду Камуністычнай партыі
Савецкага Саюза» ад 25 лютага 1986 года, які быў прачытаны М. Гарбачовым. Адзначалася, што ў апошняй «яшчэ не зжыты і часам хваравіта заяўляюць аб сабе імкненне да нацыянальнай
замкнутасці, месніцтва, утрыманскія настроі». Выказвалася асцярога, «каб здаровая цікавасць да ўсяго каштоўнага, што ёсць у кожнай нацыянальнай культуры, не ператваралася ў спробы
адгарадзіцца ад аб’ектыўнага працэсу ўзаемадзеяння і збліжэння нацыянальных культур».
Гарбачоў не раз заяўляў пра неабходнасць далейшага ўзмацнення інтэграцыйных працэсаў у складзе новай гістарычнай супольнасці людзей — савецкім народзе. Ідэалагічны апарат КПСС асаблівыя
прыярытэты надаваў сціранню ўсяго таго, што адрознівала савецкія нацыі і народнасці адну ад адной. Як і ва ўсіх іншых выпадках, такі курс у нацыянальнай палітыцы імкнуліся падмацаваць адпаведнымі
спасылкамі на Уладзіміра Леніна.
Словам, стаўленне КПСС да нацыянальнага пытання ў сярэдзіне, на пачатку другой паловы 80-х гадоў было такім, як пры Мікіце Хрушчове, Леанідзе Брэжневе, Юрыі Андропаве, Канстанціне Чарненку. Партыя
выступала за перабудову, паскарэнне працэсаў у эканамічным, сацыяльна-палітычным жыцці, але пакуль што нічога не збіралася мяняць у сферы міжнацыянальных дачыненняў, паколькі яе цалкам задавальнялі
вынікі інтэрнацыяналізацыі культуры савецкіх народаў з непазбежным узмацненнем у ёй ролі рускага фактару.
Тварам да нацыянальнага пытання
З такім ходам падзей у нацыянальным жыцці ніяк не маглі пагадзіцца здаровыя нацыянальныя сілы саюзных і аўтаномных рэспублік. На гэты раз знайшліся яны і ў Беларусі. Прыкладна праз дзесяць месяцаў
пасля XXVII з’езда КПСС і восем месяцаў пасля Чарнобыльскай катастрофы на імя генсека ЦК КПСС М. Гарбачова 28 прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі Беларусі накіравалі ліст з
падрабязным аналізам яе жахлівага нацыянальнага жыцця і канкрэтнымі прапановамі яго аздараўлення. Ліст падпісалі такія вядомыя ў рэспубліцы людзі, як пісьменнікі В. Адамчык, Р. Барадулін, Я. Брыль,
В. Быкаў, народная артыстка БССР С. Станюта, мастак Л. Шчамялёў, шэраг супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, сярод якіх і аўтар гэтага артыкула. Ліст з’явіўся падставай
паслання ў Мінск камісіі ЦК КПСС для вывучэння сітуацыі на месцы і сустрэчы з падпісантамі. Яна адбылася ў будынку ЦК КПБ. Размова вялася ў карэктным тоне, без усялякіх пагроз. У канцы яе члены
камісіі прызналі наяўнасць нацыянальнай праблемы на Беларусі, асабліва ў незбалансаваным выкарыстанні беларускай і рускай моваў у грамадскім жыцці.
Аднак якіх-небудзь канкрэтных крокаў па развязванню нацыянальнай праблемы ў БССР не рабілі ні Масква, ні Мінск, што, аднак, не ў стане было затрымаць адраджэнскія працэсы. Да іх далучаліся ўсё новыя
і новыя сілы. Іншым разам у гэтым была і заслуга самога генсека ЦК КПСС. Нацыянальна самасвядомым беларусам не маглі не імпанаваць і многія палажэнні з яго даклада на студзеньскім (1987) Пленуме ЦК
КПСС, з якіх вынікала, што на практыцы яшчэ не ўсюды з належнай павагай ставіліся да гістарычных, духоўных традыцый савецкіх народаў.
Высокае партыйнае кіраўніцтва Беларусі, будучы найбольш асіміляваным, адарваным ад роднай зямлі ў параўнанні з іншымі коламі грамадства, упарта не жадала ўносіць якія-небудзь карэктывы ў сваю
нацыянальную палітыку. Больш за тое, у сакавіку 1987 года першы сакратар ЦК КПБ Я. Сакалоў з трыбуны пленума ЦК КПБ заявіў, што няма аніякай патрэбы штосьці мяняць у культурна-моўнай сферы.
Нацыянальна-патрыятычным колам нічога не заставалася рабіць, як зноў звярнуцца да М. Гарбачова з лістом аналагічнага зместу. Яго за подпісамі 134 асобаў паслалі ў Маскву 4 чэрвеня 1987 года.
Рэагаванне аказалася нулявым. Партыя пакуль што яшчэ не жадала ці не была гатова ўносіць якія-небудзь істотныя карэктывы ў сваё гістарычнае тварэнне — «ленінскую нацыянальную
палітыку».
Хаця для нацыянальнай палітыкі КПСС час сапраўднай перабудовы не надышоў, усё ж такі яна дазваляла заклапочаным лёсам беларускай культуры людзям штосьці канструктыўнае рабіць па яе выратаванні ад
русіфікацыі. Пачалі ўзнікаць, асабліва сярод моладзі, рознага роду нефармальныя арганізацыі нацыянальнага арыенціру, галоўным зместам працы якіх з’яўлялася скіраваць маладыя пакаленні
беларусаў да ўдзелу ў духоўным адраджэнні роднай Бацькаўшчыны. За дзеяннямі такіх арганізацый пільна сачылі партыйныя органы і адданыя ім спецслужбы, але на прыняцце які-небудзь сур’ёзных
рэпрэсіўных акцый ужо не адважваліся. Як-ніяк у краіне ішла перабудова.
У пераважнай сваёй большасці творчая інтэлігенцыя прыхільна ставілася да выказаных М. Гарбачовым поглядаў на перабудову грамадскага жыцця, бо спадзявалася, што яна зможа паспрыяць і спыненню працэсаў
дээтнізацыі беларускага народа, выкліканай стратнай для яго нацыянальнай палітыкай КПСС. Настрой такой інтэлігенцыі так перадаў паэт Пімен Панчанка ў адным са сваіх вершаў:
Не хапае ўсім харчоў,
Кормімся валютаю...
Дарагі наш Гарбачоў,
Трэба рэвалюцыя!
Натуральна, пад рэвалюцыяй паэт разумеў не паўтор кастрычніцкага перавароту 1917 года ў Расіі, а выказаў у вершы сваё жаданне перш за ўсё на карэнныя перамены палітыкі ў нацыянальна-культурнай сферы,
дзе так шмат было адмоўнага. Як майстра мастацкага слова, яго найбольш непакоіць трагічны стан беларускай мовы. Гэта выразна вынікае з такіх яго вершаваных радкоў:
А мову ледзь не затапталі
І асмяялі, як раней.
А вы ў народа запыталі,
Якая мова нам радней?
Многія верылі — і яны не памыліліся, — што перабудова вось-вось перакінецца і на сферу міжнацыянальных дачыненняў. Сур’ёзнай падставай прыняцця ўвагі партыйнага Цэнтра да
іх стала святкаванне ў 1987 годзе ў краіне 70-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пышнымі фразамі пра канчатковае развязванне ў СССР нацыянальнага пытання афіцыйны друк, як гэта назіралася раней падчас
такіх юбілеяў, ужо не затуманьваў галовы сваіх чытачоў. Адчувалася, што ў бліжэйшы час ідэалагічны апарат ЦК КПСС намерваецца сказаць пра гэта пытанне нешта зусім іншае. Было сказана такое ў чэрвені
1988 года на XIX Усесаюзнай канцэпцыі КПСС.
Для многіх было нечаканым, што галоўнай тэмай канферэнцыі з’яўлялася праблема нацыянальна-культурнага развіцця савецкіх народаў. Так грунтоўна, як на гэты раз, яе разглядалі ажно ў сакавіку
1921 года на дзясятым з’ездзе РКП(б). І праз такі працяглы час яна зноў усплыла на паверхню! Зразумела, не выпадкова. Накіраваная на збліжэнне і зліццё культур народаў СССР палітыка моцна
падарвала нацыянальныя асновы іх духоўнага жыцця за кошт празмернага ўзмацнення ў ім ролі рускага фактару.
3 усіх савецкіх народаў найбольш панеслі стратаў ад русіфікацыі беларусы. Патлумачыць гэта можна дзвюма асноўнымі прычынамі: блізкасцю беларускай і рускай культур і моваў, злачыннай нацыянальнай
палітыкай партыйнага кіраўніцтва БССР. Яно нават не знайшло ў сабе смеласці даць на XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС крытычную ацэнку сваёй палітыцы ў сферы нацыяльна-культурнага будаўніцтва.
Як нічому іншаму, удзельнікі канферэнцыі шмат увагі надалі рэальнаму стану нацыянальных моваў. І гэта лагічна, бо іх сацыяльная роля істотна знізілася з-за шырокага ўкаранення ва ўсе сферы дзейнасці
чалавека рускай мовы, што ў найбольшай ступені дасягалася планамерным правядзеннем адпаведных адміністрацыйных захадаў. Пахвальна, што была падкрэслена неабходнасць больш клапаціцца пра стан родных
моваў тытульных нацый саюзных і аўтаномных рэспублік. І з гэтым нельга не пагадзіцца. Бо калі на іх тэрыторыі знікне мова той ці іншай этнічнай групы, то вялікай трагедыі не адбудзецца, паколькі яе
мова застанецца ў сваёй краіне — метраполіі. А вось калі такое здарыцца з мовай тытульнага народа — гэта ўжо катастрофа. Тут ніякая дыяспара не ў стане выправіць становішча. Мова
найлепш за ўсё пачувае сябе на сваёй этнічнай радзіме. Зразумела, калі ў гэтым зацікаўлены ўлады, само грамадства. Такое ў найбольшай ступені было характэрна для прыбалтыйскіх і закаўказскіх
рэспублік. Заварушылася і Малдавія. 26 студзеня 1989 года Прэзідыум ВС гэтай рэспублікі прыняў пастанову, якой даручалася пастаянным камісіям да сакавіка распрацаваць праекты законаў «Аб
статусе малдаўскай мовы» і «Аб функцыянаванні малдаўскай, рускай і іншых моваў на тэрыторыі Малдаўскай ССР». І ў кабінетах самых высокіх партыйных і савецкіх органаў
Беларусі гэтае пытанне ўсё часцей і часцей ставілася на парадак дня.
Заканчэнне ў наступным нумары