Юбілей забытага кампазітара і дырыжора

21 траўня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Кастуся Кіслага



Кастусь Кіслы (злева) з сям’ёй і роднымі братамі, 1930-я гады.

Кастусь Кіслы (злева) з сям’ёй і роднымі братамі, 1930-я гады.

Месца нараджэння Кастуся Кіслага падаецца па-рознаму: адны пішуць, што ён нарадзіўся ў польскім горадзе Ленчыца, іншыя — на Беласточчыне, а па другіх крыніцах — на Слонімшчыне, адкуль быў родам яго бацька.

А нарадзіўся Кастусь Кіслы ў 21 траўня 1898 года ў беларускай праваслаўнай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у горадзе Каліш. 

З пачаткам Першай сусветнай вайны разам з бацькамі эвакуіраваўся ў горад Марыупаль, дзе паступіў у мясцовую настаўніцкую семінарыю. У час вучобы на занятках у прафесара музыкі кампазітара Салаўёва ў беларускага хлопца былі выяўлены музычныя здольнасці. Таму ў сувязі з мабілізацыяй у войска выкладчыка музыкі, кіраўніцтвам семінарыі ў 1918 годзе Кастусь Кіслы быў прызначаны выкладчыкам спеваў і кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі.

На першым канцэрце хор пад кіраўніцтвам маладога дырыжора Кіслага выканаў і дзве беларускія песні “Чаму ж мне не пець” і “Ці свет, ці світае”.

Дзякуючы маці, якая зарэгістравала сям’ю ў Беларускім камітэце Марыупаля, упершыню юнак пазнаёміўся з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам.

 

Кастусь Кіслы (сядзіць злева) з беларускімі дзеячамі на эміграцыі.

Кастусь Кіслы (сядзіць злева) з беларускімі дзеячамі на эміграцыі.

У 1918 годзе Кастусь скончыў настаўніцкую семінарыю. Пачатак грамадзянскай вайны ў Расіі і ваенныя дзеянні закінулі сям’ю Кіслых ажно ў Турцыю, дзе сям’я жыла пэўны час у мясцовасці Сан-Стэфана недалёка ад Канстанцінопаля.

 

Кастусь Кіслы з жонкай Кацярынай і дачкой Галінай у Слоніме, канец 1920-х гадоў.

Кастусь Кіслы з жонкай Кацярынай і дачкой Галінай у Слоніме, канец 1920-х гадоў.

У 1921 годзе Кіслыя вярнуліся на Беларусь. Разам з сям’ёй Кастусь Кіслы прыехаў на радзіму бацькі ў Слонім.

Але горад над Шчарай тады ўжо быў пад Польшчай. У Слоніме наш зямляк уладкаваўся на працу ў Спаса-Праабражэнскі сабор, дзе арганізаваў царкоўны хор, а пры Народным доме — свецкі агульны хор.

Царкоўны хор Кіслага заўсёды запрашалі спяваць на святую літургію 20 траўня ў Жыровічы, бо Жыровіцкі прыманастырскі хор быў слабейшы.

Кастусь Кіслы ў апошнія гады свайго жыцця.

Кастусь Кіслы ў апошнія гады свайго жыцця.

 У 1932 годзе Кастусь Кіслы прыязджае ў Беласток. Пры саборы Святога Мікалая ён арганізоўвае школьны царкоўны хор, а таксама хор стварае пры Таварыстве Беларускай Школы (ТБШ).

Разам з тым ён актыўна прапагандуе беларускае слова, культуру, музыку. Яго калектывы выступаюць з беларускімі канцэртамі па ўсёй Беласточчыне.

Але гэта не падабаецца савецкай уладзе, якая прыходзіць сюды ў верасні 1939 года. Хутка Кастуся Кіслага арыштоўваюць органы бяспекі і саджаюць часова за краты.

Але тут пачынаецца вайна — і Кастусь выходзіць на волю і зноў вяртаецца ў Беласток.

 

У гэты час у Беластоку кіпела беларускае жыццё. Хведар Ільяшэвіч, Масей Сяднёў і Уладзімір Тамашчык стварылі там Беларускі камітэт (Масей Сяднёў у сваёй “Масеевай кнізе” (Мн., 1994) называе гэты камітэт Беларускім аб’яднаннем у Беластоку).

Хлопцы наладзілі выпуск газеты “Новая дарога”. Да іх далучаецца сваёй культурна-асветнаю справай і Кастусь Кіслы. Ён аднавіў свой хор, актыўна выступае з канцэртамі.

Разам з хорам паказвае сваё майстэрства і танцавальны калектыў, таму хутка таленавіты беларус арганізоўвае цэлы ансамбль беларускай песні і танца, які выступае не толькі ў Беластоку, але і па ўсёй Беласточчыне.

У гарадах і вёсках ён шырока прапагандуе музычна-песенную спадчыну беларускага народа.

У чэрвені 1944 года Кастусь Кіслы пакінуў Беласточчыну і выехаў у Германію, а праз некалькі гадоў пераехаў жыць у Бельгію.

Жылося там нялёгка, ды і працавалася ў шахце яшчэ цяжэй. У 1953 годзе ў Лювэне памірае беларускі кампазітар і хормайстар Мікола Равенскі, які кіраваў там студэнцкім ансамблем беларускай песні і танца.

 Для беларускай моладзі ў Бельгіі гэта была вялікая страта. А таксама праблема: хто зможа замяніць таленавітага Міколу Равенскага? І на дапамогу прыйшоў Кастусь Кіслы.

Пачынаць трэба было ад найгалаўнейшага для хору — ад дырыгента, — піша ў сваёй кнізе “Дванаццатка” (Нью-Ёрк, 2002) Янка Запруднік. — З гэтым, на шчасце, справа выглядала не безнадзейна: із сп. Кіслым (Кастусь) мы ўжо працавалі кавалак часу; дырыгент ён дасведчаны (кіраўнік беларускага хору ў Беластоку падчас нямецкай акупацыі), і галоўна, што з Льежу ў Лювэн і візы ня трэба, і цягнікі спраўна ходзяць.

Спадар Кіслы ахвотна згадзіўся прыяжджаць на суботы й нядзелі ў Лювэн, цяжка адпрацаваўшы тыдзень у вуглякапальні, каб адразу ж пачаць рэпетыцыі. З ім прыяжджала й прыгожая спадарыня Крутуль (Ірэна) для дапамогі ў танцах і ў песні “Калыханка”.    

 

 Царкоўны хор Слонімскага Спаса-Праабражэнскага сабора. У другім радзе чацвёрты злева сядзіць Кастусь Кіслы, 1930-я гг.

 Царкоўны хор Слонімскага Спаса-Праабражэнскага сабора. У другім радзе чацвёрты злева сядзіць Кастусь Кіслы, 1930-я гг.

Кастусь Кіслы вельмі шчыра і шмат працаваў з ансамблем, папулярызаваў беларускую песню ў Еўропе. Выступаў з канцэртамі ў Лондане, Кёльне, Бруселі, Боне, Парыжы.

Янка Запруднік 21 красавіка 1954 года пісаў з Лювэну да Алеся Карповіча: “Мы падскочылі былі адзінаццатага гэтага месяца ў Парыж (у складзе: Кіслы і 9 харыстых — “Лятучая каманда”) на міжнародны канцэрт, ладжаны Інтэрнацыянальнай Камбатанцкай Арганізацыяй народаў Сярэдняе Эўропы. Дзеля нястачы часу мусілі абмежавацца чатырмя песьнямі: “Партызанскі марш”, “Полька Янка”, “Паласа” й “Пагоня”. Пайшло добра: у праграме былі адзіныя мы, што давалі вакальныя нумары” (Янка Запруднік. Дванаццатка. Нью-Ёрк, 2002. С.433).

З траўня 1956 года Кастусь Кіслы жыў у Кліўлендзе (ЗША). Тут таксама не быў убаку ад беларускіх справаў. Ён кіраваў хорам моладзі у Кліўлендзе, іншымі свецкімі і царкоўнымі калектывамі.

Пад яго кіраўніцтвам беларускі хор моладзі быў ператвораны ў жаночы ансамбль “Васількі”.

Кастусь Кіслы напісаў дзесяткі твораў царкоўнага ўжытку, выкарыстоўваючы ў сваёй творчасці багатыя традыцыі беларускай царкоўнай музыкі. Ён умела кампанаваў царкоўную музыку, выдаў нават музычны зборнік “Вялікдзень”.

Магіла Кастуся Кіслага на правалаўных могілках у Беластоку-Выгодзе.

Магіла Кастуся Кіслага на правалаўных могілках у Беластоку-Выгодзе.

На працягу некалькі апошніх гадоў свайго жыцця беларус моцна хварэў. У канцы 1979 года з ЗША яго забрала дачка Галіна і прывезла ў Беласток, дзе 8 студзеня 1980 года Кастуся Кіслага не стала.

Яго пахавалі на праваслаўных могілках у Беластоку-Выгодзе. 

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя