БагатаДата 23–29 студзеня
У гэтыя дні нарадзіўся славуты хакеіст з беларускімі каранямі — Уэйн Грэцкі. А таксама 190 гадоў таму ўзнік актуальны і па сёння лозунг «За нашу і вашу свабоду!» Што яшчэ адбылося цікавага ў мінулым — чытайце ў нашым традыцыйным аглядзе.
23 студзеняДзень ручнога пісьма (Дзень почырку).
24 студзеня
1931. У вёсцы Мокрае Быхаўскага раёна на Магілёўшчыне нарадзіўся доктар філалагічных навук, літаратуразнаўца-крытык Міхась Мушынскі. Аўтар мноства літаратуразнаўчых навуковых прац і манаграфій. Атрымаў у 1980 годзе Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа за двухтомнае даследаванне «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры».
25 студзеня
1831. Польскі сойм абвясціў пра пазбаўленне расійскага цара Мікалая І правоў на польскі трон. У гэты ж дзень нарадзіўся лозунг «За нашу і вашу свабоду!». Паўстаннем у Беларусі і Літве кіраваў Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт.
1951. У Мінску нарадзіўся архітэктар Дзмітрый Герашчанка. Сярод яго прац: праект рэканструкцыі парку імя Горкага ў Мінску і парк 60-годдзя Кастрычніка.
26 студзеня
Міжнародны дзень мытніка.
1961. У канадскім Брэнтфардзе нарадзіўся адзін з лепшых хакеістаў свету ўсіх часоў Уэйн Грэцкі. Чатыры разы выйграваў Кубак Стэнлі. Дзевяць разоў прызнаваўся самым каштоўным гульцом НХЛ і дзесяць разоў станавіўся лепшым бамбардзірам сезону у ёй. Адсюль і яго мянушка — Вялікі. Мае беларускія карані. Яго дзед Цярэнцій Грэцкі эміграваў за акіян з Гродзенскай вобласці. Уэйн Грэцкі казаў, што быў вельмі блізкі з дзедам: малым прыязджаў да яго на ферму, а той прыходзіў на яго трэніроўкі.
27 студзеня
Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту.
1906. Учынены замах на кіраўніка Мінска Паўла Курлава, пры кіраўніцтве якога годам раней у горадзе была расстраляная маніфестацыя. Эсэр Іван Пуліхаў кінуў у чыноўніка бомбу, патрапіў у галаву Курлава, але яна не разарвалася. Пуліхаў быў павешаны. Цікава, што эсэры абіралі выканаўцу тэракта праз лёсаванне. Той, каму выпала гэта зрабіць, спужаўся, і тады за справу добрааахвотна ўзяўся Пуліхаў, а да яго далучылася Аляксандра Ізмайловіч. Па тагачасных чутках, фінансаваў замах дэпутат Дзяржаўнай думы першага склікання ад Мінскай губерні Яўстафій Любаньскі. А не выбухнула бомба таму, што перадавалася Пуліхаву праз агентку паліцыі, якая перад гэтым адвезла яе ў Маскоўскае ахоўнае аддзяленне для абясшкоджвання.
28 студзеня
Міжнародны дзень абароны даных.
1956. У горадзе Сафонава Смаленскай вобласці Расіі нарадзіўся беларускі акцёр Сяргей Курыленка. Да нядаўняга часу служыў у Гродзенскім абласным драматычным тэатры. Звольнены разам з рэжысёрам Генадзем Мушпертам за ўдзел у агульнанацыянальным страйку ў кастрычніку мінулага году.
29 студзеня
1957. У Мінску нарадзіўся былы футбаліст, а затым трэнер Сяргей Бароўскі. У 1982 годзе ў складзе мінскага «Дынама» стаў чэмпіёнам СССР, а ў наступным годзе — бронзавым прызёрам. Некалькі гадоў выступаў за зборную Савецкага Саюзу, будучы адным з яе асноўных абаронцаў. У сярэдзіне 1990-х працаваў галоўным трэнерам зборнай Беларусі. Легендарная перамога над Нідэрландамі ў 1995 годзе адбылася менавіта пад яго кіраўніцтвам.