Улады Італіі арыштавалі нерухомасць расійскага прапагандыста Салаўёва на возеры Кома
Тое ж самае адбылося і з бізнесоўцам Алішэрам Усманавым.
У Італіі арыштавалі нерухомасць расійскага бізнесоўца Алішэра Усманава і тэлевядучага Уладзіміра Салаўёва, якія трапілі ў санкцыйныя
спісы ЕС, паведамляе La Republica.
Па даных газеты, гаворка ідзе аб двух вілах Салаўёва на
возеры Кома, а таксама аб віле Усманава на Сардзініі.
Раней гэта ж выданне паведаміла аб канфіскацыі яхт расійскіх
бізнесменаў Аляксея Мардашова і Генадзя Цімчанкі ў Італіі. Акрамя таго, у
Таскане канфіскаваная віла экс-дэпутата Дзярждумы Алега Саўчанкі.
3 сакавіка кіраўнік Мінфіна Францыі Бруно Ле Мэр заявіў, што
французская мытня зрабіла канфіскацыю яхты Amore Vero ў горадзе Ла-Сьёта. Судна
належыць, паводле звестак Ле Мэра, кампаніі, асноўным акцыянерам якой, нібыта, з'яўляецца Ігар Сечын.
Акрамя таго, Forbes паведамляў, што ў расійскага мільярдэра Алішэра Усманава нямецкія ўлады канфіскавалі яхту коштам каля 600 мільёнаў даляраў.