Сацапытанне: Больш за 80% украінцаў вераць у перамогу над Расіяй

У тым, што Украіна здольная адбіць напад РФ, перакананая большасць ва ўсіх рэгіёнах краіны, піша unian.net.

1646051875_3401.jpg

Нягледзячы на велізарны ўзровень стрэсу, украінцы вераць у здольнасць адбіць наступ Расіі (82%) і ў тое, што пасля вайны Украіна стане мацней (77%).

Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага даследчай кампаніяй Gradus Research.

Самая распаўсюджаная эмоцыя, якую адчувае насельніцтва Украіны з-за поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі, — гнеў (62%). Два галоўныя фактары перамогі, па меркаванні ўкраінцаў, — гэта моц Узброеных сіл Украіны (так лічаць 63%) і згуртаванасць і супраціў ўкраінскага грамадства (61%).

У тым, што Украіна здольная адбіць напад РФ, перакананая большасць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Пацвярджэннем веры ў перамогу Украіны з'яўляецца і тое, што лепшым вынікам перамоваў рэспандэнты лічаць мір на ўмовах Украіны ці, прынамсі, адвод расійскіх войскаў з украінскай тэрыторыі.

Мір на ўмовах Расійскай Федэрацыі згодны прыняць толькі 1% апытаных. Галоўным вінаватым у вайне ўкраінскае грамадства лічыць кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі (46%), і яшчэ 40% схільныя думаць, што вінаватыя і кіраўніцтва, і палітычныя эліты, і народ Расіі. Асноўнымі наступствамі вайны для РФ рэспандэнты лічаць сусветную ізаляцыю (70%) і эканамічнае падзенне (65%).

Таксама апытанне паказала, што давер да ВСУ адчуваюць 63% рэспандэнтаў, і гэта інстытут, да якога насельніцтва мае найбольшы ўзровень даверу. На другім месцы — прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, на трэцім —валанцёрскія арганізацыі. Дзеянні прэзідэнта (цалкам або часткова) падтрымліваюць 85% апытаных, а ў рэпутацыйным індэксе Зяленскі дасягнуў нябачаных раней 77%.

Апытанне праведзенае з 28 лютага па 1 сакавіка метадам самазапаўнення анкеты ў мабільным дадатку. Анлайн-панель Gradus адлюстроўвае структуру насельніцтва гарадоў з колькасцю жыхароў больш за 50 тысяч ва ўзросце 18-60 гадоў па гендары, узросце, памеры населенага пункта і рэгіёне. Памер выбаркі — 2144 рэспандэнта.