У чым знявага, Брат?

Найважнейшай ідэалагемай расійскага знешнепалітычнага дыскурсу, уласна яго структураўтваральным ядром, з'яўляецца жарснае фердышчанаўскае смакаванне нейкага "прыніжэння", што адчувала Расія апошнюю чвэрць стагоддзя ў выніку паразы СССР у халоднай вайне.



335b0076_e22b_451b_b081_224d5a24ebba_w900_r1_s.jpg

Гэта дэманстратыўнае разрыванне рыззя і дэманстрацыя геапалітычных ранаў ды язваў — любімы занятак усёй нашай палітычнай "эліты" ад азіёпаў Праханава і Дугіна да заходнікаў Арбатава і Лукіна.

Пару месяцаў таму на семінары "Ліберальнай місіі" мне давялося ўпершыню паслухаць нейкага Баунова, адрэкамендаванага буйным міжнароднікам і галоўным рэдактарам нейкага "элітарнага" часопіса. Малады чалавек 10–15 хвілін блытана казаў пра прыніжэнне ад Захаду, якое мы адчуваем, аднак ніяк не канкрэтызаваў прыроду гэтага прыніжэння.

Мабыць таму, што замест яго гэта ўжо было раз і назаўжды зроблена кінематографам — найважнейшым поруч з цыркам мастацтвам у нашай непісьменнай краіне, як было справядліва заўважана напаўзабытым класікам. З клапатлівых рук нашага айчыннага мэтра Рыфеншталь — Балабанава мы яшчэ гадоў пятнаццаць таму атрымалі свой маленькі "трыумф волі": ідэальнага нацыянальнага героя і нацыянальную ідэю ў дадатак — Данілу-кілера з яго духапад'ёмным "кірдык тваёй Амерыцы". Гэта рэч паводле свайго ўздзеяння на масавую свядомасць апынулася мацнейшай не толькі за гётаўскага "Фаўста", але нават за пуцінскае духапад'ёмнае "мачыць у сарціры".

Што нядзіўна, таму што міфалогія "Брата–2", моцна збітая выверанай рукой майстра, закранала больш глыбокія, чым агрэсія, і самыя адчувальныя эрагенныя пласты калектыўнага несвядомага. Лысая прастытутка, сучасная Сонечка Мармеладава — гэта даверлівая Святая Русь, з якой здзекаваліся бездухоўныя чужынцы, а Даніла-кілер — гэта Георгій-Пераможца з сякерай, што знішчае бабку-працэншчыцу Амерыку і не задае сабе дурных пытанняў: "Тварь ли я дрожащая или право имею".

Украінскае "так" Еўропе на 90% азначае "не" постсавецкай мадэлі бандыцкага капіталізму

Мы і да гэтага амаль паўстагоддзя ўжо наносілі "магутныя ўдары па амерыканскай дыпламатыі" і падкладалі амерыканцам "вожыка ў штаны" па ўсім свеце. Пакуль самі не засталіся без штаноў. Апошняе, зрэшты, не тычыцца непатапляльнай палітычнай "эліты", якая нас узначальвала і працягвае шчасліва ўзначальваць. Яна выйшла з паразы ў халоднай вайне ўпакаванай, як ніколі раней. Але, забяспечыўшы сабе сяўружыну з хрэнам на некалькі пакаленняў наперад, гэта эліта зноў захацела не канстытуцыі, а азіёпскай велічы — новай Залатой Арды, якая аб'яднае народы і дзяржавы, што толькі і мараць, як бы прытуліцца да яе далоні.

Зладзюкаватая і бяздарная, фанабэрыстая і баязлівая, расійская палітычная "эліта", што мітусіцца паміж Куршавэлем і Лефортова, ніяк не можа зразумець, што яна зусім нікому не патрэбная на постсавецкай прасторы ў якасці настаўніка жыцця і цэнтра прыцягнення. Пуцінская Дзюдахерыя ні для каго не можа быць прывабнай — ні для мільёнаў украінцаў, якія прагнуць пазбавіцца ад уласных бандытаў ва ўладзе, ні для сярэднеазіяцкіх дыктатараў, якім не патрэбен альфа-пахан над імі ў Крамлі. Украінскае "так" Еўропе на 90% азначае "не" постсавецкай мадэлі бандыцкага капіталізму, "не" — Тайговаму саюзу чатырох паханоў.

Ну, можа быць, знайшліся б сярод нашых суседзяў якія-небудзь сацыяльна блізкія браты па розуму, калі б хрыплівая ад нянавісці да Захаду расійская "эліта" прапанавала б ім паслядоўны Вялікі Антызаходні Ідэалагічны Праект. Але ва ўсім свеце вядома, дзе гэтая "эліта" захоўвае свае капіталы, якой медыцыне яна аддае перавагу для сябе і якую адукацыю абірае для сваіх дзяцей. І нават у нейкай сталіцы былі злоўленыя за руку дыпламаты і разведчыкі вялікай дзяржавы, якая ўстае з каленяў. Яны зараблялі дробным крадзяжом. Дарэчы, сапраўды прынцыповыя ворагі Захаду, апантаныя маніякальнай ідэяй яго знішчыць і ўзняць на яго руінах чорны сцяг Сусветнага Халіфату, разглядаюць Расію як частку гэтага брыдкага Захаду. І больш за тое — як самую слабую і ўразлівую яго частку, якая падлягае расчляненню і паглынанню ў першую чаргу.

Кожнага новага кіраўніка ў суседніх краінах мы рана ці позна абвяшчалі "празаходнім" ці "яшчэ больш празаходнім", не заўважаючы, што тым самым выносім прысуд сваёй уласнай палітыцы. Дзе ж тыя "прарасійскія", у чаканні якіх мы будавалі пясочныя замкі сваёй новай імперыі? А можа быць, усё ж такі штосьці не так з намі і з нашай палітыкай, а прэзідэнты іншых краін проста праўкраінскія, прагрузінскія, прабеларускія? Масква ніколі не дачакаецца з'яўлення на прасторах СНД такіх "прарасійскіх" сіл, як яна разумее гэта слова.

Няздольнасць нарцысуючай у сваіх мегаламанічных фантазіях "эліты" не фармальна на паперы, а ўнутрана псіхалагічна ўспрымаць усур'ёз незалежнасць "братэрскіх" краін, яе дзіўная глухата да магчымай рэакцыі нашых суседзяў, духоўная лянота і імперская пыха, якія не дазваляюць паспрабаваць зірнуць на сябе іх вачамі, — усе гэтыя выдатныя якасці правадыроў расійскай клептакратыі заканамерна спараджалі цыкл адчужэння і варожасці на ўсёй постсавецкай прасторы.

Перманентны правал усіх спроб "дамінавання" ў самаздаволена абвешчанай імі "зоне сваіх прывілеяваных інтарэсаў" і прымушае крамлёўскіх фігурантаў спісу "Форбс" адчуваць фрустрацыю і тое прыніжэнне, пра які бесперапынна вяшчаюць на ўсіх расійскіх і замежных псіхааналітычных канапах нашы знешнепалітычныя вітыі. Мала ім матэрыяльнага дабрабыту. Велічы, велічы і яшчэ раз велічы прагне расійская палітычная "эліта", што настойвае на сваёй унікальнай і высокай духоўнасці, якая супрацьстаіць меркантылізму ўпадніцкага Захаду.

На жаль, няма аб'ектыўных прыкмет гэтай велічы — ні ў ступені ўплыву Расіі на сусветныя справы, ні ў паказчыках яе эканамічнага і тэхналагічнага развіцця, ні ва ўзроўні жыцця, адукацыі, здароўя народа, якім кіруе гэта самая "эліта". Змяніць усе гэтыя вельмі непрыемныя параметры можна толькі доўгай напружанай працай і, перш за ўсё, змяніўшы безадказнае стаўленне кіруючай тусоўкі да сваёй краіны і да свайго народу-путынаносцу.

Але ёсць больш лёгкі шлях да "велічы", да салодкага адчування ўласнай значнасці, да пераадолення "знявагі". Дзеля гэтага дастаткова абвясціць сябе арыйскім племем, якое спусцілася з Карпацкіх гор, горда памахваючы дадатковай храмасомай духоўнасці, што боўтаецца паміж ног. Арыйскім племенем, якое дзёрзка распаўсюдзілася на паўсвету да форта Рос у Каліфорніі, абложаным з усіх бакоў аб'яднанымі сіламі глабалізму, атлантызму, жыдамасонства і сатанізму.

Вар'яцкая канцэпцыя "Рускага свету", па-вучнёўску запазычаная правадыром "раз'яднанага" племені ў гітлераўскай знешняй палітыкі 30-х гадоў мінулага стагоддзя, і ганебная спроба яе практычнай рэалізацыі ва Украіне сталі апафеозам оргіі "знявагі", што цягнецца ўжо чвэрць стагоддзя. Расія выступіла ў дачыненні да Украіны ў самай зневажальнай ролі гвалтаўніка-імпатэнта.

Пацыент нарэшце адказаў на пытанне наконт прыроды сваёй знявагі ўсім навакольным, што даўно ўжо былі занепакоеныя яго неадэкватнымі паводзінамі. Рускі чалавек на rendez-vous Гісторыі, аказваецца, прыніжаны і зняважаны, калі ён не можа беспакарана таптаць і падзяляць на кавалкі сваіх былых братоў па будаўніцтву платонаўскага катлавану. Так зняважаны, што нават есці не можа... санкцыйныя прадукты.

www.svoboda.mobi

Пераклад НЧ