Як жывуць у ДНР

Год таму на Данбасе стабілізавалася лінія фронту. Пад кантролем сепаратыстаў засталася частка Данецкай і Луганскай абласцей. Як жывуць у самаабвешчаных рэспубліках, распавядае данецкі прафсаюзны актывіст Іван Сурмін. 



1410437216_6228_infrastrukturnyie_obyektyi_ukrzaliznyitsi_podvergalis_tselenapravlennomu_razrusheniyu.jpg

— Зараз на фронце зноў абвастрылася сітуацыя. Як на гэта рэагуюць жыхары Данецку?

— У горадзе спакойна, хаця ўвесь час чуваць артылерыйскую кананаду. За год людзі неяк звыкліся з гэтым. А вось жыхароў Горлаўкі шкада. Там зараз рэгулярныя абстрэлы.

— Пра што можна думаць і што рабіць, калі прыкладна ў 10 кіламетрах ад цябе падаюць снарады?

— Галоўным чынам людзі занятыя вырашэннем сацыяльных праблемаў. У Данецку масавае беспрацоўе. Нават калі ёсць праца, заробкі надоўга затрымліваюць. У нас на прадпрыемстве ў ліпені выдалі заробак за люты-сакавік. Сітуацыю на рынку працы яшчэ больш пагоршыла нядаўняе масавае вяртанне людзей, якія без поспеху спрабавалі ўладкавацца ў Расіі.

 — Які зараз сярэдні заробак у Данецку?

— У мяне асабіста заробак 2000 грыўнаў — каля 90 долараў ЗША, што менш, чым у сярэднім па Украіне, дзе атрымліваюць каля 150 долараў. У дадатак кошты на прадукты ў Данецку большыя, чым па той бок фронту. Голаду, у тым ліку дзякуючы гуманітарнай дапамозе, няма, аднак жаданне нешта з’есці прысутнічае заўсёды.

— Зараз на двары спякотнае лета. Ці адпачываюць жыхары Данецку?

— Гэта залежыць ад матэрыяльнага стану. З-за недахопу сродкаў большасць праводзіць адпачынак на стаўках вакол Данецку. Таксама можна дазволіць сабе тур на тую частку берагу Азоўскага мора, якая кантралюецца ДНР. Гэта некалькі вёсак у 10–15 кіламетраў ад лініі сутыкнення. Сярэдні клас абірае Крым. Напэўна, ёсць і такія, хто наведвае замежныя курорты.

— Украінская прэса піша, што вайна не паўплывала на памеры продажаў элітных аўто. Іншымі словамі, нейкая група насельніцтва робіць гешефт на вайне. Ці падняўся хто-небудзь у Данецку пасля Майдану?

— Натуральна. Перш за ўсё, гэты тыя, хто ў патрэбны час прымазаўся да сілавых структур, якія займаліся перадзелам маёмасці і рэкетам буйных прадпрыемстваў. Узняліся гандляры таварамі паўсядзённага спажывання, якія вельмі часта звязаныя з этнічнымі абшчынамі.

— На інтэрнэт-форумах даводзілася сустракаць думку пра тое, што ў ДНР-ЛНР ідзе жорсткая вайна з крыміналам, у адрозненне ад Украіны, дзе злачынцы, выкарыстоўваючы партыйныя лейблы, адчуваюць сябе дастаткова вольна.Які стан злачыннасці на Данбасе?

— Цяжка зразумець, дзе злачынец, а дзе не, паколькі часта злачынцы знешне не адрозніваюцца ад міліцыі. У прынцыпе, злачынстваў стала менш, аднак толькі дзякуючы таму, што адсюль выгналі расійскіх казакоў, якія займаліся дробным рабаваннем. Галоўным чынам барацьба ідзе не з крыміналам, а з марадзёрамі. Увогуле, тут такі рэжым, што тут кашлянуць жахліва, а не тое, што нешта скрасці.

— У кастрычніку ў нефармальных рэспубліках плануюцца мясцовыя выбары. Хто мае шансы на перамогу? Ці ёсць у ДНР апазіцыя?

— Пераможцу можна назваць ужо зараз. Гэта будзе рух «Данецкая рэспубліка», які пабудаваны на базе партструктур былой «Партыі рэгіёнаў» пад фігуру Аляксандра Захарчанкі. Захарчанку таксама падтрымлівае алігарх Ахметаў, які захоўвае свае аб’екты ў рэгіёне. Магчыма, у саветы пусцяць фэйкавых апазіцыянераў, накшталт камуністаў. Нейкай апазіцыяй можна было лічыць групоўку «рэвалюцыянераў» — тых, хто першы пачаў пратэсты супраць Кіева і зараз тусуецца вакол героя антыўкраінскіх пратэстаў Губарава. Яны зацікаўленыя ў больш сацыялістычным характару праекту ДНР, выступаюць за нацыяналізацыю маёмасці Ахметава. Аднак апошнім часам на «рэвалюцыянераў» моцна ціснуць — аж да іх выкрадання. Магчыма, таму яны зараз не вельмі палітычна актыўныя.

— Ці дапускаюць абывацелі прыход украінскага войска і аднаўленне ўкраінскай адміністрацыі? Якое стаўленне да тых жыхароў Данбасу, якія жывуць на ўкраінскай тэрыторыі?

— Адказнасць за ўсе праблемы апошніх часоў, як правіла, ускладаюць на Украіну. Гэта калектыўная думка. У магчымасць вяртання пад кантроль Кіева не вераць, і нават такі варыянт не абмяркоўваюць. Аднак падобныя рашэнні прымаюцца ў іншым месцы. У СМІ будуецца сапраўдны культ Захарчанкі, якому надаюць статус выратавальніка Данецка ад каральнікаў-бандэраўцаў. Калі Захарчанка скажа, што Данбасу трэба быць аўтаномнай часткай Украіны, як патрабуюць Мінскія дамовы, яго паслухаюць. Што тычыцца тых, хто жыве на ўкраінскім Данбасе, то гэтыя людзі ў такім жа цяжкім стане, як і мы. Там таксама яшчэ паспрабуй знайдзі працу.

— Ці адчуваецца ў эканамічным жыцці прысутнасць Расіі? У Кіеве пішуць пра пагрозу інтэграцыі Данбасу ў склад расійскай гаспадаркі.

— Пакуль выключна на ўзроўні наяўнасці ў грашовым абароце рускіх рублёў і прытоку расійскіх брэндаў. У гэтым плане можна казаць пра інтэграцыю Данбасу ў беларускую гаспадарку. У Данецку пачалі адкрываць крамы, якія гандлююць выключна беларускімі таварамі. Учора бачыў новую такога кшталту камерцыйную кропку пад назвай «Белая бяроза».

— Як бачаць жыхары Данецку будучыню Данбасу?

— Лічыцца, што вайна рана ці позна закончыцца. ДНР зможа ўключыць у свае межы ўсю Данецкую вобласць. Пасля пачнецца адбудова вытворчасці. Вось так. Напэўна, прымітыўна, аднак добра, што мы ўвогуле яшчэ здольныя пра нешта марыць.