Зміцер Дашкевіч абвяргае інфармацыю БТ пра канал вярбоўкі наймітаў
13 жніўня тэлеканал Беларусь 1 паведаміў, што беларускія спецслужбы выкрылі канал вярбоўкі наймітаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны.
Зміцер Дашкевіч
Арганізатарам каналу называецца ўкраінец з пазыўным «Тарас». Вярбоўка нібыта адбывалася праз сацыяльныя сеткі і вялася сярод «маладых радыкалаў, а таксама душэўна хворых, беспрацоўных, былых крымінальнікаў і футбольных фанатаў».
Тэлеканал таксама паведаміў, што інфармацыйнае суправаджэнне аказвалі некаторыя інтэрнэт-рэсурсы, а таксама арганізацыя «Малады фронт», зарэгістраваная ў Чэхіі.
Сустаршыня «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч заяўляе, што інфармацыя, агучаная на БТ, не адпавядае рэчаіснасці:
«Я не гляджу ніякай тэлевізіі, тым больш беларускай. Інфармацыя гэтая з'яўляецца поўнай ахінеяй. Калі б былі выяўленыя групоўкі і фармаванні, тым больш (у сюжэце — РС) згадваецца КДБ і памежны камітэт, то былі б адпаведныя крымінальныя справы ці хаця б допыты. Але ні мяне, ні, наколькі я ведаю, іншых актывістаў руху не выклікалі ні на допыты, ні на размовы.
Ахінея — сама сутнасць інфармацыі, што мы, „Малады фронт“, „кагосьці збіраем“. Як і многія грамадзяне Беларусі, мы маем выразную пазіцыю па ўкраінскім канфлікце. Расія — гэта агрэсар, які рана ці позна атрымае асуджэнне на новым „нюрнбергскім трыбунале“. Мы не збіраем аніякую армію.
Ёсць людзі, якія вырашылі ваяваць, як, напрыклад, Эдуард Лобаў. Але гэта асабістае рашэнне кожнага чалавека. Як можна сказаць „ты едзь, аддай жыццё хоць і за родную дзяржаву, але не за сваю“. Гэта бязглузда і непатрэбна. Хто жадае, той самастойна прымае такія рашэнні».
Пры канцы ліпеня стала вядома, што былы палітвязень сустаршыня «Маладога фронту» Эдуард Лобаў ваюе ва Украіне на баку АТА. «Калі мы не дапаможам Украіне змагацца ў гэтай вайне, то наступным наступальным этапам Расіі можа аказацца Беларусь», — кажа Эдуард Лобаў у відэазвароце, які размешчаны на канале youtube у суполцы «Згуртаванне патрыётаў».