«У гаранта геапалітычная веліч распухла і цісне на цэнтры прыняцця рашэнняў»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае пра тое, як электаральны працэс уплывае на пачуццё ўласнай важнасці гаранта. І як гэтае пачуццё адрываецца ад рэальнасці. Адрываецца так, што асобныя яго саюзнікі вымушаныя ставіць гаранта на месца. Бо гарантыі гаранта ўжо мінаюць.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Аказалася, што са шматвектарнасцю ўсё значна горш, чым я пра яе думаў. Спачатку Паўночная Карэя сказала, што сёй-той напрошваецца да іх у госці без павагі. Потым Кітай нічога не сказаў, але не захацеў яго ў сябе бачыць. А ўчора пуцінскі Пяскоў сказаў, што сёй-той у графіку Пуціна на бліжэйшы час пакуль не прадугледжаны.

І заўваж, ён жа не проста так гэта сказаў. Ён гэта сказаў пасля таго, як гарант пахваліўся, што пасля заканчэння свайго электаральнага працэсу не можа бачыць нікога акрамя Пуціна, таму што гэта будзе «для многіх незразумела».

Я разумею, што пабачыцца Пуцін з гарантам, нікуды не падзенецца. Нават калі ён гэтага гаранта ўжо бачыць не можа. Таму што выбіраць асабліва ўсё роўна няма з каго. Але ж мог жа Пяскоў, як ветлівы чалавек, сказаць, што «канкрэтныя тэрміны візіту цяпер узгадняюцца». А не казаць гэтыя крыўдныя словы пра адсутнасць гаранта ў графіку. Таму што такія словы кажуць, вядома, толькі калі хочуць пакрыўдзіць.

Або калі хочуць намякнуць, што гаранту з мінаючымі гарантыямі не трэба лішні раз выхваляцца сваёй шматвектарнасцю, а трэба сядзець роўна і чакаць, пакуль табе свіснуць. А калі свіснуць, тады ўжо зрывацца з месца з загадзя запланаваным візітам.

Але гарант жа не можа сядзець роўна. Вось учора беларускі міністр як бы замежных спраў вырашыў растлумачыць Пуціну, чаго Пуцін хоча ад вайны ва Украіне. Ну гэта значыць, Пуцін сам у прынцыпе не ў курсе, але беларускі міністр як бы замежных спраў вырашыў яму растлумачыць.

Таму што ў гаранта геапалітычная веліч распухла і цісне на цэнтры прыняцця рашэнняў. Асабліва пасля завяршэння электаральнага працэсу, калі тэлевізар тры месяцы паказваў яму сваю ўсенародную любоў. І з-за гэтага ў гаранта здараюцца ўсякія няспраўныя сітуацыі, калі ён пачынае размахваць ва ўсе бакі сваімі новымі постэлектаральнымі гарантыямі. 

Хоць гэтыя гарантыі цяпер у такім стане, што з тэлевізара іх лепш лішні раз не выносіць. Каб неспадзявана не сапсаваць. Таму што электаральны працэс гэтыя гарантыі яшчэ больш сапсаваў. І збоку гэта ўжо вельмі моцна кідаецца ў вочы. Асабліва бліжэйшым саюзнікам. Таму што бліжэйшыя саюзнікі лепш за ўсіх астатніх ведаюць цану ўсенароднай любові. І цану мінаючага гаранта. Навошта плаціць больш, калі няма ніякай розніцы? Усё роўна гаранту падзецца няма куды. Вось ты спачатку дакажы, што ў цябе застаўся хоць які-небудзь вектар, а потым ужо дамагайся ад саюзнікаў узаемнай павагі.

Хоць з павагай усё станавілася толькі горш з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.