«На падставе абароны ядзернай зброі Расія зможа ажыццявіць ваенную інтэрвенцыю ў Беларусь»

У размяшчэнні расійскай ядзернай зброі ў Беларусі для беларускага рэжыму больш мінусаў, чым плюсаў. Найперш, гэта моцны рычаг ціску на Лукашэнку з боку Расіі. Але сам Лукашэнка, падаецца, гэтага не разумее.

world_war5_1.png


У чацвер у Мінск прыехаў расійскі міністр абароны Шайгу, разам з лукашэнкаўскім калегам Хрэніным яны падпісалі дакументы аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі. «Філін» запытаўся пра гэту падзею ў палітолага Анатоля Котава.

— Як гэта рашэнне мяняе, на ваш погляд, становішча беларускага рэжыму?

— У кожнага рашэння ёсць свае плюсы і мінусы. Лукашэнка лічыць, што атрымаў нейкую гарантыю бяспекі. Таксама ён разлічваў атрымаць кантроль над гэтымі ўзбраеннямі.

Але ў рэальнасці дактрына «ядзерная дзяржава не можа прайграць у вайне» не працуе.

Тым больш што Беларусь не ядзерная дзяржава, а ўсяго толькі база для размяшчэння чужой ядзернай зброі. Гэта значыць фактычна замест гарантый бяспекі Лукашэнка атрымаў тлустую мішэнь на краіне для патэнцыйнага ўдару ў адказ.

Абмяркоўваецца пытанне, хто будзе ажыццяўляць абарону ядзернага арсенала. Усё ідзе таксама па непрыемным для Лукашэнкі сцэнары — хутчэй за ўсё, гэта будуць расійскія вайскоўцы. А гэта значыць новыя пастаянныя ваенныя базы. Узмацненне залежнасці ад Масквы.

Больш за тое, на падставе абароны ядзернай зброі Расія зможа ў любы момант ажыццявіць ваенную інтэрвенцыю. Нагодай можа стаць усё што заўгодна. Хоць лясныя пажары, хоць людзі на вуліцах.

Усё гэта абумоўлена тым, што Масква асцерагаецца, што Лукашэнка ў крытычны момант можа павесці сябе з зарадамі, як калісьці з комплексам С-300. Банальна пайсці на здзелку з Захадам (у 1994-1995 гадах Лукашэнка прадаў ЗША тады звышсакрэтны комплекс С-300, які яму далі расіяне для навучання беларускіх ваенных — «НЧ»).

Я бачу больш мінусаў для рэжыму, чым плюсаў. Адзіны плюс — гэта нейкая падвышаная каштоўнасць Лукашэнкі для Пуціна. Але і гэту карту заўсёды можна разыграць і замяніць.

Відавочна, гэтым разам Лукашэнка вельмі сур'ёзна пралічыўся. На жаль, у закладніках апынуўся ўвесь народ Беларусі, нават «ябацькі». Яны пакуль не ўсвядомілі ўсёй небяспекі ядзернай авантуры.


— У чым выгада Пуціна ад размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі?

— З Пуціным прасцей. Падстава для знаходжання або ўваходжання расійскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі — рычаг поўнага кантролю над тым, што яны называюць «беларускім балконам». Спісанне з рахункаў нават такога эфемернага паняцця, як Узброеныя сілы Беларусі.

У выпадку нанясення ўдару з тэрыторыі Беларусі першы ўдар у адказ прыйдзецца менавіта на Беларусь, каб не дапусціць паўторных. Гэта значыць, Беларусь становіцца буфернай зонай для Расіі.

Рызыка для Расіі адна — здрада Лукашэнкі. Але ён купіруецца ваеннай прысутнасцю.

А самае галоўнае — усё гэта беларускі рэжым робіць абсалютна добраахвотна, гуляючы ролю акупацыйнай адміністрацыі, якую значная частка насельніцтва не ўспрымае ў якасці такой.

Працягваецца знішчэнне незалежнасці і ідэнтычнасці беларускай дзяржавы і беларускай нацыі рукамі саміх жа беларусаў.

У гэтым і ёсць самая вялікая небяспека. Гэта можна параўнаць толькі з ракавай пухлінай. Арганізм не ўспрымае адміністрацыю, якая складаецца, па сутнасці, ужо з людзей самага савецкага пакалення — манкуртаў і маральных банкрутаў (а менавіта імі аказаўся Homo Soveticus), у якасці экзістэнцыйнай пагрозы.

З усіх мадэляў акупацыі — грузінскай (праз парламент), украінскай (праз карупцыю і ваенную інтэрвенцыю), малдаўскай (праз стварэнне непадкантрольнага анклава) — беларуская (калі нацыя знішчае сама сябе) аказалася самай эфектыўнай.

— Чаму суседзі Беларусі, як падалося, дастаткова спакойна адрэагавалі на размяшчэнне ЯЗ у нашай краіне?

— Для большасці краін-суседзяў нічога не змянілася. Ядзерная зброя — і стратэгічная, і тактычная — знаходзіцца ў тым жа Калінінградзе. Таму для іх нічога новага, па сутнасці, не адбылося.

З ваеннага пункту гледжання сітуацыя памянялася толькі для поўдня Польшчы і поўначы Украіны.