«Міралюбныя сігналы цяжка пачуць, калі тэлевізар верашчыць у экстазе пра ядзерны попел»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае пра тое, ці параіўся Пуцін з малодшым саюзнікам, калі казаў пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, і пра тое, якія сігналы шле Захаду беларускае МЗС на самай справе.

Ілюстрацыя  Midjourney

Ілюстрацыя Midjourney


Учора беларускае МЗС заўважыла, што ў Беларусь збіраюцца паставіць ядзерную зброю. Прайшло ўсяго тры дні. І гэта ўвогуле добры вынік. Самалёт, з якім нічога не здарылася ў Мачулішчах, беларускія ўлады заўважылі толькі на чацвёрты дзень. Гэта значыць, хуткасць рэакцыі вырасла на дваццаць пяць адсоткаў. Вось адразу відаць, што перад тым, як заявіць пра размяшчэнне ядзернай зброі, Пуцін з усёй павагай параіўся з малодшым саюзнікам. Ну раз беларускія ўладам спатрэбілася ўсяго тры дні, каб прыдумаць сваю заяву.

Беларускія ўлады, вядома, у гэтай заяве паскардзіліся, як нядобрыя людзі груба ўмешваліся ў іх унутраныя справы і як ім страшна жылося ў гэтым свеце без атамнай бомбы. І геапалітычны курс ім спрабавалі памяняць, і ўнутрыпалітычны лад хацелі папсаваць. Гэта значыць, раней у іх ніякай сапраўднай міжнароднай бяспекі не было, а цяпер, з атамнай бомбай, бяспека, мабыць, рэзка падвысіцца.

Але стараліся яны са сваёй заявай, вядома, не толькі дзеля таго, каб паскардзіцца. Таму што ўсе даўно ўжо ведаюць, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад і некаторыя нават бачылі адпаведныя сакрэтныя карты.

А галоўны сэнс складаўся ўсё ж такі ў тым, каб заявіць, што ніякай ядзернай зброі беларускія ўлады насамрэч не атрымаюць. Што ядзерная зброя як была расійскай, так расійскай і застанецца, але проста паляжыць трошкі на беларускай тэрыторыі. Што беларускія ўлады, адпаведна, ні ў чым не вінаватыя. Што ніякіх міжнародных канвенцый яны асабіста не парушалі. А калі парушалі, то гэта не яны. А хто парушыў, яны не ведаюць, але, калі што, то хай з гэтага парушальніка ўсе і пытаюцца. А яны за «канструктыўны дыялог» і «ўмацаванне архітэктуры міжнароднай бяспекі».

Таму што я не ведаю, чыю там бяспеку павысіць ядзерная зброя ў аддаленай гістарычнай перспектыве, але на бягучы момант планы па яго размяшчэнні стварылі для беларускіх уладаў толькі перспектыву новых непрыемнасцяў. Вось нікога гэтыя заявы неяк не ўразілі, і ніхто саюзнікам канструктыўнага дыялогу не прапанаваў. А новыя санкцыі супраць беларускіх уладаў прапанавалі многія і адразу. Дык не дзіўна, што беларускія ўлады вырашылі ўспомніць пра міжнароднае права і адправіць адпаведны сігнал пра сваю прыроджаную міралюбнасць усім зацікаўленым бакам.

Толькі мне здаецца, што беларускае МЗС дарма, вядома, стараецца. Па-першае, яны цяпер не ў тым становішчы, каб самавітыя людзі трацілі час на расшыфроўку іх сігналаў. А па-другое, міралюбныя сігналы вельмі цяжка пачуць, калі беларускі тэлевізар верашчыць у экстазе пра ядзерны попел.