Карбалевіч: Беларусь ператвараецца ў ядзерную мішэнь, а кіраўніцтва краіны маўчыць
Як гаворыцца, бойся сваіх жаданняў, аднойчы яны могуць спраўдзіцца. Лукашэнка марыў аб ядзернай зброі, казаў пра яе неабходнасць летась 8 разоў. Але адна справа — пужаць гэтай зброяй, і зусім іншая — яе артымаць. Пра гэта разважае Валерый Карбалевіч на «Свабодзе».
Чацвёрты дзень Аляксандр Лукашэнка не выказваецца наконт заявы Пуціна аб размяшчэнні ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі. Сярод дзяржаўных ведамстваў навіну, пра якую пішуць многія СМІ ў свеце, пракаментавала толькі Міністэрства замежных спраў.
МЗС заявіла, што з’яўленне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі Расіі не супярэчыць міжнародным дамовам, якія падпісала Беларусь. Там таксама заявілі, што рашэнне аб размяшчэнні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікабрытаніі і іх хаўруснікаў па NATO, а таксама дзяржаў Еўрапейскага саюза».
У чым прычына такой сціплай рэакцыі на падзею, якая можа ператварыць цэлую краіну ў ядзерную мішэнь? Пра гэта ў эфіры «Св*боды Premium» разважае палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч.
«Лукашэнка можа, калі гэта трэба, трымаць паўзу, чакаць зручнага моманту, глядзець на рэакцыю беларусаў, замежжа, і толькі пасля нешта каментаваць. Беларускае кіраўніцтва знаходзіцца ў няёмкім становішчы. З аднаго боку, Лукашэнка марыў аб ядзернай зброі, казаў пра яе неабходнасць летась 8 разоў. Адна справа — пужаць гэтай зброяй, каб нешта выгандляваць. Гэта стыль паводзін Лукашэнкі ўвесь час ягонага кіравання. Ён увесь час шантажыруе Захад. А тое, што гэта можа рэалізавацца на практыцы, магчыма, і для самога Лукашэнкі было нечакана», — лічыць Карбалевіч.
На яго думку, да вайны ва Украіне заявы Лукашэнкі пра ядзерную зброю насілі характар стрымлівання. Але вайна гэтую логіку змяніла.
«Цяпер паўстае пытанне рэальнага выкарыстання ядзернай зброі як інструмента вайны. Гэта мяняе ўсю парадыгму стаўлення да ядзернай зброі. Магчыма, Лукашэнка добра ведае пра стаўленне беларусаў да ядзернай зброі. Нікуды не знік чарнобыльскі сіндром. Стаўленне да АЭС у Беларусі таксама супярэчлівае, недзе 50/50. Гэта пераход «чырвонай рысы», — кажа палітычны аглядальнік.
На думку Карбалевіча, Лукашэнка разумее, што калі зброя будзе расійскай і калі Крэмль будзе прымаць рашэнне пра яе выкарыстанне, то Беларусь аказваецца ў сітуацыі заложніка Масквы, яе авантурных планаў. У выніку Беларусь пры такім раскладзе можа стаць мішэнню для адказу іншых ядзерных краін.
Першага ліпеня ў Беларусі мусіць закончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Пра гэта 25 сакавіка паведаміў Пуцін у эфіры тэлеканала «Россия-24».
Па словах Пуціна, Аляксандр Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Мінску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю.
Яшчэ летась Лукашэнка заяўляў, што некалькі беларускіх самалётаў пераабсталявалі і яны могуць несці ядзерныя ракеты. Пуцін удакладніў, што такіх самалётаў дзесяць.