Шрайбман: «Лукашэнка стварае базу, каб беларусы хацелі яго пазбавіцца з прычыны, з якой яго выбралі»

Варыянты для няядзернай эскалацыі Пуцін вычарпаў. Застаюцца ядзерныя пагрозы. Пуцін невыпадкова выразна прагаварыў дэдлайн: сховішча для тактычных ядзерных ракет у Беларусі будзе гатовае да 1 ліпеня. Вось вам, NATO, тры месяцы, думайце, разважае Арцём Шрайбман.

jadzenraja_vajna_mdjrn5.png

Чаму Расія вырашыла размяшчаць у Беларусі тактычную ядзерную зброю? Што стаіць за згодай Лукашэнкі гэта зрабіць? І якія наступствы будуць для нашай краіны? Пра гэта ў сваёй калонцы для «Л*стэрка» разважае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Рашэнне Уладзіміра Пуціна размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі — не самы нечаканы крок, як мінімум таму, што пра такую магчымасць некалькі разоў за апошні год гаварыў Аляксандр Лукашэнка.

Гэта не першы раз, калі ён прэвентыўна дае Пуціну запрашэнне да эскалацыі, нібыта ператвараючы яе з «Крэмль вырашыў» у «мы дамовіліся». Так было і з вучэннямі ў лютым мінулага года, што перараслі ў вайну, і з запрашэннем расійскіх войскаў восенню для стварэння адзінай групоўкі. У выніку гэтая групоўка аказалася па сутнасці прыкрыццём для навучання расійскіх мабілізаваных на беларускіх палігонах.

Цікава, што ў верасні Лукашэнка прагаварыў умовы для размяшчэння ў краіне ядзернай зброі, і яны не супалі з рэальнасцю. Тады ён сказаў, што калі на Беларусь нападуць або калі ЗША размесцяць сваю ядзерную зброю ў Польшчы, то яна мусіць з’явіцца і ў Беларусі.

Па факце падставай для рашэння Пуціна названыя пастаўкі Украіне снарадаў са збедненым уранам — боепрыпасаў, якія не маюць нічога агульнага з ядзернай зброяй. Гэта вельмі тоўсты намёк на тое, што не Лукашэнка вызначае, калі і чаму ў Беларусь упершыню з сярэдзіны 90-х вернуцца ядзерныя снарады, хай пакуль і тактычныя — то-бок меншай магутнасці, чым стратэгічныя ракеты, якія паспелі вывесці за раннім Лукашэнкам.

Пагражаючы размясціць у Беларусі ядзерную зброю, Пуцін спрабуе гаварыць з Захадам. Улічваючы несувымернасць ваенна-прамысловых патэнцыялаў Расіі і яе саюзнікаў з аднаго боку і кааліцыі саюзнікаў Украіны — з іншага, ад паразы ў вайне Пуціна можа ўратаваць толькі стомленасць або нежаданне Захаду працягваць забяспечваць УСУ. Асабліва важна сарваць пастаўкі перад рыхтаваным украінскім наступленнем.


Варыянты для няядзернай эскалацыі Пуцін вычарпаў. Мабілізацыя не прывяла да прарыву на поле бою — цягам расійскага зімовага наступлення ўзятыя некалькі разбураных гарадкоў і вёсак у ваколіцах Аўдзееўкі і Бахмута. Угробленыя дзясяткі тысяч наймітаў і салдат у «мясных штурмах». Другая хваля мабілізацыі не можа быць хуткай або такой жа лёгкай, як першая. Хто хацеў ваяваць ці спадзяваўся на лёгкія грошы, ужо з высокай імавернасцю трапіў на фронт.

Усё больш расійскіх падраздзяленняў наракаюць на снарадны голад. Ракет і дронаў для масіраваных і рэгулярных абстрэлаў, як у кастрычніку — лістападзе, мяркуючы па ўсім, ужо не хапае. А іх эфектыўнасць зводзіць на нішто нашпігаваная заходнімі сістэмамі ўкраінская СПА.

Застаюцца ядзерныя пагрозы. Пуцін невыпадкова выразна прагаварыў дэдлайн: сховішча для тактычных ядзерных ракет у Беларусі будзе гатовае да 1 ліпеня. «Іскандэры» ўжо на зямлі, лётчыкаў навучым, і ядзерныя боепрыпасы з’явяцца, патэнцыйна, за 200−300 кіламетрах ад Кіева. Вось вам, NATO, тры месяцы, думайце.

Імавернасць таго, што Захад міргне, мінімальная. Апошнія месяцы яго рашучасць забяспечваць Украіну зброяй і снарадамі толькі расла. А гэта значыць, што, хутчэй за ўсё, у сярэдзіне гэтага года мы ўсё ж убачым дэманстратыўнае размяшчэнне ў Беларусі расійскіх ядзерных боепрыпасаў.

Для нас гэта цягне наступствы на некалькіх узроўнях: ваенным, знешне- і ўнутрыпалітычным.

З ваеннага пункту гледжання, калі ўявіць сабе выхад расійска-ўкраінскай вайны на ўзровень непасрэднага сутыкнення NATO і Расіі, ужо няма сумневу ў тым, што месцы захоўвання, пускавыя ўстаноўкі і вайсковыя аэрадромы ў Беларусі будуць мэтай (імаверна — адной з першых мэтаў) для ракетнага ўдару NATO. Размяшчэнне ядзернай зброі ліквідуе няпэўнасць у гэтым пытанні: пакідаць такую пагрозу каля Варшавы, Вільні, Кіева і Рыгі ніхто не будзе.

У знешняй палітыцы для Мінска размяшчэнне расійскіх ядзерных ракет — гэта яшчэ адзін якасна новы крок у бок глыбейшага ўдзелу ў расійскай вайне. Амаль паўгода Лукашэнка ўстрымліваўся ад такіх крокаў. У кастрычніку ў Беларусь заехалі тысячы расійскіх мабілізаваных, але затое прыкладна з гэтага ж часу не было пацверджаных абстрэлаў Украіны з беларускай тэрыторыі і паветранай прасторы.

Гэтая стабілізацыя ўзроўню ўцягвання ў вайну дазваляла Мінску сеяць сумневы ў заходнім лагеры наконт таго, ці трэба сінхранізаваць санкцыі супраць Расіі і Беларусі. На гэтым настойваюць Польшча і краіны Балтыі, але сама Украіна, многія еўрапейскія краіны і нават ЗША лічылі, што ёсць сэнс дыферэнцыяваць Пуціна і Лукашэнку. Некаторыя чальцы ЕС наогул пачалі лабіяваць вывад беларускага калію з-пад санкцый.


З’яўленне ў Беларусі ядзернай зброі відавочна ўзмоцніць аргументы і пазіцыі ястрабаў. Бо гэта выразны сігнал Захаду, што адмова ад новых санкцый супраць Мінска не дапамагла — Лукашэнка не ўтрымаўся ад далейшага ваеннага збліжэння з Расіяй.

Цалкам імаверна, што і ЕС, і ЗША выкарыстаюць тры месяцы, якія Пуцін адвёў ім «на падумаць», каб прапанаваць Лукашэнку таксама падумаць, ці хоча ён атрымаць папаўненне ў свой «пакет з пакетамі» санкцый. Але паколькі Мінск у гэтых пытаннях відавочна не цэнтр прыняцця рашэнняў, траекторыя ўзаемных рэакцый тут выглядае зразумелай ужо цяпер.

Не менш прадказальным будзе асуджэнне гэтага кроку большасцю беларусаў. Сацыёлагі шмат спрачаюцца наконт таго, у якой ступені можна давяраць апытанням у ваенны час ва ўмовах дыктатуры, але ёсць тэмы, у якіх наяўнасць нацыянальнага кансэнсусу (ці чагосьці вельмі падобнага да яго) ніхто не аспрэчвае.

Такой тэмай, напрыклад, стала негатоўнасць пераважнай большасці беларусаў падтрымаць удзел свайго войска ў вайне ва Украіне. Такі вынік даюць абсалютна ўсе як тэлефонныя, так і анлайн-апытанні з пачатку 2022 года, і ён стабільны ад месяца да месяца. Прасторы для магчымых скажэнняў тут няма.

Дык вось з ядзернай зброяй і ідэяй размясціць яе ў Беларусі сітуацыя падобная. Толькі кожны пяты апытаны ў серыі апытанняў Chatham House з сакавіка да жніўня 2022 года быў гатовы падтрымаць такое рашэнне, а каля 80% выступалі супраць гэтага. У нас няма больш свежых звестак, але ўлічваючы тое, якой стабільнай была гэтая лічба першыя паўгода вайны, няма падставаў падазраваць карэнны пералом пазней.

Даследаванне Chatham House пра стаўленне беларусаў да размяшчэння ядзернай зброі ў нашай краіне. Жнівень 2022 года. Фота: Chatham House

Даследаванне Chatham House пра стаўленне беларусаў да размяшчэння ядзернай зброі ў нашай краіне. Жнівень 2022 года. Фота: Chatham House

Прычыны такога стаўлення на паверхні. Нават многія прарасійскія беларусы, то-бок прыхільнікі пуцінскай «спецаперацыі» (якіх, па розных мерках, у гэтых жа апытаннях — пад 35−40%), разумеюць, да чаго прывядзе быццё плацдармам для ядзернай зброі. Больш нейтральным і па-праўкраінску настроеным людзям гэта тым больш не трэба тлумачыць.

Прапагандзе будзе вельмі складана прадаць размяшчэнне ядзерных ракет як узмацненне беларускай нацыянальнай бяспекі. Нават калі ўявіць сабе максімальна прадуктыўную працу тэлевізара, колькасць прыхільнікаў гэтай меры можна давесці да чвэрці або траціны беларускага грамадства, але і гэта пакідае Лукашэнку з меншасцю.


Затое можа пачацца эрозія той падтрымкі, якую ўлада, мяркуючы з некаторых даследаванняў, атрымала дзякуючы рэзка абвостранаму запыту беларусаў на мір і няўдзел у вайне.

Лукашэнка ўжо займаўся вельмі непапулярнай у грамадстве справай, калі даваў плацдарм для ўварвання і абстрэлаў украінскай тэрыторыі (паводле ўсё тых жа звестак Chatham House, падтрымлівалі гэта ўсяго 10−15%). Тады ўлада разумна вырашыла маўчаць пра гэтыя абстрэлы, а прапаганда пераключылася на тое, як Беларусь прапануе мірныя ініцыятывы, не пасылае сваіх салдат на фронт і прымае ўкраінскіх уцекачоў.

У выніку пра рэальную ступень суўдзелу Беларусі ў вайне рэгулярную інфармацыю атрымлівалі толькі жыхары некаторых паўднёвых гарадоў, адкуль вяліся абстрэлы, і аўдыторыя незалежных СМІ. Але як схаваць ад сваёй лаяльнай тэлевізійнай і нават не палітызаванай аўдыторыі такую інфармацыйную бомбу, як размяшчэнне ў краіне ядзернай зброі? Асабліва калі пра гэта кажа цэлы Пуцін, а саму тэму ўвесь год педаляваў Лукашэнка.

Таму ўлада хутчэй паспрабуе, як раіў палкоўнік з «ДМБ», «определить недуг в подвиг», расказаўшы сваім прыхільнікам нешта ў стылі «цяпер нас будуць яшчэ больш баяцца» і «мы пакажам ім кузькіну маць».

Але мілітарызм не можа супакойваць грамадства, дзе кансэнсусам стала патрабаванне міру і спакою. Трывога і страх агідныя, нават калі ты сядзіш у маральна блізкім табе акопе, калі твой базавы запыт — наогул у акопах не сядзець.

Чым больш Лукашэнка асацыюе сябе з павышэннем ваенных пагроз для Беларусі, тым больш патэнцыйных бонусаў гэта дае тым палітыкам — сёння і ў будучыні, — хто прапануе, як гэтыя пагрозы і выкліканую імі трывожнасць зніжаць.

Зайграўшыся ў саюзніцтва на чужой вайне, Лукашэнка сам стварае базу для таго, каб беларусы хацелі яго пазбавіцца не таму, што эканоміка не едзе або сілавікі страцілі межы, а менавіта з той прычыны, з якой калісьці выбралі яго. Каб у краіне былі мір і стабільнасць.