Тактычная ядзерная зброя — што гэта? Падрабязны агляд

Ці варта баяцца беларускім грамадзянам? Ці моцная гэтая зброя? Што можа прыляцець у адказ? Самыя галоўныя пытанні і адказы на іх — у матэрыяле.

203-мм ядзерны снарад для ўстаноўкі 2С7 «Півоня»

203-мм ядзерны снарад для ўстаноўкі 2С7 «Півоня»

Што здарылася

25 сакавіка 2023 года Уладзімір Пуцін заявіў, што расійскі і беларускі рэжымы дамовіліся размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Будаўніцтва сховішча для яе, зазначыў прэзідэнт РФ, будзе скончана да 1 ліпеня гэтага года, піша «Люстэрка»
Беларускія і расійскія прапагандысты выказаліся аб рашэнні ў асабліва хвалебным ключы (напрыклад, размяшчэнне зброі масавага паражэння назвалі «гістарычным шанцам» і «мяккай ваеннай сілай»).
У той жа час прадстаўнікі НАТА адзначаюць, што Расія такімі дзеяннямі парушае свае абавязацельствы па кантролі за ўзбраеннямі (тым больш што нядаўна Масква прыпыніла свой удзел у дамове СНУ-III, падпісанай у 2010 годзе).

Дэмакратычныя сілы Беларусі выказаліся рэзка супраць размяшчэння зброі масавага паражэння ў нашай краіне — Святлана Ціханоўская заявіла, што гэта груба супярэчыць волі беларускага народа на бяз'ядзерны статус дзяржавы, а прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па пытаннях абароны Валерый Сахашчык запісаў зварот да ваеннага кіраўніцтва, дзе назваў тое, што адбываецца, «чорным днём».

Што ўяўляе сабой тактычная ядзерная зброя

Калі казаць зусім проста, то тактычная ядзерная зброя, або ТЯЗ — гэта ядзерныя боезарады, якія прадугледжваюць выкарыстанне іх прама на полі бою. Калі звычайнымі ракетамі з ядзернымі боегалоўкамі можна знішчаць цэлыя гарады, найважнейшыя прадпрыемствы, аб'екты інфраструктуры і наогул «убамбіць ворага ў каменны век», то задача ТЯЗ — дапамагчы выйграць канкрэтную бітву. Таму бомбы або ракеты, якія адносяцца да тактычных узбраенняў, могуць выкарыстоўвацца супраць войскаў і ваеннай тэхнікі, штабоў, караблёў і нават супраць самалётаў — існуюць ядзерныя боегалоўкі для зенітных ракет.
Лічыцца, што па змоўчанні ТЯЗ мае значна меншую магутнасць, чым стратэгічныя ўзбраенні. Часта так і ёсць — тактычныя боезарады могуць размяшчацца нават у артылерыйскіх снарадах, а іх магутнасць нярэдка саступае тым, што стаяць на міжкантынентальных ракетах, у тысячы разоў.
Аднак гэта зусім неабавязкова. Напрыклад, амерыканская боегалоўка W89 магутнасцю 200 кілатон (больш за дзясятак Хірасім) ставілася на ракеты стратэгічных бамбавікоў — і адносілася да стратэгічных узбраенняў. Аднак яе ж можна было ўсталёўваць на супрацьлодкавыя тарпеды, і тады зброя станавілася тактычнай.
Адрозненні тактычнага і стратэгічнага ядзернага ўзбраення — у тыпе носьбіта і спосабе выкарыстання. Размежаванняў па магутнасці, якія былі б дакладна прапісаны, не існуе.

І таму казаць, што ў Беларусі будзе размешчана «менш магутная» ядзерная зброя, няправільна.


Якую зброю Расія размесціць у Беларусі і чым яна небяспечная?

Хоць пра канкрэтныя мадэлі ўзбраення Пуцін нічога не сказаў, мы сёе-тое ведаем пра носьбіты гэтых боезарадаў. Па-першае, Беларусі ўжо перадалі аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр», якія ўмеюць страляць балістычнымі і крылатымі ракетамі. І на адны, і на другія можна ўсталёўваць ядзерную баявую частку.
Па-другое, Пуцін сказаў, што пад выкарыстанне ТЯЗ абсталявалі 10 самалётаў беларускай авіяцыі. Мадэлі не называліся, аднак раней ужо згадвалася, што ў якасці носьбітаў ядзернай зброі пераабсталююць штурмавікі Су-25. У Беларусі, паводле вайсковага бюлетэня Military Balance, такіх 22 штукі, не ўлічваючы машын на захоўванні. Таму застаецца разабрацца, якая са зброі, што выкарыстоўваецца гэтым штурмавіком, можа мець ядзерную баявую частку.

Су-25. Фота: Міністэрства абароны Беларусі

Су-25. Фота: Міністэрства абароны Беларусі

Што тычыцца «Іскандэра», то афіцыйная далёкасць гэтай зброі складае 500 кіламетраў  — менавіта таму комплекс не патрапіў пад абмежаванне Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці (па гэтай дамове СССР і ЗША адмовіліся ад наземных сістэм з далёкасцю 500-5500 км).
«Іскандэр» можа страляць як балістычнымі, так і крылатымі ракетамі. Для першай з іх сапраўды існуе ядзерная баявая частка — яе макет паказалі на зброевай выставе «Армія-2018». Боегалоўка, паводле ацэнак, можа мець магутнасць ад 5 да 50 кілатон тратылавага эквіваленту. Калі першае значэнне параўнальна невялікае (прыкладна чвэрць магутнасці амерыканскай бомбы «Маляня», якая ўпала на Хірасіму ў 1945 годзе), то боепрыпасам у 50 кілатон можна знішчыць цэлы горад.
Аб ядзернай боегалоўцы для крылатай ракеты Р-500, якая выкарыстоўваецца ў расійскім комплексе, нічога толкам не вядома. Аднак ёсць звесткі, што ракета можа дастаўляць баявую частку масай 480 кілаграмаў — прыкладна столькі ж, колькі ў балістычных ракет «Іскандэр» і ў ракет «Калібр», якія могуць несці ядзерныя боегалоўкі.

tjaz2.jpg

Пускавая ўстаноўка расійскага ракетнага комплексу «Іскандэр-М»
Таму, хутчэй за ўсё, крылатыя боепрыпасы «Іскандэра» змогуць абсталёўвацца прыкладна такімі ж па магутнасці зарадамі, як і балістычныя.
На якую далёкасць змогуць паляцець гэтыя ракеты ў выпадку пуску з Беларусі — пытанне няпростае. Калі зыходзіць з таблічнай далёкасці «Іскандэра» ў 500 кіламетраў, то ў радыусе дзеяння ракет, разгорнутых на захадзе нашай краіны, аказваюцца краіны Усходняй Еўропы: Украіна, Польшча, краіны Балтыі, Славакія, невялікая частка Чэхіі, Венгрыі, Румыніі і Малдовы.
Аднак у тое, што «Іскандэр» можа страляць толькі на 500 кіламетраў, вераць не ўсе. Так, амерыканскае выданне «The New York Times» пісала аб тым, што крылатая ракета для расійскага комплексу — гэта варыянт ракеты «Калібр» з наземным пускам. Улічваючы, што далёкасць «Калібра» ацэньваецца ў 2500 кіламетраў, пад пускі такіх ракет трапляе ўжо практычна ўся Еўропа, акрамя Партугаліі. Зрэшты, гэта інфармацыя не пацверджана.
Пяройдзем да авіяцыі. Асноўныя ракеты класа «паветра-зямля», якія могуць несці Су-25, гэта Х-25 і Х-29. Гэта боепрыпасы малога радыуса дзеяння, і пра ядзерныя баявыя часткі для іх ніколі нічога не было вядома. Тое ж датычыцца і некіравальных авіяцыйных ракет, якія часта прымяняюцца штурмавікамі.
Такім чынам, верагодней за ўсё, са зброі масавага паражэння, якую можна падвесіць пад крыло Су-25, застаюцца свабоднападальныя або карэктуемыя ядзерныя бомбы. Пра гэты від зброі ў Расіі амаль нічога не вядома, аж да таго факту, ці стаяць яны ўвогуле на ўзбраенні (не кажучы ўжо пра канкрэтныя мадэлі). Расійскі сайт «Ваенны агляд» пісаў пра тое, што па ўрыўкавых даных можна выказаць здагадку, што авіяцыя Расіі іх усё ж мае, і назваў мадэлі самалётаў, якія выкарыстоўваюць ядзерныя бомбы, — адным з іх якраз аказаўся Су-25.

Тактычная ядзерная авіябомба РН-24 савецкай вытворчасці магутнасцю 5 кілатон. Фота: militaryrussia.ru

Тактычная ядзерная авіябомба РН-24 савецкай вытворчасці магутнасцю 5 кілатон. Фота: militaryrussia.ru

Раней СССР вырабляў такія боепрыпасы: да прыкладу, РН-24, знятую з узбраення ў 1984 годзе. Паводле адкрытых крыніц, яе магутнасць магла даходзіць ад 5 да 15 ці нават 20 кілатон (гэта значыць прыкладна роўная моцы «Маляняты»). Зноў-такі хопіць для разбурэння цэлага горада.
Што да магчымасці выкарыстання такіх боепрыпасаў, то яна абмежавана толькі далёкасцю палёту самалёта (і дакладнасці СПА). Таблічная далёкасць палёту Су-25 у адзін бок складае 700 кіламетраў (калі бомба будзе карэктуемай, да гэтага можна дадаць яшчэ 20-50 кіламетраў) — гэта значыць пад удар трапляе ўся Усходняя Еўропа і частка Заходняй. Тым не менш цяжка ўявіць сітуацыю, у якой не самы сучасны самалёт спакойна пралятае сотні кіламетраў над тэрыторыяй сумежных краін і яму ніхто не процідзейнічае.
У любым выпадку ядзерная зброя — хоць тактычная, хоць не — уяўляе сабой смяротную пагрозу, ставіцца да якой у свеце будуць максімальна сур'ёзна. І пра наступствы яе вяртання ў Беларусь пакуль можна толькі здагадвацца.