Павел Мацукевіч: Ядзерная зброя для Лукашэнкі — новы важкі аргумент для гандлю з Захадам

Былы дыпламат Павел Мацукевіч у інтэрв'ю «Настоящему времени» расказвае пра тое, хто насамрэч будзе кіраваць ядзернай зброяй у выпадку яе размяшчэння ў Беларусі і навошта ўсё гэта Лукашэнку.

Павел Мацукевіч. Фота: facebook.com/pavelmatsukevich

Павел Мацукевіч. Фота: facebook.com/pavelmatsukevich


— Пуцін кажа, што з Мінскам пра ўсё дамовіліся. Як вы думаеце, ці было гэта сапраўды тое, для апісання чаго можна выкарыстоўваць слова «дамовіліся»? Наогул у Лукашэнкі пыталіся, як вы думаеце?

— Я думаю, што Пуцін выконвае даўнюю мару Аляксандра Лукашэнкі. Лукашэнка не раз публічна шкадаваў, што з Беларусі была выведзена ядзерная зброя — гэта здарылася ў 1996 годзе. Хоць сам Лукашэнка падпісваў вядомы Будапешцкі мемарандум — вось гэтыя гарантыі бяспекі з боку ЗША і Вялікабрытаніі ў абмен на вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. Сам Лукашэнка, што дакладна вядома, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, галасаваў за вывад ядзернай зброі, але яго прэзідэнцкая гісторыя пераканала яго ў тым, што значна больш надзейна мець ядзерную зброю, чым мець нейкія пісьмовыя гарантыі: 2014 год, 2022 год і дапамога Захаду Украіне яго, я думаю, у гэтым пераканалі канчаткова.

Ён змяніў Канстытуцыю — зрабіў гэта яшчэ год таму: у сакавіку мінулага года была прынята абноўленая Канстытуцыя ў Беларусі. І адтуль, што характэрна, знік пункт пра тое, што Беларусь імкнецца да бяз'ядзернага статусу. Тады ўладамі гаварылася: «Глядзіце, мы ж пабудавалі АЭС». І Лукашэнка на гэтай падставе гаварыў, што Беларусь стала ядзернай дзяржавай. Але ўсё гэта даўно выдавала ў ім — і ён гэтага не хаваў — жаданне, каб ядзерная зброя з'явілася на тэрыторыі Беларусі. Для яго гэта гарантыя бяспекі.

«Ядзерная дзяржава» і яе рызыкі

— А ў тых фармулёўках, у якіх пра гэта абвешчана, Беларусь становіцца ядзернай дзяржавай?

— Не, не становіцца. Але Лукашэнка лічыць, што Беларусь становіцца ядзернай дзяржавай. Я думаю, што ні ўлада, ні прапагандысты не будуць рабіць акцэнт на тым, што кіраваць гэтай ядзернай зброяй беларуская ўлада не будзе.

— Гэта значыць, ён не атрымлівае доступу да кіравання гэтай зброяй?

— Мне складана было б уявіць такое развіццё падзей.

— А для Беларусі і непасрэдна для Лукашэнкі гэта стварае нейкія новыя рызыкі?

— Гэта стварае рызыкі, безумоўна, для краіны і цалкам змяняе ўспрыманне Беларусі. Гэта, фактычна, канец цэлай беларускай эпохі, калі Беларусь пазіцыянавала сябе як нейкі донар рэгіянальнай бяспекі, што было якраз небеспадстаўна — з улікам таго, што Беларусь добраахвотна адмовілася ад гэтай ядзернай зброі, вывела яе, валодала досыць сур'ёзным арсеналам. Хоць, зноў жа, пакуль гэта зброя знаходзілася на тэрыторыі Беларусі ў савецкія гады і ў гады незалежнасці, яна не кіравалася беларускімі ўладамі. Гэта значыць, Ельцын фармальна абяцаў кансультавацца з беларускімі ўладамі ў выпадку неабходнасці прымянення ядзернай зброі, але па факце, натуральна, ён пры неабходнасці абышоўся б без кантакту з беларускімі ўладамі.


Увогуле, мы будзем лічыць, што да гэтага моманту вось эпоха Беларусі як нейкага донара рэгіянальнай бяспекі нейкім чынам яшчэ жыла. Хоць зразумела, што з пачаткам расійскай агрэсіі з тэрыторыі Беларусі з гэтым было скончана. Але рашэнне аб размяшчэнні ядзернай зброі — гэта фінальныя цвікі ў гэтую труну.

Ці пакрыўдзіцца Сі Цзіньпін на Уладзіміра Пуціна?

— Я хацеў пагаварыць пра рэакцыю на заяву Пуціна. Літаральна 21 сакавіка, калі ў Маскве быў Сі Цзіньпін, яны падпісалі з Пуціным заяву аб неразмяшчэнні ядзернай зброі па-за межамі нацыянальных тэрыторый. Гэту заяву можна знайсці цяпер на сайце Крамля. Яе каментавала расійскае МЗС, кажуць, што гэта сігнал ЗША. Гэта было менш чым тыдзень таму. Літаральна ў суботу Пуцін сказаў, што адправіць сваю ядзерную зброю ў Беларусь. Як гэта расцэняць у Пекіне?

— Мне складана сказаць. Але я не думаю, што праз Беларусь Пекін будзе ладзіць з Расіяй нейкі вялікі міжнародны скандал. Хоць Кітай фактычна застаецца апошняй апорай суверэнітэту Беларусі. Я нагадаю, што Кітай яшчэ пры падпісанні пагаднення аб устанаўленні дыпламатычных адносін з Беларуссю ў 1992 годзе ўзяў на сябе абавязацельствы падтрымліваць беларускія намаганні, накіраваныя на ўмацаванне гэтай незалежнасці і суверэнітэту. Вядома, размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў выглядзе дадатковага ўзмацнення вайсковай прысутнасці Беларусі, што якраз кажа пра тое, што гэты суверэнітэт, гэтая незалежнасць паступова сыходзіць у бок Расіі. Але я не думаю, што Кітай стане ладзіць праз гэта нейкую вялікую сцэну.

— Вы думаеце, што для Кітая не так важна, што ў аўторак яны дамаўляюцца аб адным, а ў суботу адбываецца зусім іншае?

— Можна ж па-рознаму ўсю гэтую справу трактаваць. З пункту гледжання нейкага ядзернага балансу ў свеце нічога не змянілася. Нейкая частка расійскай тактычнай ядзернай зброі проста перамесціцца на тэрыторыю, якую Расія, відавочна, ужо даўно ўважае за сваю. Вось і ўсё.

Навошта Беларусі ядзерная зброя

— Павел, можа быць, у вас як у былога беларускага дыпламата ёсць інфармацыя пра тое, да чаго рыхтуецца беларускае вайсковае кіраўніцтва ў гэтай частцы? Ці сапраўды яны чакаюць гэтых боегаловак? Як яны наогул будуць забяспечваць бяспеку гэтага аб'екта?

— Такой інфармацыі ў мяне няма. Я ў гэтай тэме зусім некампетэнтны. Я думаю, што беларускае вайсковае кіраўніцтва зробіць тое, што яму будзе даручана зрабіць.

У дадзеным выпадку беларускі бок выступае не зусім суб'ектам дзеянняў. Гэта трэба дакладна разумець. Так, спаўняецца мара Аляксандра Лукашэнкі, так, ён яе не хаваў, гаварыў пра гэта шмат публічна. Але Расія дзейнічае ў сваіх інтарэсах.

І праблема для Беларусі палягае ў тым, што ствараюць дадатковыя рызыкі для Беларусі. Узнікае рызыка прэвентыўнага ўдару па Беларусі, калі на яе тэрыторыі апынецца гэтая зброя.


— А Лукашэнка гэта разумее?

— Ён ацэньвае гэта са свайго пункту гледжання, паўтаруся. Дрэнны той тыран або дыктатар, які не марыць пра ядзерную зброю. Гэтая мара спраўджваецца. Для яго гэта гарантыя бяспекі, для яго гэта большая гарантыя бяспекі, чым Будапешцкі мемарандум. Трэба ўзгадаць, што беларускія ўлады за ўсю сваю гісторыю ў перыяд санкцыйнага ціску кожны раз успаміналі Захаду гэты Будапешцкі мемарандум — маўляў, яны падвяргаюць рызыцы бяспеку Беларусі.

Ну вось, цяпер у беларускіх улад з'яўляецца магчымасць выпрабаваць іншыя гарантыі бяспекі — менавіта ядзерную зброю. Вось былі непрацуючыя пісьмовыя гарантыі, што, цалкам відавочна, з'яўляецца праўдай. Цяпер з'яўляецца ядзерная зброя. У яго псіхалогіі, яго разуменні гэта гарантыі бяспекі. Але ў дадзеным выпадку, як і ў многіх іншых, інтарэсы ўлады дыяметральна разыходзяцца з інтарэсамі Беларусі.

— Павел, вы гаворыце пра гарантыі бяспекі для Лукашэнкі. Але, па-мойму, значна большую небяспеку для яго ўлады ўяўляе менавіта Расія.

— Гэта безумоўна. Але гэта асобны трэк. Пра гэта ён, можа быць, думае па няцотных днях на тыдні. Я не ведаю, якія думкі цяпер блукаюць у яго галаве. Выбудоўваючы адносіны з Кітаем, ён, вядома, спрабуе некаторым чынам адсунуцца ад Расіі, знізіць як мінімум сваю гандлёва-эканамічную залежнасць ад яе, або крэдытную, або інвестыцыйную і гэтак далей.

Вы ж яшчэ зразумейце, што, можа быць, ён успрымае з'яўленне ядзернай зброі як нейкі новы важкі аргумент у яго партфелі для магчымага гандлю з Захадам. Таму што ў нейкай далёкай будучыні гэта можа [абярнуцца]: «А што я атрымаю за вывад расійскай ядзернай зброі з беларускай тэрыторыі?»

Гэта новы важкі аргумент у яго партфелі, які, можа быць, складана будзе задзейнічаць цяпер: цяпер іншыя мэты, іншыя задачы. Усё-ткі ідзе вайна, Беларусь цалкам выразна ўпісана ў вялікі рэгіянальны канфлікт з непрадказальнымі наступствамі. І ён думае, што новая тактычная ядзерная зброя — гэта тое, што ўзмацняе яго бяспеку і абараназдольнасць. Гэта спосаб яго ціску на суседзяў: на Літву, на Польшчу, якія будуць адчуваць сябе ў гэтых новых рэаліях менш упэўнена.