«Замежнае вайсковае фармаваньне зьяўляецца палітычным гульцом і можа адыграць важную ролю ў лёсе дыктатара»
Абгрунтоўваючы намер Пуціна размясьціць на тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю, і крамлёўскія, і лукашэнкаўскія прапагандысты пачалі спасылацца на амерыканскія базы з ядзернымі боегалоўкамі на тэрыторыі некаторых краінаў Заходняй Эўропы. Публіцыст Сяргей Навумчык у сваім блогу на «Радыё Св*бода» тлумачыць, чаму гэткі аргумэнт не працуе.
Калі ў Нямеччыне ёсьць амэрыканская атамная зброя, чаму б у Беларусі ня быць расейскай? Такая аналёгія сапраўды дазваляе зрабіць пэўныя параўнаньні, але будуць яны не на карысьць афіцыйнага Менску.
Пакінем убаку чыста вайсковы аспэкт. Паглядзім, якія асаблівасьці палітычнага жыцьця выяўляюць гэтыя параўнаньні.
Сёньня амэрыканская ядзерная зброя захоўваецца на тэрыторыі Нямеччыны, Італіі, Бэльгіі, Нідэрляндаў і Турэччыны. Так, у Нямеччыне каля двух дзесяткаў боегаловак захоўваюцца на авіябазе ў Бюхелі (зямля Рэйнланд-Пфальц, на мяжы з Бэльгіяй, Францыяй і Люксэмбургам). Ці зьяўляецца наяўнасьць амэрыканскіх вайсковых базаў, у тым ліку і сховішча ядзернай зброі, фактарам унутранай палітыкі? Адмаўляць гэта было б няслушна. Вакол гэтых базаў час ад часу адбываюцца пікеты і маніфэстацыі пацыфістаў і актывістаў зялёнага руху, тэма ядзернай зброі на нямецкай зямлі трывала прапісалася ў палітычных дыскусіях і ў Бундэстагу, і ў прэсе.
Але лёс ядзерных боегаловак цалкам залежыць ад жаданьня нямецкага народу. Калі б большасьць немцаў рашуча пажадала гэтай зброі пазбыцца і выказала адпаведную пазыцыю на выбарах, правёўшы ў парлямэнт дастатковую для прыняцьця палітычнага рашэньня колькасьць дэпутатаў, Бундэстаг прыняў бы адпаведны закон, які давялося б выконваць.
Калі пазбаўленьне ядзернай зброі — воля народу
Між іншым, падобнае адбылося і ў Беларусі больш як трыццаць гадоў таму. Вясной 1990 году, на першых адносна дэмакратычных выбарах у Вярхоўны Савет Беларусі, «атамная» тэма прысутнічала ва ўсіх без выключэньня праграмах кандыдатаў у дэпутаты — як з БНФ, так і камуністаў. Найперш, канешне, у зьвязку зь ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але і пытаньне ядзернага ўзбраеньня на тэрыторыі БССР падымалася — і празь некалькі месяцаў мэта зрабіць тэрыторыю рэспублікі бязьядзернай зонай была запісаная ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце практычна аднагалосна.
Пасьля здабыцьця незалежнасьці дыскусіі адносна вываду ядзернай зброі вяліся ў рэчышчы тэрміну і ўмоваў вываду: як вядома, лідэр БНФ Зянон Пазьняк раіў не сьпяшацца, з улікам магчымай пагрозы імпэрскага рэваншу Расеі. Іншыя былі незадаволеныя, што зброя будзе выведзеная без належнай матэрыяльнай кампэнсацыі. Міністар замежных справаў Пётра Краўчанка даказваў дэпутатам, што, наадварот, вывад зброі без усялякіх папярэдніх умоваў вельмі высока ўздыме міжнародны аўтарытэт Беларусі. За тое, каб не адкладаць вывад зброі, выступаў старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.
Саму ж неабходнасьць бязьядзернага статусу не аспрэчваў, наколькі памятаецца, ніхто, бо настроі абсалютнай большасьці грамадзтва былі не на карысьць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі атамнага арсэналу.
Як вядома, у 1993 годзе Вярхоўны Савет прыняў усе неабходныя рашэньні, а ўвосень 1996-га тэрыторыю Беларусі пакінула апошняя ядзерная боегалоўка. І Аляксандар Лукашэнка быў вельмі стрыманы ў выказваньні шкадаваньня: гучна заяўленае жаданьне ўтрымаць ракеты не было б успрынятае грамадзтвам, ад якога ў той час (хаця ўсё менш і менш) нешта ў ягоным палітычным лёсе ўсё ж залежала.
Калі ад народу не залежыць нічога
АЭС у Астраўцы Лукашэнка пабудуе ўжо тады, калі ад грамадзкай думкі ў Беларусі ня будзе залежаць нічога. І зьвярніце ўвагу: за ўсе дні, што мінулі пасьля заявы Пуціна, вяртаньне ў Беларусь ядзернай зброі не зрабілася тэмай абмеркаваньня на сэсіях абедзьвюх палатаў так званага беларускага парлямэнту. Лёсавызначальнае, у самым прамым сэнсе, пытаньне жыцьця і сьмерці дэпутатаў ніякім чынам не цікавіць? Мяркую, як людзей цікавіць, вядома. Але яны самі ведаюць вартасьць сваіх дэпутацкіх мандатаў, як і рэальную вагу заканадаўчай улады ў краіне, дзе ўлада пэрсаніфікаваная ў адной асобе.
Каго баіцца нямецкі канцлер і каго — дыктатар
Калі працягнуць параўнаньні зь Нямеччынай, можна заўважыць, што прысутнасьць амэрыканскіх вайскоўцаў не нясе ніякай палітычнай пагрозы. Ні для нямецкага народу, ні, да прыкладу, для фэдэральнага канцлера.
Немагчыма ўявіць, каб на Бэрлін рушылі калёны амэрыканскай бранятэхнікі і канцлер быў захоплены ў сваёй рэзыдэнцыі амэрыканскім дэсантам. Палітычны лёс канцлера, ягонай партыі, зрэшты, як і лёс палітычных лідэраў у дэмакратычных краінах, залежыць ад волі выбарнікаў. У гэтым сэнсе мірнае шэсьце настаўнікаў ці мэдыкаў з патрабаваньнем падняць заробкі пагрозу якраз нясе, асабліва перад выбарамі.
Іншая справа — аўтакратычныя рэжымы, пры якіх замежныя вайсковыя базы, як правіла, належаць дзяржавам, ад якіх мясцовы дыктатар знаходзіцца ў большай ці меншай залежнасьці. І замежнае вайсковае фармаваньне зьяўляецца палітычным гульцом і можа пры патрэбе адыграць важную ролю ў лёсе дыктатара. Можа выратаваць яго, а можа і зьнішчыць.
Захоўваньне ядзерных боегаловак — гэта ня толькі памяшканьні з адпаведнымі інжынэрнымі камунікацыямі і спэцыяльным абслугоўваньнем. Гэта яшчэ і адпаведны ўзмоцнены рэжым аховы. А значыць, трэба чакаць дадатковых расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў, падрыхтаваных максымальна сур’ёзным чынам.
Тут якраз прамая паралель зь Нямеччынай цалкам дарэчы: амэрыканскія ядзерныя боегалоўкі на базе ў Бюхелі ахоўвае амэрыканскае спэцыяльнае вайсковае падразьдзяленьне.
Натуральна ж, расейскія фармаваньні ня будуць абавязаныя ставіць у вядомасьць улады ў Менску пра свае дзеяньні, у тым ліку і пра перамяшчэньні ў кірунку пагрозы. А пагрозу для сваёй ядзернай зброі Масква можа ўбачыць у чым заўгодна. І ў кім заўгодна.