«Крыўдна, што ворагі, якіх падверглі ўяўным ядзерным ударам, гэтых удараў не заўважылі»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» аналізуе вынікі таго, як саюзнікі мераліся арсеналамі. І мяркуе пра шчаслівы для саюзнікаў выпадак, калі ворагі не заўважылі гэтых спаборніцтваў і вербальных інтэрвенцый. А тое магло і прыляцець — прэвентыўна.
Учора саюзнікі мераліся... Ну, хай будзе арсеналамі. І ведаеш, у малодшага хаўрусніка мерацца чужым арсеналам атрымалася неяк больш задорна, чым у Пуціна ўласным. Гэта насамрэч нічога не кажа пра жвавасць малодшага хаўрусніка. Але шмат кажа пра адарванасць ад рэальнасці Пуціна. Вось на яго фоне нават малодшы саюзнік глядзеўся бадзёра.
Хоць вельмі можа быць, што малодшы саюзнік і праўда ўзбадзёрыўся. Што яго акрыліла перспектыва свайго новага ядзернага статусу. Уявіў, як будзе трэсці ядзернай бомбай у бок суседзяў, і здароўя адразу дадалося. Як у таго вампіра, які адчуў пах свежай крыві. Ну а як не ўзбадзёрыцца, калі яго будучая бомба большая магутная за тую, што была ў Хірасіме, і забіць ён ёю можа адразу мільён чалавек? Гэта ж табе не дзяўчынак з кветачкамі разганяць. Гэта ж сусветны маштаб! Разумець трэба!
Бомбы, праўда, пакуль няма, але ва ўяўленні яна ўжо ляжыць у засеках. І гэтую ўяўную бомбу беларускія ўлады ў сваім уяўленні гатовы скінуць на ўсіх ворагаў адразу. А можа, дарэчы, ужо і скінулі. І нават не па адным разе. Уяўленне — яно такое. Усё сцерпіць. Нават ядзерныя бамбардзіроўкі.
Пакуль, праўда, толькі тактычныя. Таму што стратэгічнай ядзернай зброі камусьці пакуль не трэба. Было б трэба, абзавёўся б і стратэгічнай, але пакуль не трэба. Так учора і сказаў, што не трэба. «Я што, з Амерыкай збіраюся ваяваць? Не. Таму мне пакуль дастаткова гэтага».
Вось, напэўна, у Амерыцы пасля гэтых слоў уздыхнулі з палёгкай. Таму што яны ж начамі не спалі, усё думалі, што беларускія ўлады збіраюцца з імі ваяваць. А яны, аказваецца, не збіраюцца. І адразу ўся канцэпцыя амерыканскай нацыянальнай бяспекі зайграла новымі фарбамі.
Трохі крыўдна, што ворагі, якіх падверглі ўяўным ядзерным бамбаванням, гэтых бамбаванняў не заўважылі. Але яны і пуцінскія вербальныя інтэрвенцыі ігнаравалі. А ў Пуціна ядзерная бомба ўсё ж такі не ўяўная, а цалкам сабе сапраўдная.
Але насамрэч саюзнікам, вядома, вельмі пашанцавала, што іх вербальныя інтэрвенцыі перасталі ўспрымаць сур'ёзна. Хоць з ядзерным арсеналам, хоць без яго. Таму што ядзерная бомба ёсць пакуль толькі ў багатым уяўленні, а ворагі цалкам сабе сапраўдныя. І калі гэтыя ворагі вырашаць, што беларускія ўлады занадта загуляліся са сваім будучым ядзерным статусам, то могуць жа прымяніць і прэвентыўныя меры. Не чакаючы, пакуль у бадзёрай каровы з'явяцца рогі.