«Я што, з Амерыкай збіраюся ваяваць?» Лукашэнка кажа, што кіраваць ядзернай зброяй у Беларусі будзе ён

Лукашэнка падчас паездкі ў Мінскую вобласць пракаментаваў магчымае размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Ён падкрэсліў, што размяшчэнне ядзернай зброі ў нашай краіне было яго просьбай і настойлівым патрабаваннем да Расіі. Нібыта гэта робіцца для гарантый бяспекі.

1625826917_9_kartinkin_com_p_yadernii_vzriv_art_art_krasivo_9_1_logo_1.jpg


У Лукашэнкі карэспандэнты спыталі, навошта ў Беларусі ядзерная зброя. «Расія ні да чаго не імкнецца. Не ў Расіі справа», — адказаў Лукашэнка.

Паводле яго, размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі было яго просьбай і настойлівым патрабаваннем да расійскага боку, каб гарантаваць бяспеку Беларусі.

«Навошта гэта трэба? Каб ні адна нага нейкіх свалачэй не ішла больш на беларускую зямлю», — сказаў ён. «І адказ будзе неадкладным. Я гэта загадзя гаварыў ужо некалькі разоў», — дадаў ён.

Падкрэсліўшы значную магутнасць той ядзернай зброі, якая будзе размешчана ў Беларусі, Лукашэнка заявіў: «Я думаю, наўрад ці камусьці захочацца ваяваць з краінай, у якой ёсць такая зброя. Гэта зброя стрымлівання».


Ён пры гэтым абмовіўся, што не бачыць неабходнасці размяшчэння стратэгічнай ядзернай зброі, хоць раней ужо заяўляў, што загадваў падрыхтаваць пляцоўкі для «Таполяў».

«Навошта мне стратэгічнае, тыя ж “Таполі”?.. Хоць мы зараз рыхтуем пляцоўкі і пад гэтыя ўзбраенні. Яны ўсе жывыя-здаровыя, акрамя адной. Таму калі трэба, мы ў любы момант... Але “Таполя” — гэта міжкантынентальная ракета. Я што, з Амерыкай збіраюся ваяваць? Не. Таму мне пакуль дастаткова гэтай зброі», — сказаў ён.

Лукашэнка таксама распавёў, што адной з яго прапаноў было ўзброіць ядзернымі боегалоўкамі беларускія РСЗА «Паланэз», але гэта аказалася складаным.

Лукашэнка кажа, што ніякага вагання ў прымяненні ядзернай зброі ў яго не будзе. «Не дай бог, мне давядзецца прымаць рашэнне на прымяненне гэтай зброі ў наш час. Але ніякага вагання не будзе, калі толькі супраць нас будзе агрэсія», — сказаў Лукашэнка, нібыта гэта ён будзе прымаць рашэнне пра ядзерны ўдар.

Трэба адзначыць, што ў падобным ключы Лукашэнка выказваецца не ўпершыню. Неўзабаве пасля абвяшчэння Пуціна пра намер размясціць у Беларусі ядзерную зброю Лукашэнка заяўляў, што гэта была яго ініцыятыва і нават казаў пра сумесны кантроль над ТЯЗ. Праўда, у выніку пры падпісанні дакументаў аб размяшчэнні зброі ў Беларусі міністр абароны Сяргей Шайгу асабліва падкрэсліў, што кантроль за зброяй і рашэнне аб яго ўжыванні застаецца за Расіяй.

У кулуарах саміту АЭС Лукашэнка прызнаваўся, што не ведае, ці пачалося перамяшчэнне зброі ў краіну, нават абяцаў паехаць праверыць. У выніку ў мінулую пятніцу Уладзімір Пуцін канкрэтызаваў тэрміны перавозкі ТЯЗ у Беларусь. Гэта адбудзецца пасля 7-8 ліпеня. У гэтыя дні чакаецца завяршэнне работ па падрыхтоўцы месцаў захоўвання.