Ягор Лебядок: Пасля Беларусі і Украіны ўплыў Крамля нацэліцца на Польшчу
Размова не ідзе пра захоп тэрыторыі, але пра спробу ў аддаленай перспектыве «ператварыць Польшчу ў Беларусь» — у ідэйна блізкую буферную дзяржаву.
Такім меркаваннем ваенны эксперт Ягор Лебядок падзяліўся ў эфіры ўкраінскага ютуб-канала BalaganOFF. Ён сказаў, што ў канцэпцыі абароннай палітыкі Беларусь — ужо расійскі плацдарм. Наступны этап — Польшча і Балтыя.
«І палякі гэта разумеюць. НАТА не разумее, яны могуць зразумець на словах, але не адчуць. Палякі гэта могуць адчуць, яны там былі. Вы [Украіна] можаце, прыбалты могуць.
Гэта наступны крок, які трэба будзе развіваць Расіі — далей і далей. Яны пакуль думаюць у кантэксце чыстай геапалітыкі, вайны чацвёртага пакалення: мы танкі рухаем, таму нам патрэбен буфер.
Яны не імкнуцца захапіць Польшчу, але каб Польшча стала цяперашняй Беларуссю. Фармальна, намінальна незалежнай. Можа, нейкіх пары баз, можа і не быць. Але там дакладна не павінна быць войскаў НАТА, там павінна быць дакладна сваё слабое войска і палітыка, блізкая да ідэй, якія патрэбныя Расійскай Федэрацыі».
Вядучы запярэчыў: «Ты разумееш, што гэтага не будзе ніколі?»
«Ніколі не кажы ніколі, — адказаў Ягор Лебядок. — Калі ў цябе мэта стратэгічная, усім здаецца, што яна недасяжная, усё плююцца — "гэта ўсё глупства". Калі ты думаеш на гадоў 25-30, а можа і 50, як Кітай, усім смешна: "Ай, калі гэта будзе". Але гэта "калі" ўсё роўна прыходзіць.
Цяпер гэта здаецца сапраўды складаным, але заўтра-паслязаўтра, калі ў іх будзе комплекс мер ісці (а пакуль ён ідзе), то гэта магчыма. Тым больш цяпер гэта прасцей — не трэба нават пасылаць войскі, можна проста парушаць жыццё-быццё бюргераў. Немцам і французам гэтая Польшча, Украіна і Беларусь прабачце, да аднаго месца.
Ствараеш сусветны крызіс (а некалькім краінам гэта пад сілу). Не чыста эканамічна — напрыклад, абвальванне сваіх акцый — а комплекс мер, у тым ліку кібер-аперацый, сілавых і палітычных.
Наступная вайна будзе планетарнага маштабу, але за дробныя мэты. Умоўна кажучы, ты хочаш захапіць кавалак Украіны, зрабі хаос па ўсім свеце, каб усім было не да цябе. Папярэдне падрыхтуйся да гэтага хаосу. Расіі трымаць свой народ, нават калі ўмовы пагоршацца ў 2-3 разы, значна прасцей, чым палякам, прыбалтам, тым больш французам.
Калі гэта будзе хаос паўсюдны, усім будзе глыбока пляваць: хтосьці загіне — "ды чорт з імі, нам бы эканоміку аднавіць".
У Расіі разуменне, што нельга трымаць вялікую краіну без жорсткіх рукавіц, бо будзе хаос і анархія. А згуртаванасці не атрымліваецца, таму што яна выразаецца. У Беларусі выразаюцца любыя фонды, данаты — у Расіі тое ж самае. Без грамадзян грамадства няма кантэксту згуртаванасці і дагавораздольнасці. Уся філасофія расійскай дзяржавы ўперлася ў пашырэнне, еўразійства».
thinktanks.by