Еўрасаюз нарэшце ўзгадніў 11-ты пакет санкцый супраць Расіі. Ці трапяць пад іх беларусы?
Новы пакет санкцый найперш уключае ў сябе меры супраць абыходу раней уведзеных абмежаванняў, а таксама ўключэнне ў санкцыйны спіс новых фізічных і юрыдычных асоб. Паводле папярэдніх даных, пад санкцыі трапяць 70 чалавек і 30 кампаній, сярод іх тыя, хто мае дачыненне да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію.
Амбасадары краін ЕС узгаднілі 11-ты пакет санкцый супраць Расіі, паведаміла ў Twitter прадстаўніцтва Швецыі, якая старшынюе ў Савеце Еўропы. Ён быў прыняты пасля амаль двухмесячных перамоў.
Таксама, паводле амбасадара, расійскім грузавым прычэпам будзе забаронена перасякаць мяжу з Еўрасаюзам.
Раней паведамлялася, што ў рамках новага пакета, у прыватнасці, плануюць увесці абмежаванні супраць дзясяткаў кампаній з розных краін, якія дапамагаюць Расіі абыходзіць санкцыі.
Папярэдні пакет санкцый ЕС супраць Расіі быў прыняты 25 лютага. Тады пад абмежаванні трапіла 96 арганізацый.
Таксама раней паведамлялася, што гэтым разам у спіс санкцый прапануюць уключыць двух беларускіх чыноўнікаў.
Адзін з іх — Уладзімір Марозаў, начальнік Беларускай чыгункі. Ён, як сцвярджаецца, падтрымліваў разгортванне і транспартаванне расійскага вайсковага персаналу і тэхнікі, якія ўдзельнічалі ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны, таму нясе адказнасць за падтрымку і рэалізацыю дзеянняў і палітыкі, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны.
Другі — Дзмітрый Пантус, старшыня Дзяржаўнага ўпраўлення ваеннай прамысловасці Беларусі, якое распрацоўвае і абслугоўвае ўзбраенне, садзейнічае вытворчасці зброі на падведамасных прадпрыемствах, забяспечвае вайскова-прамысловую кааперацыю, ажыццяўляе нагляд за перамяшчэннем зброі праз дзяржаўную мяжу і забяспечвае навігацыю расійскага войска. На сваёй пасадзе Дзмітрый Пантус аказвае ваенную падтрымку Расіі ў яе агрэсіўнай вайне супраць Украіны.